З невычэрпнай энергіяй і працаздольнасцю

- 11:35Планёрка ў рэгіёне

“Адным са шляхоў падрыхтоўкі будучых высакакласных спецыялістаў з’яўляецца арганізацыя ў 10—11 класах сярэдніх школ профільнага навучання, якое спалучае вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні і правядзенне прафесійна-арыентаваных факультатыўных заняткаў”, — лічыць госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Андрэй Генадзьевіч ПАХОЛКІН. Аб асаблівасцях пачатку бягучага навучальнага года і праектах, што рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна, Андрэй Генадзьевіч падзяліўся з чытачамі “Настаўніцкай газеты”:

— Усёлетнім навучальным годзе педагагічныя калектывы Кастрычніцкага раёна Віцебска працуюць над рэалізацыяй адукацыйных запытаў 10 961 навучэнца і 6074 выхаванцаў.

У сувязі з 500-годдзем кнігадрукавання галоўным героем Дня ведаў ва ўстановах адукацыі раёна стала кніга. Але не толькі кнігі сустракалі дзяцей. Утульныя, адрамантаваныя класы, групы і залы, абноўленыя харчаблокі, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, аснашчаныя новым абсталяваннем і малымі гульнявымі формамі, прымалі навучэнцаў і выхаванцаў пасля летняга адпачынку.

Пачатак навучальнага года азнаменаваўся прыемнай падзеяй — зноў выйшлі метадычныя дапаможнікі з практыкі работы педагогаў нашага раёна — выхавальнікаў ясляў-садоў №№ 22, 59, 62, 72.

Галоўнай асаблівасцю гэтага навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца навучанне дзяцей па абноўленых праграмах і вучэбных дапаможніках новага пакалення. Правільна пабудаваная сістэма павышэння кваліфікацыі педагогаў, перакананы, дазволіць у поўнай меры і на высокім узроўні рэалізаваць пастаўленыя задачы.

У раёне арганізавана таксама работа па ўкараненні сэрвісу “Электронны дзённік / электронны журнал”. З гэтага года ён актыўна прымяняецца ва ўсіх нашых школах і гімназіях, што дазваляе прыцягнуць у адукацыйны працэс большую колькасць зацікаўленых і арганізаваць іх аператыўнае ўзаемадзеянне.

— У якія цікавыя праекты ўключыліся навучэнцы і педагогі?

— Цікавыя адукацыйныя праекты з’яўляюцца своеасаблівым гарантам забеспячэння якаснай адукацыі. У сувязі з гэтым мы працягнем работу па ўкараненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйную практыку нашых устаноў дашкольнай адукацыі. Будуць шырока апрабаваны матэрыялы ясляў-сада № 83, якія адзначаны дыпломам ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе “Інтэрактыўны калейдаскоп”.

Што тычыцца ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, то сёння мы прапаноўваем дзецям гнуткае, разнапланавае спалучэнне вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Тыя падлеткі, якія маюць дакладнае ўяўленне аб выбранай прафесіі, вучацца ў класах, дзе праводзяцца факультатыўныя заняткі пэўнай накіраванасці: педагагічнай, прававой, эканамічнай, спартыўнай, патрыятычнай. Акрамя таго, у сярэдняй школе № 44 з 2003 года вывучаецца кітайская мова на факультатыўных і вучэбных занятках, а з гэтага навучальнага года ў сярэдняй школе № 22 школьнікі вывучаюць факультатыўна польскую мову.

Для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў арганізаваны факультатыўныя заняткі эстэтычнай накіраванасці. Вынік гэтай работы — 9 узорных і народных самадзейных калектываў, створаных ва ўстановах адукацыі. Яны вядомы не толькі ў Віцебску і рэспубліцы, але і за яе межамі.

Для юных навучэнцаў, якія маюць ярка выяўленыя аналітычныя здольнасці і цікавяцца інфармацыйнымі тэхналогіямі, мы ўжо з 3 класа арганізоўваем навучанне праграмаванню ў асяроддзі Scratch, а вучні з тэхнічным складам розуму маюць магчымасць засвойваць курс сістэмнага адміністравання з асновамі робататэхнікі. Дарэчы, зараз гэта адна з найноўшых галін навуковых ведаў, якая імкліва развіваецца, а значыць, патрабуе вялікай увагі ў школьным курсе.

