З марай пра парк

- 11:00Выхаванне

Мабыць, калі са школьных вокнаў відаць не шматпавярхоўкі, не шаша з бясконцым патокам машын, а цяністы лясок, блакітная рэчка, бяскрайні луг, то для многіх выпускнікоў выбар прафесіі становіцца відавочным. Нездарма так часта гэтыя краявіды назіралі ­ў сваіх вясковых школах будучыя эколагі і біёлагі. Сярод іх і Дзяніс Піпко з Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Зачараваны роднай прыродай з маленства, ён атрымаў адукацыю эколага і настаўніка біялогіі, каб навучыць цаніць і захоўваць яе ўжо сваіх вучняў. 

Птушыная практыка

— Я з маленства бываў у лесе — ра­зам з сям’ёй збіраў грыбы, ягады. Потым мяне сталі цікавіць розныя кветкі, былінкі. Я збіраў і сушыў лекавыя травы і на сабе выпрабоўваў іх дзеянне. А пазней, ужо ў школе пазнаёміўся з Дзянісам Кіцелем. На той момант ён быў студэнтам, а сёння гэта адзін з вядомых беларускіх арнітолагаў. Тады ён у нашай школе кіраваў арніталагічным клубам — года заняткаў там мне хапіла, каб на ўсё жыццё зацікавіцца птушкамі, — гаворыць Дзяніс Анатольевіч.

Вось ужо 5 гадоў запар малады настаўнік збірае вакол сябе такіх жа цікаўных навучэнцаў у Ланской сярэдняй школе. Акурат каля школы ёсць лясны ўчастак плошчай каля гектара. Разам з Дзянісам Анатольевічам дзеці ўжо пачалі развешваць там гняздоўі, каб павялічыць відавую разнастайнасць птушак. Настаўнік з дзецьмі плануе высаджваць там розныя віды кустоў і дрэў, каб можна было ўбачыць больш цікавага падчас экскурсій. Вакол — возера. Таму як на далоні там ўсе водна-балотныя віды птушак. Адразу за школай пачынаецца і ладная паласа альшаніку — яшчэ адна тэрыторыя для назірання.

— Мой галоўны прынцып: чаму я навучыў у тэорыі — абавязкова трэба замацаваць на практыцы. Каб дзеці не проста ведалі, як выглядае пэўная птушка, а змаглі пачуць яе спеў, можа, нават патрымаць яе ў руках ці акальцаваць. У нас па раёне развешана мноства гняздоўяў для вушастых соў, шэрых няясыцей. І мы з дзецьмі падчас экскурсій правяраем іх, кальцуем гэтых птушак, — тлумачыць педагог. — Мы вывучалі і дамавых сычоў раёна. Восенню, напрыканцы гнездавога перыяду, калі птушкі гучна крычаць, мы ездзілі па раёне, вялі іх улік, стваралі карту гняздоўяў. Часцей мы былі на фермах, даведваліся пра сычоў у мясцовых людзей. Потым, прааналізаваўшы ўсе месцы іх пражывання, зрабілі высновы, якія будынкі сычы выбіра­юць для гнездавання, якія крытэрыі для іх важныя і што неабходна, каб яны пасяліліся на новым месцы. І потым у самых спрыяльных для гэтага мясцінах мы развешвалі штучныя гняздоўі — іх мы з дзецьмі рабілі самі, а таксама ў гэтым нам дапамагала Брэсцкае абласное аддзяленне грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Баць­каўшчыны”.

На экскурсію ў мінулае

Каб не толькі назі­раць і вывучаць, але і захоў­ваць, Дзяніс Піпко са студэнцкіх гадоў выношвае задуму аднавіць унікальны помнік прыроды — старадаўні парк “Вялікарыцкі”. Разваліны сядзібы князёў Траекуравых-Лышчынскіх у аграгарадку Вялікарыта абкружаны паркам, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Тут растуць сведкі па­дзей 200—300-гадовай даўніны: самы стары бук у Беларусі, неабдымныя дубы-волаты, кляновая алея, экзатычныя кедры і вязы.

Раённыя ўлады, усведамляючы культурна-гістарычную каштоўнасць гэтага месца, некалі звярталіся ў Беларускі саюз архітэктараў з просьбай распрацаваць праект аднаўлення парку, які ў выніку так і застаўся на паперы. Грашовых сродкаў хапіла толькі на расчыстку тэрыторыі ад смецця і высечку непраходных кустоў. І зараз парк паступова прыходзіць у запусценне.

Дзяніс Піпко зацікавіўся гісторыяй парку, яшчэ калі вучыўся на трэцім курсе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Яго тады ўразіла, што радавое княскае гняздо знаходзіцца ў такім стане.

— У межах курса “Краязнаўства” ў нас было заданне стварыць экалагічны маршрут па сваёй мясцовасці з апісаннем усіх славутасцей і іх фотаздымкамі. Якраз тады я паехаў глядзець, што адметнага ёсць у нас у Маларыцкім раёне. 

І тады я і ўбачыў вялізныя ліпы, клёны, таполі, вольхі. Месца прыгожае. Ёсць і старыя фотаздымкі, якія адлюстроўваюць, якім парк быў некалі, калі там жыла славутая сям’я князёў Траекуравых-Лышчынскіх, якія яшчэ да Другой сусветнай вайны дапамагалі мясцоваму насельніцтву, пабудавалі для іх школу. Там ёсць прыгожае месца на ўваходзе ў парк, дзе стаяць тры велічэзныя дубы. І ёсць старое фота княгіні Нэлі, якая стаіць на фоне сядзібы і гэтых трох дубоў. Праўда, на фота яны яшчэ маладыя. Так цікава адчуць час: пастаяць пад дубамі з тых даўніх часоў, зрабіць фота для параўнання — было і стала. І мне не давала спакою ідэя аднавіць гэты парк. Гэта аграгарадок, тут шмат моладзі, дзяцей. Я хацеў бы, каб яны там прагульваліся, каб маладым мамам было дзе пагуляць са сваімі дзецьмі. Для гэтага мне б хацелася добраўпарадкаваць пасадкі: ссекчы небяспечныя для прахожых, пашкоджаныя, старыя дрэвы, прарэдзіць хмызняк, падсадзіць маладыя клёнікі, падсыпаць дарожкі. 

З ідэяй аднавіць парк навучэнцы Д.А.Піпко выступалі на канферэнцыях і абласнога, і рэспубліканскага ўзроўню. Яны даследавалі яго гісторыю, расказвалі пра культурную і экалагічную каштоўнасць парку, рабілі апісанне яго культур. Яны зярталі ўвагу на тое, што некаторыя каштоўныя дрэвы псуюцца, у тым ліку з-за дзейнасці людзей: яны здабываюць кляновы сок, проста высякаюць дрэвы і нават бяздумна робяць на іх кары высечаныя надпісы. Сёння гэтыя даследчыкі ўжо выпускнікі, але ім на замену цяпер прыйшлі іншыя дзеці. Усе яны займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Экалагічны турызм”, дзе разам з Д.А.Піпко даследу­юць прыродныя славутасці раёна. Хочацца верыць, што дзякуючы ім і энтузіязму іх кіраўніка хутка гэты парк стане жамчужынай Маларытчыны і наглядным прыкладам для дзяцей, як рэалізуюцца мары пра захаванне унікальнай прыроднай спадчыны. 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Дзяніса Піпко.