З матэматычнай асветай

- 10:43Людзі адукацыі

Ідэя напісаць пра Барыса Барысавіча Камракова ўзнікла пасля размовы з яго вучаніцай Лізаветай Манжулінай, пераможцай IV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат. Адзінаццацікласніца сталічнай гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага вельмі цёпла адзывалася пра свайго педагога, дзякуючы якому палюбіла матэматыку. Акрамя таго, Барыс Барысавіч — асоба вядомая ў матэматычных колах краіны.

Барыс Барысавіч — дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Вучыць студэнтаў матрычнаму аналізу, геаметрыі і алгебры. У кола навуковых інтарэсаў знакамітага выкладчыка ўваходзяць псеўдарыманавы прасторы, ураўненні Эйнштэйна і Эйнштэйна-Максвела, матрычны аналіз, геаметрыя.
А ў кола яго асветніцкіх інтарэсаў уваходзіць распаўсюджванне матэматычнай адукацыі сярод школьнікаў. Спачатку Барыс Барысавіч займаўся з дзецьмі ў межах гурткоў, але такая дзейнасць насіла стыхійны характар, а не сістэмны, бо школьнікі то прыходзілі, то не прыходзілі. Нехта проста ленаваўся займацца матэматыкай звыш школьнай нормы, а ў некага не хапала ўседлівасці.І вось у 1997 годзе бессістэмныя заняткі трансфармаваліся ў спецыяльны фізіка-матэматычны клас, які пачаў дзейнічаць на базе гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага. З таго часу прайшло амаль 20 гадоў, якія сталі дастаткова плённымі для Барыса Барысавіча — настаўніка матэматыкі. Ён падрыхтаваў вялікую колькасць пераможцаў матэматычных алімпіяд рознага ўзроўню, у тым ліку 8 медалістаў Міжнароднай матэматычнай алімпіяды.
Сам жа педагог першапачаткова такіх мэт перад сабой не ставіў. Ён і сёння імкнецца далучыць да матэматыкі як мага больш дзяцей. Усе яны розныя, з рознай матэматычнай адукацыяй і розным стаўленнем да гэтага прадмета. Але за час матэматычнага і чалавечага супрацоўніцтва з Барысам Барысавічам Камраковым яны становяцца матэматыкамі. І найперш па вобразе мыслення.
Матэматычнае ўзаемадзеянне з Б.Б.Камраковым пачынаецца з сёмага класа. Каб стаць вучнем яго класа, трэба прайсці праз пэўныя іспыты, а дакладней, праз рашэнне задач. Зразумела, у гэты клас трапляюць лепшыя. Лепшыя ў сваіх школах — гэта дзеці-лідары, якія прывыклі да павышанай увагі. А тут яны аказваюцца ў іншых умовах, дзе зноў неабходна канкурыраваць, дэманструючы свае магчымасці. Так і праяўляецца педагагічны талент Барыса Барысавіча, які аб’ядноўвае дзяцей сваёй любоўю да матэматыкі.
Настаўнік па-матэматычнаму спакойны і вытрыманы, уважлівы да кожнага вучнёўскага рашэння ці прапановы. Ён заўсёды разам і побач са сваімі вучнямі. І самае галоўнае, Барыс Барысавіч улічвае матэматычны тэмп кожнага ў класе, што дазваляе падтрымліваць спакойную атмасферу на ўроку і стварае ўмовы для ўласнай траекторыі развіцця кожнага вучня. Кожны развіваецца адносна сваіх поспехаў і няўдач, а партнёрскія адносіны з педагогам дапамагаюць пераадольваць усе цяжкасці. Ніхто з навучэнцаў Барыса Барысавіча не баіцца задаць пытанне, бо ўпэўнены, што атрымае разгорнуты адказ, а не папрок.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.