Тройчы на тыдзень Аляксандр Асядоўскі вучыць студэнтаў архітэктурнага факультэта БНТУ малюнку. Ён не трымае індывідуальнасць і талент у акадэмічных абцугах, але і не адпраўляе сваіх падапечных у свабоднае плаванне пад сцягам “я мастак, я так бачу”, каб пасля тыя не маскіравалі няўменне пад аўтарскае бачанне.
Маляўнічы вучэбны працэс
Студэнты 3 курса рассаджваюцца паўколам за мальберты, рыхтуючыся на працягу 4 акадэмічных гадзін маляваць гіпсавы торс. Усяго на гэтую справу адводзіцца 12 гадзін. Як адзначае педагог, важна выбраць “свой” ракурс:
— Бывае, работа не ідзе. А ўсё таму, што першапачаткова выбраны няўдалы ракурс. Калі бачу пакуты над паперай, прапаную студэнту перасесці. Гэта як у спорце, калі, змяніўшы левы фланг на правы, футбаліст раптам пачынае добра гуляць: пасы даваць, галы забіваць.
У ролі выкладчыка Аляксандр упершыню паспрабаваў сябе 7 гадоў назад. Прапанавалі — рызыкнуў. Атрымалася і спадабалася. Але, як звычайна бывае, выпадковасці не выпадковыя. Прапанова часта паступае тады, калі чалавек дарастае да чарговай прафесійнай вяршыні і ўнутрана гатовы пашырыць творчыя гарызонты, паспрабаваць сябе ў чымсьці новым.
— Літаральна пасля першых заняткаў я зразумеў, што назапашаныя веды і вопыт гатоў перадаваць іншым, — успамінае Аляксандр Леанідавіч пачатак свайго педагагічнага шляху. — Пачаўшы вучыць студэнтаў, не раз успамінаў, як самому падчас студэнцтва не хапала спецыяльных ведаў і навыкаў. Нярэдка даводзілася шукаць адказ у кнігах. Таму, заняўшы месца з іншага боку ад мальберта, стараюся даходліва адказваць на кожнае пытанне. Калі, праходзячыся па аўдыторыі, бачу, што малюнак можна палепшыць, падказваю як. Калі трэба, сам бяру ў рукі аловак і дапамагаю.
Цікаўлюся ў мастака з 30-гадовым стажам, якія цяжкасці часцей за ўсё ўзнікаюць у студэнтаў.
— Бываюць цяжкасці з перадачай характару прадмета, калі ў гледача не ўзнікае эмацыянальны водгук, праблемы з прапорцыяй, калі часткі цела атрымліваюцца несуразмернымі, з адлюстраваннем аб’ёму з-за недакладнай перадачы святла і цені: не той націск алоўка, не той тон штрыхоўкі. А яшчэ — няправільная кампаноўка прадметаў на лісце.
Часта студэнты самі, сумняваючыся ў прамежкавым выніку, звяртаюцца па дапамогу, як, напрыклад, Валерыя Мяркулава.
— Прамаляваўшы агульную масу фігуры, гарманічна размясціўшы сілуэт на лісце, Валерыя загразла ў светла-шэрым тоне і адчувае цяжкасці з перадачай паўтонаў і кантрастаў, — каменціруе выкладчык і тут жа раіць, дзе трэба ўзмацніць цень, каб малюнак атрымаўся больш выразным і аб’ёмным, пераканаўчым і праўдападобным.
— Як гэта выправіць, вы разумееце? — пытаюся ў дзяўчыны. Тая, сцвярджальна ківаючы ў адказ, бярэцца за аловак, спрытна малюе і тлумачыць мне:
— Трэба пракласці цень і прапрацаваць тонам малюнак, кропкава вылучаючы анатомію кантрасных месцаў. Цень павінен складацца са многіх паўтонаў, якія нададуць форму. Калі адзін элемент выводзіцца на пярэдні план, а другі адводзіцца назад, чытаецца аб’ём, выяўляецца структура мышцаў торса. Дзякуючы ўпэўненай штрыхоўцы, з’яўляецца адчуванне трохмернай, аб’ёмнай прасторы, і малюнак становіцца рэалістычным, адпавядае арыгіналу.
Выконваючы гэтае заданне, студэнты вывучаюць структуру чалавечага цела, вучацца назіраць і бачыць колер, прастору, памеры, аналізаваць прапорцыі. Гэта дапамагае запамінаць дробныя дэталі, развівае пачуццё кампазіцыі.
Ад простага да складанага
Як і пры вывучэнні любога прадмета, пры навучанні малюнку адукацыйны працэс на кожным курсе будуецца ад простага да складанага (малюнак выкладаецца з 1 па 4 курс. — Заўвага аўтара.). Напрыклад, у пачатку 3 курса студэнты малююць шкілет, затым — торс, а яшчэ праз некалькі заняткаў трэцякурснікаў чакае малюнак з натуры. Дарэчы, ролю натуршчыка выконвае хтосьці з аднагрупнікаў. Затым будучыя архітэктары вучацца адлюстроўваць гіпсавую постаць у інтэр’еры. Пасля іх чакае творчае заданне — увасабленне архітэктурных фантазій, дзе інтэр’ер і экстэр’ер будынка трэба прадставіць у адным са стыляў: готыка, рэнесанс, ампір, барока, мадэрн. Творчыя заданні, калі вобраз аб’екта або кампазіцыі трэба спачатку ўявіць, а затым намаляваць на паперы, развіваюць фантазію і мысленне.
Аляксандр АСЯДОЎСКІ — член Беларускага саюза мастакоў, выкладчык акадэмічнага малюнка БНТУ. Жывапісец піша на ваенную тэматыку, а таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях і дзяржаўных установах не толькі Беларусі.
