З матуліным клопатам

- 10:54Людзі адукацыі

Фаіна Уладзіміраўна Сушко маладая, прыгожая, шчырая, энергічная, вясёлая, крэатыўная, неабыякавая — карацей, самая лепшая для вучняў 1 “А” гімназіі № 27 Мінска. І не таму, што яна іх першая настаўніца і дзецям пакуль няма з кім параўноўваць, а таму што навучэнцы адчуваюць добразычлівае стаўленне да сябе, павагу, дабрыню і нават матулін клопат.

Фаіна Уладзіміраўна працуе настаўніцай пачатковых класаў ужо 20 гадоў. Хоць ёй самой здаецца, што яна зусім нядаўна вырашыла прадоўжыць справу бабулі-цёзкі і паступіла ў Мінскі педагагічны каледж № 1. Пасля яго заканчэння ў 1999 го­­дзе з радасцю прыйшла ў сталічную пачатковую школу № 103. А потым, працуючы, адвучылася ў БДПУ імя Максіма Танка. Праўда, на гэтым яе адукацыя не скончылася. “Мой дэвіз застаецца нязменным многія гады: “Адукацыя праз усё жыццё”. Мне падабаецца вучыцца. Я пераканана, што, выбіраючы педагогіку, чалавек павінен быць гатовым вучыцца пастаянна. А стаўшы прафесіяналам, настаўніку ніколі нельга спыняцца на дасягнутым, ён заўсёды павінен ісці наперад, бо толькі так можна рэаліза­ваць свой педагагічны і творчы патэнцыял”, — адзначыла Ф.У.Сушко.

Дарэчы, свой творчы патэнцыял Фаіна Уладзіміраўна рэалізоўвае праз удзел у розных прафесійных конкурсах. Так, у 2014 го­дзе яна была адной з фіналістак раённага конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, які дапамог ёй пераасэнсаваць сваю педагагічную дзейнасць і ўнесці ў яе неабходныя карэктывы.

У 2018 годзе ў гімназіі № 27 Мінска вырашылі аднавіць пачатковую школу, якой не было тут ужо 10 гадоў. Ф.У.Сушко запрасілі ўзначаліць метадычнае аб’яднанне пачатковых класаў і выхавальнікаў групы прадоўжанага дня. “Зараз я з’яўляюся кіраўніком аб’яднання і дзялюся сваім вопытам з педагогамі. Разам мы набіраем класы і развіваем нанова пачатковую школу на базе гімназіі. У той жа час я і сама працую настаўніцай, бо проста не ўяўляю свайго жыцця без педагогікі і вучнёўскіх вачэй, якія гараць”, — патлумачыла яна.

Усё жыццё Фаіне Уладзіміраўне шанцуе на калег. Як у школе, так і ў гімназіі побач з ёй аднадумцы — мудрыя, дасведчаныя настаўнікі, якія заўсёды гатовы дапамагчы адно аднаму. У 2013 годзе Ф.У.Сушко разам з выхавальнікам групы прадоўжанага дня школы № 103 К.Р.Абражэй сталі аўтарамі-складальнікамі “Зборніка вуснай народнай творчасці”, які выйшаў у серыі “Школьная бібліятэка”. А апошнім часам Фаіна Уладзіміраўна разам з метадыстам цэнтра інфармацыйнага і навукова-метадычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Тамарай Анатольеўнай Няборскай працуюць над дапаможнікамі па хуткачытанні для 1—4 класаў. Першыя тры ўжо выйшлі ў выдавецтве “Аверсэв”, хутка ўбачыць свет і чацвёрты дапаможнік.

