З душой, чуйнай да дзяцей

- 10:57Людзі адукацыі

Маршрут “дом – работа” Г.Ф.Старожык ведае выдатна. Здаецца, што прайшла б яго з закрытымі вачыма. Да ясляў-сада № 5 Маларыты, дзе Галіна Фёдараўна працуе загадчыцай ужо 27 гадоў, адлегласць невялікая, таму амаль увесь свой вольны час, асабліва ў цёплую пару года, жанчына праводзіць там.

— На рабоце, здаецца, і жыву, — усміхаецца Г.Ф.Старожык. — Дзіцячы сад для мяне — як яшчэ адно любімае і роднае дзіця. Самае малое, але выпешчанае, таму такое дарагое і блізкае сэрцу. Яму і аддаю тое, што магу. Дзеці для мяне на першым месцы. Дзеля іх трэба ахвяраваць сабой і сваім часам.

Выхавальнікі ясляў-сада не перастаюць здзіўляцца ініцыятыўнасці свайго кіраўніка, які адначасова з’яўляецца і дызайнерам, і афарміцелем тэрыторыі, і натхняльнікам розных мерапрыемстваў. Дзіўна было б, каб Галіна Фёдараўна хоць раз сказала, што нейкая работа не для яе, загадчыцы ўстановы. Ніякай не цураецца. Калі заўважае нейкія недахопы, то ціха выпраўляе іх сама, не крытыкуючы і не саромячы. Усё, што і як трэба зрабіць, абавязкова паказвае на ўласным прыкладзе. Многія бацькі да сённяшняга часу памятаюць, як Галіна Фёдараўна з калегамі некалькі гадоў назад укладвала на тэрыторыі ўстановы… тратуарную плітку. Загадчыца і кусты падрэжа, і клумбу перакапае, а калі трэба, то і веранду на ўчастку адрамантуе.

Г.Ф.Старожык лічыць, што імідж установы адукацыі пачынаецца з уваходу на яе тэрыторыю і складаецца з намаганняў усіх, хто там працуе. “Гаспадарлівасць павінна быць ва ўсім і заўсёды, а пільнае і ўважлівае вока ніколі не перашкодзіць і не пашкодзіць арганізацыі адукацыйнага працэсу”, — упэўнена Галіна Фёдараўна.

— Здаецца, і волас з галавы не ўпадзе, каб не заўважыла загадчыца, — кажуць падначаленыя пра свайго кіраўніка. — Яна ў нас усюды і заўсёды. Тым не менш Галіны Фёдараўны зашмат не бывае. Яна не надакучвае, не прыдзіраецца, не павышае голасу, не павучае на кожным кроку. Усмешка рэдка пакідае яе вусны. Галіна Фёдараўна заўсёды там, дзе неабходны дапамога, парада, падказка.

Нездарма калектыў паважае свайго кіраўніка, вельмі ганарыцца ім, цягнецца да яго і называе чалавекам мудрым, разважлівым, памяркоўным, творчым і ўлюбёным у сваю справу.

— Жыццёвым хітрынкам вучылася ў сваіх бацькоў, — гаворыць Г.Ф.Старожык. — Яны для мяне непераўзыдзеныя аўтарытэты. Прымаючы нейкія рашэнні, успамінаю словы бацькоў: “Жыві заўсёды, дачушка, толькі па сумленні і так, каб не было сорамна ні перад Богам, ні перад людзьмі! Памятай, што дабро адгукаецца дабром. І не шукай пахвалы людской. Рабі так, каб заслужыць узнарагоду, але ніколі яе не чакай!”

Г.Ф.Старожык пасля заканчэння школы марыла паступіць ва УВА, але адразу гэтая мара не ажыццявілася. Каб не марнаваць часу, Галіна Фёдараўна ўладкавалася ў мясцовы саўгас. Затым некалькі гадоў працавала на Маларыцкім кансерваваагароднінасушыльным камбінаце. У педагогіку Г.Ф.Старожык прыйшла амаль 40 гадоў назад. Пачынала з дзіцячага садка ў вёсцы Дарапеевічы. Адначасова вучылася ў тагачасным Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна. Але працаваць па атрыманай спецыяльнасці настаўніцы пачатковых класаў не стала, бо падабаліся малыя дзеці. Менавіта іх выхаванню Галіна Фёдараўна хацела прысвяціць прафесійнае жыццё. На стараннага і адказнага маладога спецыяліста хутка звярнулі ўвагу.

— Спачатку думала, што не атрымаецца з мяне кіраўнік, — прызнаецца Г.Ф.Старожык. — Вопыту не было, не хапала неабходных ведаў. Але цяжкасцей не баялася, бо ведала, што дзякуючы ўпартай штодзённай працы іх заўсёды можна пераадолець. Да любой даручанай справы ставілася і стаўлюся адказна. Перад тым як прыняць нейкае важнае рашэнне, трэба ўсебакова яго ўзважыць, абдумаць, абмеркаваць з калегамі, параіцца з бацькамі дзяцей.

Дзень за днём ішлі працоўныя будні, паступова набываўся вопыт, адшліфоўвалася майстэрства, адбывалася ўзыходжанне на педагагічны алімп, прыходзіла разуменне свайго прызначэння. Гэта цяпер у Галіны Фёдараўны ўсё гладка ў педагагічнай дзейнасці. А раней было па-рознаму. І не толькі ўзлёты радавалі, але засмучалі і падзенні. Аднак Г.Ф.Старожык ніколі не апускала рукі, не збочвала з выбранага шляху. У яе заўсёды быў і ёсць надзейны компас — выхаванцы і іх бацькі, якія сталі надзейным арыенцірам у прафесійным жыцці.

— Дзеці надзвычай чуйна на ўсё рэагуюць, — гаворыць Галіна Фёдараўна. — Ніякага фальшу не трэба дапускаць у рабоце. Дзецям заўсёды павінна быць камфортна і ўтульна ў садку, як дома, а бацькі павінны быць упэўнены, што іх дзіця дагледжана, накормлена, цікава і карысна праводзіць час. Дзеля гэтага і працуюць педагогі.

Дзеці любяць Галіну Фёдараўну, якая да кожнага ўмее знайсці падыход. А калі ва ўстанове працуе адаптацыйная пляцоўка, заўсёды бывае там некалькі разоў на дзень. Не таму, што не давярае, проста хочацца зазірнуць. Да чаго Г.Ф.Старожык не датыкнулася б, усё і заўсёды робіць шчыра і сумленна, укладваючы ў справу прыгажосць душы і бязмежнае сэрца.

Галіна Фёдараўна не стаіць на месцы, прафесійна развіваецца, засвойвае перадавыя і прагрэсіўныя методыкі і тэхналогіі, актыўна ўкараняючы іх у работу. За шматгадовую працоўную дзейнасць у Г.Ф.Старожык назбіралася шмат узнагарод рознага ўзроўню, але не іх яна лічыць галоўным у жыцці. Калі сустракае ў горадзе маладых людзей, якія кажуць “Добры дзень, Галіна Фёдараўна!”, сэрца ахоплівае неверагодная радасць. Загадчыца не заўсёды пазнае ў іх былых выхаванцаў — плаксівых, шумных, гарэзлівых і непаседлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія выраслі, узмужнелі і змяніліся. Увага і добрае слова — гэта і ёсць самая галоўная і каштоўная ўзнагарода, якая сведчыць, што цябе памятаюць і паважаюць. Ці не ў гэтым сэнс чалавечага жыцця?

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.