Малюнак для архітэктара — прадмет неабходны. Сёння сваё мастацкае майстэрства студэнты чатырох курсаў адточваюць раз на тыдзень, выкарыстоўваючы такія матэрыялы, як сангіна, пастэль, рэтуш, чарніла, выпрацоўваючы да канца вучобы свой стыль і ўласную мастацкую манеру.
— Калі ў краінах Заходняй Еўропы ці Амерыкі студэнты малююць на камп’ютарах, то нашы педагогі прытрымліваюцца традыцый старой школы і перакананы, што будучы архітэктар і дызайнер абавязкова павінен умець маляваць на паперы. Гэта дае магчымасць у любы момант дакладна зафіксаваць вобраз, ідэю, задуму, якія ўзнікаюць у галаве, канкрэтызаваць дэталі, — расказвае Аляксандр Леанідавіч. — А яшчэ такім чынам развіваецца сувязь “рука — галава”.
Унікальныя людзі
Педагог і мастак Аляксандр Асядоўскі сваіх студэнтаў называе людзьмі ўнікальнымі і шчыра імі захапляецца:
— Прафесія архітэктара прадугледжвае рознабаковую адукацыю, таму студэнты-архітэктары добра разбіраюцца як у дакладных навуках, так і ў творчасці. А яшчэ асвойваюць IT-кірунак, такія спецпрадметы, як гісторыя архітэктуры і дызайну, СМК, архітэктурная кампазіцыя, каларыстыка, эрганоміка, макетаванне, а таксама архітэктурнае праектаванне. Яны вельмі назіральныя, беспамылкова ловяць настрой. Унутры іх схаваны вялікі патэнцыял. Упэўнены, калі кожны з іх закране струны сваёй душы і таленту, загучыць дзівосная, непаўторная і запамінальная мелодыя.
Словы выкладчыка пацвярджаюць малюнкі на сценах у вучэбнай аўдыторыі, выкананыя былымі студэнтамі на вельмі высокім мастацкім узроўні. Зрэшты, закрануць струны яшчэ не падужэлых душ — гэта задача ў тым ліку і педагога. А ўжо праяўленне таленту ні з чым не зблытаеш. Найбольш ярка ён выяўляецца ў неардынарных творчых работах студэнтаў апошніх курсаў.
— Адно з заданняў прадугледжвае стварэнне інтэр’ера і экстэр’еру дома, па якіх можна здагадацца аб прафесіі ўладальніка, — прыводзіць прыклад мой суразмоўнік. — Часам, пачуўшы заданне, хлопцы і дзяўчаты не ведаюць, з чаго пачаць. Тады я падключаюся, задаю навадныя пытанні, цікавячыся іх захапленнямі і прыхільнасцямі, бо заўсёды лягчэй дакладна перадаць тое, што аўтару блізка і добра знаёма. Мне запомніўся дом, які адлюстравала юная аматарка цяжкага року. Выгіны будынка, упэўнена прачэрчаныя чорным маркерам, нагадвалі форму гітары, а агульную задуму падтрымлівалі элементы ўнутранага стылю: прыступкі ў выглядзе клавіш, парэнчы ў выглядзе струн.
Свет мастака
Абудзіць у студэнтаў жаданне вучыцца, распаліць у іх іскру таленту, шчодра дзелячыся сваім майстэрствам, можа той, чый унутраны свет напоўнены талентам, прыгажосцю, сэнсамі, хто сам творчая асоба. Унутраны свет мастака — гэта яго палотны. А таму пасля заканчэння заняткаў я напрасілася ў майстэрню, каб лепш зразумець думкі і пачуцці жывапісца, адлюстраваныя ў яго карцінах.
Сярод лёгкіх, паветраных пейзажаў, запамінальных сакавітых нацюрмортаў, яркіх харызматычных партрэтаў запомнілася асаблівая серыя работ — карціны пра вайну, якія пранізваюць сэрца і душу. Сярод іх каля трох дзясяткаў работ, якія ўжо завершаны і перыядычна выстаўляюцца. Гэта карціны, прысвечаныя воінам, якія не вярнуліся з Афганістана (“Не вярнуліся”), а таксама байцам Вялікай Айчынный вайны (“Непазбежнасць адплаты”, “Вышыня”, “Сутычка”, “Выжыць і перамагчы”, “Франтавая разведка”). Аляксандр Асядоўскі працягвае напрацоўваць матэрыял для персанальнай тэматычнай выставы:
— Ваенная тэма ўзнікае сама па сабе, у думках з’яўляюцца вобразы, якія ўсплываюць перад вачыма да таго часу, пакуль не апынуцца на палатне, а ўнутраны крытык не ўзрадуецца, маўляў, вось яно, атрымалася!
— А бывае, што крытык унутры не задаволены? — пытаюся я, атрымліваючы асалоду ад жывапісу навокал. — Ці даводзіцца адчуваць пакуты творчасці і як быць, калі натхнення няма?
Адказваючы на мае пытанні, мастак ахвотна падзяліўся алгарытмам сваёй работы, заснаваным на самадысцыпліне:
— Незадаволены крытык унутры — лепшы сябар і памочнік для тых, хто імкнецца расці і развівацца ў прафесіі. Таму яго тэба слухаць уважліва. А што тычыцца натхнення, ніколі не чакаю яго, а планую час сваёй працы ў майстэрні. У дзень атрымліваецца папрацаваць над некалькімі палотнамі, удзяляючы кожнаму каля паўгадзіны. Так павольна, але дакладна прасоўваюся наперад. Злавіць натхненне — гэта як у полі злавіць рукамі матылька. Вельмі няпроста, праўда? А як толькі пачынаеш нешта рабіць, матылькі самі прылятаюць.
Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.