— Якія дасягненні педагогаў і вучняў натхняюць на новыя пачынанні?

— Дабіцца якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу можна толькі пры наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў, зацікаўленых у выніках сваёй працы. Праграмы факультатыўных заняткаў, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, распрацаваныя педагогамі гімназій № № 1, 3, сярэдніх школ №№ 10, 11, 30, 34 выкарыстоўваюцца ва ўсіх школах і гімназіях Беларусі. Не адстаюць і прадстаўнікі дашкольнай адукацыі. Толькі ў мінулым навучальным годзе выдадзена 10 метадычных дапаможнікаў для ўстаноў дашкольнай адукацыі, аўтары якіх — педагагічныя работнікі ясляў-садоў №№ 17, 35, 72, 86, 98.

Асаблівы гонар раёна — адзіны ў краіне цьютарскі цэнтр па гульнявой тэхналогіі В.Васкабовіча “Казачныя лабірынты гульні”, адкрыты на базе ясляў-сада № 104, спецыя-лісты якога актыўна прапагандуюць лепшы педагагічны вопыт выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі раёна ў іншых гарадах Беларусі і за яе межамі.

Гаворачы пра дасягненні раёна, нельга не адзначыць і той факт, што ў мінулым навучальным годзе нашы навучэнцы вынікова выступілі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і канферэнцыях. Так, навучэнка гімназіі № 1 Карына Лявонава стала пераможцай алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (настаўніца Н.С.Аўчук). Навучэнцы гэтай жа гімназіі — Алена Цацоха (дыплом І ступені ў секцыі “Англійская мова”) і Аляксандр Стральцоў (дыплом ІІІ ступені ў секцыі “Руская мова”) — сталі пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару па вучэбных прадметах (настаўнікі В.В.Прохараў, Н.С.Аўчук). Дзякуючы свайму таленту, працавітасці і мэтанакіраванасці лепшымі на міжнародным узроўні сталі навучэнцы гімназіі № 1: Ягор Гафараў — уладальнік бронзавага медаля на XIV Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі ў Сербіі (настаўнік Л.Т.Карнеенка), Марк Карнейчык — уладальнік бронзавага медаля на XVII Усерасійскай каманднай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні (настаўніца В.П.Лакціна).

Усяго па выніках работы ў 2016/2017 навучальным годзе ў банк даных спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў уключана інфармацыя пра 16 навучэнцаў, якія прынеслі 19 перамог у скарбонку Кастрычніцкага раёна.

Нельга не сказаць і пра дасягненні самых маленькіх. Вясной 2016 года даследчы праект “Зубасцікі на падаконніку” выхаванкі ясляў-сада № 99 Даны Свірыдавай быў адзначаны дыпломам І ступені Рэспубліканскага конкурсу “Я — даследчык”.

Мы ганарымся педагагічнымі калектывамі ўстаноў адукацыі раёна. Так, у 2017 годзе на Дошку гонару аддзела адукацыі спорту і турызму занесены гімназія № 1, сярэднія школы № 4, № 34, яслі-сады №№ 7, 55, 69, 86; на Дошку гонару адміністрацыі Кастрычніцкага раёна — дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 5, сярэдняя школа № 11. Гімназія № 1 занесена на Дошку гонару Віцебска і Дошку гонару Рэспублікі Беларусь. У 2016 годзе дырэктар гімназіі № 1 В.Т.Шырокава ўдастоена звання “Ганаровы грамадзянін горада Віцебска”.

— Якія пытанні сёння асабліва хвалююць вас як кіраўніка?

— Адна з найважнейшых праблем — матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстаноў адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Таксама ў раёне, нягледзячы на мэтанакіраваную работу, застаецца актуальным пытанне перападрыхтоўкі педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі па адпаведнай спецыяльнасці. На сёння 85 педагогаў вучацца па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.

Ва ўстановах адукацыі Кастрычніцкага раёна створаны неабходныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Незвычайная працавітасць, любоў да дзяцей і сваёй справы, невычэрпная энергія дазваляюць нашым педагогам заслужыць аўтарытэт і павагу, дабіцца прызнання.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.