З гісторыка — у блогеры

- 11:38Людзі адукацыі

Урокі Аляксея Леанідавіча ПАРХОМЕНКІ, выкладчыка гісторыі гімназіі № 3 Барысава, заўсёды праходзяць амаль у цішыні: падчас вывучэння новай тэмы чуваць толькі педагога. Амбіцыйны, крэатыўны, захоплены прадметам і, зрэшты, малады і цікаўны, настаўнік імкнецца будаваць свае ўрокі так, каб падчас іх вучні выходзілі на правільны тэматычны дыялог адно з адным. Дзякуючы гэтаму, матэрыял засвойваецца больш лёгка і хутка.

Магчыма, гэта прагучыць банальна, але будзе праўдай: асобу Аляксея Пархоменкі прымаўка “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” характарызуе найлепшым чынам. Педагог скончыў школу ў Барысаве. А дзякуючы настаўніцы, якая выкладала гісторыю, захапіўся гэтым прадметам і зразумеў, што таксама хоча яго выкладаць.

“Менавіта дзякуючы настаўніцы сярэдняй школы № 18 Наталлі Генадзьеўне Кондзік я палюбіў гісторыю і зацікавіўся грамадскімі навукамі, — расказвае Аляксей Леанідавіч. — Таму ў 11 класе, калі аднакласнікі яшчэ думалі над тым, куды паступаць, я ўжо дакладна ведаў, кім буду”.

У 2013 годзе Аляксей Пархоменка паступіў на гістарычны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Лекцыі і практычныя заняткі выклікалі ў студэнта вялікую цікавасць, а выкладчыкі, якія бездакорна даносілі інфармацыю па профільных прадметах, падштурхнулі маладога чалавека да навуковай дзейнасці.

“Пасля таго, як паступіў ва ўніверсітэт і пачаў наведваць заняткі, я яшчэ больш захапіўся гісторыяй, — працягвае Аляксей Леанідавіч. — Гісторыя не можа быць не цікавай. Але, безумоўна, ёсць тыя тэмы, што зацягваюць больш за ўсё. Сфера маіх навуковых інтарэсаў — роля сучасных інфармацыйных рэсурсаў у даследаванні вайны 1812 года на беларускіх землях. На студэнцкай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі ў 2016 годзе я выступаў з дакладам “Выкарыстанне сеткі інтэрнэт у гістарычных даследаваннях: гістарыяграфія этапу станаўлення”.

Акрамя студэнцкіх канферэнцый, А.Пархоменка ўдзельнічаў таксама ў рознаўзроўневых навукова-практычных мерапрыемствах і мае шэраг навуковых публікацый.

Заканамерна, што калі будучы педагог імкнецца да таго, каб пашыраць свае веды, то яго ўрокі будуць максімальна напоўнены цікавым кантэнтам, а вучні — валодаць не толькі фактамі, апісанымі ў падручніках, але і новай, свежай інфармацыяй.

Пасля заканчэння ў 2017 годзе БДПУ імя Максіма Танка і атрымання дыплома настаўніка гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін Аляксей Пархоменка адразу пачаў педагагічную дзейнасць на пасадзе настаўніка гісторыі і грамадазнаў­ства ў гімназіі № 3 Барысава, а таксама паступіў у магістратуру БДПУ імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Айчынная гісторыя”, сумяшчаючы педагагічную дзейнасць у гімназіі з навуковай у магістратуры. У 2018 годзе кіраўніцтва гімназіі аб’явіла маладому педагогу падзяку за высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць у сферы адукацыі і вялікі асабісты ўклад у работу навучальнай установы.

У сваёй педагагічнай дзейнасці педагог актыўна выкарыстоўвае прыёмы і метады праблемнага навучання, а таксама інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для павышэння ў вучняў матывацыі да вучобы і актыўнасці на ўроку.

Год назад малады гісторык паспяхова скончыў магістратуру: яму была прысвоена ступень магістра гістарычных навук, а таксама другая кваліфікацыйная катэгорыя. А ўжо ў красавіку — маі бягучага года А.Пархоменка ўдзельнічаў у раённым фестывалі педагагічнага майстэрства “Метадычная вясна — 2020”, які накіраваны на прасоўванне ў інфармацыйна-адукацыйнай прасторы перадавога педагагічнага вопыту, арыгінальных педагагічных ідэй і распрацовак маладых педагогаў. Падчас фестывалю Аляксей Леанідавіч прадставіў свой вопыт у секцыі “Медыякейс маладога настаўніка”. Аляксей Пархоменка стварыў і вядзе ўласны блог, які з’яўляецца стымулам для самаразвіцця педагога, а таксама сведчыць аб высокім узроўні яго інфармацыйнай культуры. Дарэчы, менавіта такіх настаўнікаў, сучасных і інфармацыйна падкаваных, вельмі любяць дзеці.

“У сваім артыкуле “Блог, мультымедыйная прэзентацыя і тэсціруемая камп’ютарная праграма ў дзейнасці настаўніка” я абапіраюся на ўласныя практычныя распрацоўкі, а таксама паказваю магчымасці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у педагагічным працэсе”, — тлумачыць настаўнік.

Разглядаючы ролю медыяпрэзентацый на ўроках гісторыі, А.Пархоменка прыходзіць да высновы, што яны разлічаны на любы тып успрымання інфармацыі: “На адным слайдзе можа знаходзіцца найбольш запамінальная інфармацыя для кожнай катэгорыі навучэнцаў: візуалаў, аўдыялаў, кінестэтыкаў і дыскрэтаў. Але хачу папярэдзіць, што празмернае захапленне мультымедыйнымі тэхналогіямі без адпаведнай метадычнай падрыхтоўкі можа прыводзіць да педагагічных памылак, што зніжаюць эфектыўнасць іх прымянення. Што тычыцца ролі камп’ютарных тэстаў на ўроках гісторыі, лічу, што гэта адзін з эфектыўных метадаў кантролю ведаў, які дазваляе настаўніку выявіць фактычныя, тэарэтычныя веды вучняў і ацаніць іх за даволі кароткі час. Безумоўна, у тэстаў ёсць і адмоўныя бакі: яны не ўлічваюць індывідуальныя асаблівасці вучня”.

Па выніках фестывалю А.Пархоменка атрымаў дыплом пераможцы ў намінацыі “Медыякейс маладога настаўніка”. А ў жніўні, напярэдадні гэтага навучальнага года, быў узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Барысаўскага раёна за добрасумленную і плённую працу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.

Для ўсіх без выключэння маладых настаўнікаў у пачатку іх кар’еры вельмі важна прызнанне калег, іх вера ў тое, што маладыя педагогі змогуць знайсці сваё жыццёвае крэда. Калектыў гімназіі № 3 не проста паверыў у свайго маладога калегу: мы былі ўпэўнены, што менавіта гэты настаўнік можа і павінен прадстаўляць навучальную ўстанову на конкурсе прафесійнага майстэрства “Малады спецыяліст года — 2020”. І мы не памыліліся: Аляксей Леанідавіч атрымаў максімальны бал за прадстаўленне сваёй прафесійнай дзейнасці ў педагагічным партфоліа (першы этап конкурсу). Па выніках адкрытага ўрока і самааналізу (другі этап конкурсу) атрымаў максімальны бал сярод сапернікаў у намінацыі “Гуманітарныя навукі”. А паспяховае выступленне з самапрэзентацыяй “Маё месца ў сучаснай школе” стала вырашальным: па выніках трох этапаў конкурсу Аляксей Пархоменка ўзнагароджаны дыпломам І ступені як пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады спецыяліст года — 2020” у намінацыі “Гуманітарныя навукі”.

“Мая перамога ў раённым конкурсе — гэта толькі пачатак, — натхняльна запэўнівае выкладчык. — Я вельмі ўдзяч­ны, што ў мяне паверылі дырэктар гімназіі Ірына  Кірык і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Карасёва і даверылі такую адказную справу — прадстаўляць нашу навучальную ўстанову на конкурсе. Безумоўна, у гэтай перамозе вялікая заслуга маіх калег. Будзе правільна і справядліва, калі скажу, што гэта наша агульнае дасягненне”.

Крысціна МУЛІЦА,
настаўніца гісторыі гімназіі № 3 Барысава.