З кагорты прафесіяналаў Брэстчыны

- 10:45Адукацыйная прастора

На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Беларусі”. Вынікі двухдзённых фінальных спаборніцтваў былі ўрачыста падведзены ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці.

— Конкурс, ва ўсіх этапах якога прынялі ўдзел некалькі тысяч педагогаў, паказаў важнае месца адукацыі ў грамадстве і рост прафесійнага майстэрства настаўнікаў і выхавальнікаў вобласці, садзейнічаў развіццю іх творчага патэнцыялу і кампетэнтнаснай культуры, абнаўленню зместу школьнай адукацыі, прапагандзе лепшага вопыту, папулярызацыі і павышэнню прэстыжу педагагічнай прафесіі, — адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. — Удзельнікі надзвычай адказна падышлі да конкурсных выпрабаванняў. У раёнах вобласці былі створаны належныя арганізацыйныя ўмовы для таго, каб педагогі праявілі прафесійныя здольнасці на высокім узроўні і паказалі сапраўдныя прыклады для пераймання. Радуе, што конкурс выявіў шмат таленавітых настаўнікаў, здольных генерыраваць новыя ідэі, здзіўляць і творча падыходзіць да любімай справы.

За 26-гадовую гісторыю Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў прадстаўнікі Брэстчыны 5 разоў станавіліся яго пераможцамі: настаўнік хіміі Уладзімір Міхайлавіч Дзядкоў з сярэдняй школы № 10 Баранавіч, настаўнік англійскай мовы Юрый Усеваладавіч Маслаў з сярэдняй школы № 7 Баранавіч, настаўнік фізікі Уладзімір Мацвеевіч Здановіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына, настаўнік геаграфіі Вадзім Паўлавіч Шпетны з Ланской сярэдняй школы Маларыцкага раёна і настаўнік біялогіі Юрый Мікалаевіч Андрэйчык з сярэдняй школы № 2 Ганцавіч. Сёння многія з іх працуюць на адказных пасадах не толькі ў сістэме адукацыі, але і ў іншых сферах дзейнасці. Пераможцы конкурсу — распрацоўшчыкі аўтарскіх праграм, уласных мадэлей навучання з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій, аўтары альтэрнатыўных вучэбных дапаможнікаў, актуальных метадычных распрацовак, у тым ліку з элементамі медыяадукацыі, і інш.

У завочным і занальных турах конкурсу яго ўдзельнікі прэзентавалі вопыт педагагічнай дзейнасці на тэмы “Каб дзеці хацелі вучыцца” і “Вучыць дзяцей вучыцца”, відэаўрокі ў незнаёмых класах і відэазаняткі ў незнаёмых дашкольных групах, праводзілі майстар-класы для калег, урокі і заняткі ў школах і дзіцячых садках.

Да фіналу былі дапушчаны 25 педагогаў, якія рыхтавалі публічнае выступленне “Настаўнік (выхавальнік) учора, сёння, заўтра”, паказвалі сістэму педагагічнай дзейнасці і вырашалі псіхолага-педагагічныя сітуацыі. Пераможцы вызначаліся ў 8 намінацыях.

Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў лепшымі аказаліся настаўнік фізічнай культуры і здароўя Сяргей Аляксандравіч Карпук з сярэдняй школы № 3 Жабінкі, настаўнік фізікі Канстанцін Уладзіміравіч Кавалевіч з сярэдняй школы № 3 Бярозы, настаўніца біялогіі Іна Юр’еўна Кавальчук з сярэдняй школы № 12 Пінска, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Васіль Мікалаевіч Каляда з Клейніцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Рыгораўна Шумак з гімназіі № 2 Пінска, настаўніца англійскай мовы Таццяна Мікалаеўна Шагун з ліцэя № 1 Баранавіч, настаўніца пачатковых класаў Наталля Уладзіміраўна Ільючык з Багданаўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна і выхавальніца Наталля Васільеўна Лемяшэўская з ясляў-сада № 5 Івацэвіч. Гэтыя педагогі складуць каманду, якая прадставіць Брэстчыну на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” ў Мінску.

Падчас святочнага мерапрыемства былі адзначаны кіраўнікі ўстаноў адукацыі, якія на высокім арганізацыйным узроўні правялі занальныя этапы конкурсу. У намінацыі “Медыяперсона”, заснаванай рэдакцыяй “Настаўніцкай газеты”, за актыўнае супрацоўніцтва з педагагічнымі СМІ лепшай прызнана настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Мікалаеўна Бурвін з ліцэя Івацэвіцкага раёна.

Больш падрабязна пра пераможцаў конкурсу чытачы нашай газеты даведаюцца ў матэрыялах пастаяннай рубрыкі “Адукацыя ў асобах”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.