— Традыцыйна над хуткасцю чытання пачынаюць працаваць у 3 класе, але мы перакананы, што лепш пачынаць у 1-м. Наша кніга складаецца з займальных, невялікіх па аб’ёме і лёгкіх заданняў і тэкстаў, накіраваных на развіццё ў навучэнцаў усвядомленасці, увагі і памяці, а значыць, на фарміраванне ўдумлівага чытача. Мае сённяшнія першакласнікі пры дапамозе гэтай методыкі чытаюць ужо каля 70 слоў у мінуту. І нават дзеткі, якія толькі ведалі літары і тое не ўсе, пачынаюць чытаць у тэмпе размоўнага маўлення. Варта адзначыць, што калі раней палова першакласнікаў не ўмела чытаць, і таму настаўнікі іх вучылі чытанню, то цяпер дзеці прыходзяць падрыхтаванымі, і настаўнікам застаецца ўдасканальваць іх веды. Зараз у маім класе 28 дзяцей, з іх толькі адзін вучань нечытаючы. Таму, зразумела, я карыстаюся рознымі дапаможнікамі, каб стымуля­ваць сваіх першакласнікаў. Паколькі сучасныя дзеці сапраўды ведаюць вельмі многа, то мне асабліва цікава працаваць з імі, хоць і захапіць іх стала больш складана. Я павінна падыходзіць да вучэбнага працэсу творча і пастаянна шукаць штосьці новае, — прызналася Фаіна Уладзіміраўна.

Гаворачы пра іншыя сучасныя эфектыўныя інавацыі, методыкі і прыёмы, якія даюць добрыя вынікі ў штодзённай працы, Ф.У.Сушко акцэнтавала ўвагу на тэхналогіях крытычнага мыслення (кубік Блума, або рамонак Блума), якія яна прымяняе нават у 1 класе. “Многія элементы гэтай тэхналогіі дазваляюць дзецям крытычна мысліць, аналізаваць вучэбны матэрыял. Навучэнцы з задавальненнем вырабляюць рамонак, на кожным з шасці пялёсткаў якога запісваюцца пытанні розных тыпаў, што дапамагае ім лепш зразумець інфармацыю, якая змяшчаецца ў тэксце, — дадала настаўніца. — Вельмі важна, каб вучні нават у 1 класе думалі, рабілі высновы, выказвалі свае меркаванні, разважалі, звярталі ўвагу на асноўныя моманты, вылучалі галоўнае і другараднае, каб вучыліся самастойна здабываць веды і сістэматызаваць іх”.

У гэтым годзе першакласнікі Ф.У.Сушко ўдзельнічаюць у розных матэматычных спаборніцтвах, хоць раней пачыналі спрабаваць свае сілы толькі ў 3 класе. Безумоўна, гэта заслуга і бацькоў, якіх настаўніца заў­сёды імкнецца далучыць і да адукацыйнага працэсу, і да выхаваўчай рабо­ты. “У 1 класе я стараюся згурта­ваць як вучняў, так і іх бацькоў, бо лічу, што мамы і таты павінны быць саюзнікамі сваіх дзетак, — сказала Фаіна Уладзіміраўна. — Заўсёды акцэнтую ўвагу на тым, што мы павінны працаваць разам: настаўнік, вучань і бацькі. Прынамсі, бацькі маіх навучэнцаў актыўна ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах і далучаюцца да нас у час экскурсій. Вельмі радуе, што ім настолькі цікава жыццё сваіх дзетак”.

Працуючы два дзесяцігоддзі ў школе, Ф.У.Сушко зразумела, што сапраўдны настаўнік павінен быць не проста захоплены сваёй прафесіяй, а ўмець убачыць у кожным школьніку яго індывідуальнасць і спрыяць самавыяўленню асобы гэтага дзіцяці.

Фаіна Уладзіміраўна пераканана, што настаўнік — гэта не прафесія, а лад жыцця: “Настаўнік не заканчваецца са званком з урока і выхадам за сцены гімназіі. Добра, калі сям’я разумее гэта і падтрымлівае, таму што дома работа працягваецца. Сёння я ўпэўнена магу сказаць: я не працую настаўнікам, я жыву настаўнікам і атрымліваю ад гэтага задавальненне”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.