Пра тое, як падрыхтаваць дастойную змену прафесійных педагогаў, выхаваць адораных навучэнцаў, сфарміраваць асобу, патрыёта сваёй Радзімы, — размова з начальнікам аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама Гомельскай вобласці Жаннай Чаркас.
Вырасці чалавекам
— Жанна Васільеўна, пачнём з банальнага: чаму выбралі прафесію педагога?
— У жыцці мне сустрэліся выдатныя педагогі, якія ўмелі дарыць любоў і веды. І кожнаму настаўніку — выхавальнікам дзіцячага сада, педагогам сярэдняй школы № 3 Хойнік, Лоеўскага педвучылішча, ВНУ — я ўдзячна. Да гэтага часу з цеплынёй успамінаю сваю першую настаўніцу Кацярыну Далінаўну Касарову, яркі след у маім жыцці пакінула і Ганна Цімафееўна Данілоўская. Заўсёды цаніла настаўніка патрабавальнага і строгага. Толькі ў педагога, які ставіць перад сабой высокую планку і прад’яўляе да сябе высокія патрабаванні, будзеш і сам расці, ісці наперад. Таму я і сама марыла аб гэтай прафесіі.
— Хто ж адыграў самую значную ролю ў вашым прафесійным жыцці?
— Як ні дзіўна — настаўніца музыкі. Тамара Яфімаўна Грэк выкладала не толькі музыку, але і гісторыю ў 3-й школе ў Хойніках. Кабінет музыкі быў для нас сапраўдным храмам мастацтва, у кожным дзіцяці Тамара Яфімаўна старалася выхаваць асобу. Дзякуючы ёй, у школе з’явіўся хор, танцавальны калектыў і вакальна-інструментальны ансамбль. Яна разумела, як хвалююча для дзіцяці выходзіць на сцэну ў ролі вядучага, саліста, спевака, чытальніка, таму заўсёды матывавала і падтрымлівала, дапамагала адчуваць сябе ўпэўнена, у тым ліку падчас выступлення. А яе ўрокі гісторыі прымушалі нас думаць, прывівалі любоў не толькі да прадмета, але і да Радзімы. Настаўніца выкладала для нас самую важную навуку — як вырасці чалавекам.
— Вы, ведаю, таксама гарыце сваёй любімай справай. Што надае сілы?
— Калі з любоўю ставіцца да сваёй Радзімы, прафесіі, сям’і, да любой справы, якую робіш, то на ўсё будзе хапаць сіл і энергіі. Паверце, нават у самыя цяжкія моманты не заўважаю стомленасці. Нездарма ж кажуць: выберы сабе работу па душы, і ты ні дня не будзеш працаваць. І, вядома, надаюць сілы людзі, якія працуюць побач са мной, — каманда аднадумцаў і прафесіяналаў, нацэленых на вынік.
На крок наперадзе
— На змену настаўнікам са стажам прыходзіць дастойная замена ў асобе маладых спецыялістаў. Чым прывабліваеце “навічкоў”?
— Сапраўды, на Светлагоршчыне высокі працэнт замацавання маладых спецыялістаў — 90% педагогаў застаюцца працаваць у сістэме адукацыі. Лічба невыпадковая: больш за 70% выпускнікоў устаноў адукацыі педагагічнага профілю — ураджэнцы раёна.
Наша знаёмства традыцыйна праходзіць у жніўні, і ў кожным з маладых педагогаў стараюся разгледзець чалавека, які будзе ставіць перад сабой высокія мэты. Імкнуся ўсяляк падтрымаць выбар і жаданне працаваць у сферы адукацыі, захаваць той агеньчык, што гарыць у вачах маладога спецыяліста. Вопытныя настаўнікі дапамагаюць моладзі падымацца па прыступках прафесіяналізму, стараюцца, каб першыя гады работы для маладых спецыялістаў былі насычанымі і карыснымі.
— Ці створаны ў раёне нейкія асаблівыя ўмовы для самарэалізацыі ініцыятыўных і творчых настаўнікаў?
— Магчымасцей рэалізаваць сябе — дастаткова: семінары, майстар-класы, трэнінгі, конкурсы прафмайстэрства. Было б жаданне! Акрамя таго, у нашым раёне наладжана цеснае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, педагогі абменьваюцца сваім вопытам з калегамі з гарадоў-пабрацімаў. Да таго ж кожны настаўнік сёння можа прыняць самы актыўны ўдзел у розных даследчых канферэнцыях, інавацыйных праектах.
— Якія напрамкі ў сістэме адукацыі, на ваш погляд, неабходна развіваць у рэгіёне?
— У аснову я стаўлю не толькі выхаванне падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, але і выхаванне педагога — неабыякавага, яркага, які будзе працягваць традыцыі, што былі закладзены не адным пакаленнем настаўнікаў. Светлагорск, пераканана, павінен ісці ў нагу з часам, а, магчыма, быць на крок наперадзе.
Калі з любоўю ставіцца да сваёй Радзімы, прафесіі, сям’і, да любой справы, якую робіш, то на ўсё будзе хапаць сіл і энергіі.
Запаленая лампада памяці
— Выбар прафесіі — адно з самых адказных рашэнняў, што прымае чалавек у жыцці. Раскажыце пра работу ў гэтым напрамку.
— Асаблівы акцэнт мы робім на раннім выяўленні, навучанні і выхаванні адораных дзяцей. Многія з выпускнікоў гарадскіх і сельскіх школ становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Не забываем і аб развіцці інфармацыйнай кампетэнцыі ў дзяцей дашкольнага ўзросту. Напрыклад, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 22 працуе дзіцячая рэдакцыя “Калабок” — тут выхаванцы не толькі развіваюць камунікатыўныя навыкі, вучацца правільна фармуляваць свае думкі, але і без сарамлівасці размаўляюць з прадстаўнікамі самых розных прафесій. Рэдакцыя выдае газету “Жыццё выдатных людзей”, цесна супрацоўнічае з раённымі і рэспубліканскімі СМІ. Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 рэалізуе інавацыйны праект на аснове праваслаўных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа. Рэсурсны цэнтр па бяспецы жыццядзейнасці выхаванцаў базіруецца ў яслях-садзе № 5. Акрамя таго, у нашым раёне развіваецца сетка профільных класаў, вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні ў 12 установах сярэдняй адукацыі. Які вынік праведзенай работы? Навучэнцы раёна паказваюць высокі ўзровень падрыхтоўкі на інтэлектуальных спаборніцтвах. Штогод мы ў лідарах сярод раёнаў Гомельскай вобласці па выніках удзелу ў алімпіядах па вучэбных прадметах, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Акрамя гэтага, у раёне адкрыты групы педагагічнай, аграрнай, ваенна-патрыятычнай і юрыдычнай накіраванасці. У Год гістарычнай памяці стартавала раённая акцыя “Агонь памяці”. Запаленая лампада, якая пабывае ў кожнай школе раёна, стане трапяткім сімвалам нязгаснай памяці. Завяршыцца яна 9 мая — у Дзень Перамогі.
Светлагоршчына багатая на памятныя месцы, месцы працоўнай і баявой славы. Кожны мае тут рэальную магчымасць асэнсаваць нялёгкі шлях беларускага народа да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА.