З любоўю да гісторыі

- 12:52Людзі адукацыі

Рознабаковы навакольны свет, шматгранныя людзі, якія знаходзяць і развіваюць у сабе задаткі і здольнасці, закладзеныя прыродай. Гэтыя парасткі могуць загінуць, а могуць спрыяльна служыць чалавеку ўсё яго жыццё. Сяргей Алегавіч Поклад нарадзіўся ў 1963 годзе ў Мсціславе Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка гісторыі. Бацька, Алег Іванавіч, змог настолькі прывіць сыну любоў да гісторыі, што пасля заканчэння школы пытанне аб выбары прафесіі было вырашаным — толькі настаўнік гісторыі.

Атрымліваць прафесію настаўніка Сяргей адправіўся ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага, дзе паступіў на спецыяльнасць “Гісторыя і замежныя мовы”. Пасля заканчэння  інстытута ў 1985 го­дзе, атрымаўшы кваліфікацыю “настаўнік гісторыі і англійскай мовы”, вярнуўся ў родны горад і прыступіў да работы ў сярэдняй школе № 1 Мсціслава. Далей — служба ў арміі, куды прызвалі маладога спецыяліста неўзабаве пасля заканчэння інстытута. Была прапанова застацца ў радах Узброеных Сіл, паколькі гістарычная адукацыя дазваляе весці ідэалагічную і палітычную работу сярод кадравых ваенных і салдат тэрміновай службы. Аднак настаўнік не здрадзіў сваёй прафесіі і пасля службы вярнуўся на работу ў Мсціслаў.

Сяргею Алегавічу прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, яго педагагічны стаж складае больш за 35 гадоў. У метадычным арсенале — цікавыя формы і метады работы, якія дазваляюць падтрымліваць увагу і актыў­насць вучняў на працягу ўсяго ўрока. Мэтанакіраваная сістэмная работа з навучэнцамі забяспечвае стабільныя вынікі ў адукацыйнай дзейнасці. Прыярытэтнае значэнне Сяргей Алегавіч надае рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Яго вучні становяцца пераможцамі і ўдзельнікамі трэцяга і чацвёртага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”. “Гісторыя Беларусі”. Напрыклад, у 2019 го­дзе навучэнец 11 класа Дзмітрый Косік, пераможца раённага этапу алімпіяды па гісторыі, у складзе каманды навучэнцаў абараняў гонар Мсціслаўскага раёна на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Наперадзе чарговая алімпіяда, і Сяргей Алегавіч не спыняецца, працягвае сур’ёзную работу па падрыхтоўцы навучэнцаў.

Цікавасць да гісторыі настаўнік прывівае навучэнцам праз даследчую дзейнасць. Пад яго кіраўніцтвам навучэнцамі вывучана гісторыя Тупічэўскага манастыра як цэнтра праваслаўя на ўсходнеславянскіх землях. Гісторыі роднага краю прысвечана даследчая работа, праведзеная ў гэтым го­дзе, на тэму “Мсціслаў — горад на сямі ўзгорках”. Вопытны педагог змог зацікавіць навучэнцаў тэмай “Развіццё народнай адукацыі ў Мсціслаўскім раёне”, даследаваннем якой навучэнцам трэба будзе займацца ў найбліжэйшы час.

Сяргей Алегавіч лічыць, што калі першае яго прызванне — настаўнік, то другое, не менш важнае — краязнавец. Любоў да роднага Мсціслаўскага краю, як і да гісторыі, прывіў і перадаў яму баць­ка, які на працягу ўсяго жыцця вывучаў, даследаваў і назапашваў унікальныя матэрыялы па гісторыі малой радзімы. Любоў да гістарычнай памяці Сяргей Алегавіч дэманструе асабістым прыкладам. Яго работа “Халакост. Урокі талерантнасці”, прысвечаная ахвярам Вялікай Айчыннай, стала дыпламантам рэспубліканскага конкурсу з ліку 922 прадстаўленых работ. Ён даўно асвоіў тэхніку фатаграфіі і нават кіраваў школьным фотагуртком, дзе са сваімі выхаванцамі здымаў мясцовыя помнікі гісторыі і культуры, віды горада і наваколля, знамянальныя для горада падзеі. Захапленне відэаздымкай паклала пачатак стварэнню цыкла відэафільмаў пра мінулае Мсціслаўшчыны. Ім створаны фільмы “Помнікі старажытнага Мсціслава”, “Мсціслаўшчына ў легендах і міфах”, “Горад над Віхрой”, “У гады ліхалецця”, “Пустынскі Успенскі манастыр”. Некаторыя фільмы ствараліся ў суаўтарстве з яго калегам, настаўнікам інфарматыкі Юрыем Іванавічам Лупяковым.

Сяргей Алегавіч з’яўляецца распрацоўшчыкам і аўтарам вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў гісторыка-края­знаўчай скіраванасці “Мсціслаў. Мсціслаўшчына”, якая паспяхова выкарыстоўваецца педагогамі раёна. Некалькі гадоў настаўнік узначальваў аб’яднанне па інтарэсах “Цікаўная гісторыя”, якое з задавальненнем наведвалі навучэнцы. Так, адзін з іх — Ягор Ікбаеў — задаў гульцам беларускага клуба “Што? Дзе? Калі?“ пытанне па гісторыі, на якое яны так і не змаглі даць дакладны адказ. У цяперашні час Сяргей Алегавіч кіруе школьным інтэлектуальным клубам.

Акрамя настаўніцкай дзейнасці, Сяргей Алегавіч не раз іграў ролю “класнага таты”, як прынята цяпер гаварыць пра класных кіраўнікоў. Атрымаўшы добрае выхаванне ў сям’і, ён выхоўваў і развіваў у сваіх вучняў самыя лепшыя чалавечыя якасці: сумленнасць, працавітасць, справядлівасць, ветлівасць, узаемадапамогу, падзяку. Асаблівую ўвагу ўдзяляў фарміраванню ў хлопчыкаў і юнакоў пачуцця павагі і клопату да дзяўчынак. Асабліва парадавала педагога нядаўняя навіна пра тое, што вучаніца аднаго з першых яго выпускаў Таццяна Віктараўна Кавалькова стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”. Сваёй вялікай радасцю яна з захапленнем падзялілася з любімым класным кіраўніком.

За высокія дасягненні ў рабоце Сяргей Поклад быў удастоены ганаровага звання “Чалавек года” Мсціслаўшчыны, узнагаро­джаны граматамі аддзела адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Праца настаўніка ацэнена па заслугах, аднак бясцэннымі з’яўляюцца тыя асновы духоўнасці і маральнасці, якія закладвае і развівае педагог у сваіх вучняў.

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Мсціслава.