З мэтай выхавання ў школьнікаў паважлівых адносін да гістарычнай памяці і культурнай спадчыны выкарыстоўваю розныя метады і прыёмы, у аснове якіх — любоў да роднай мовы. Імкнуся, каб кожны ўрок беларускай мовы развіваў пазнавальную цікавасць і маўленчыя здольнасці вучняў, скіроўваў іх да актыўнай работы, далучаў да нацыянальных каштоўнасцей.
Для ўзбагачэння слоўнікавага запасу выкарыстоўваю прыёмы “Знайдзі лішнія словы”, “Назіранне за словам”, “Карэктар”, “Сакрэты слова”, “Перакладчык” і інш. Адзін з самых любімых прыёмаў у дзяцей — “Словы ў падарунак”. Паводле ўмоў, вучні атрымліваюць у падарунак словы з тэкстаў. Паведамляю, што з іх дапамогай можна стварыць незвычайны твор. Дзеці будуюць выказванне, адрасаванае камусьці ў якасці падарунка.
Добрым патэнцыялам грамадзянска-патрыятычнага выхавання валодаюць урокі беларускай літаратуры, якія вучаць любіць Радзіму, шанаваць родную мову, развіваюць цікавасць да культуры і гісторыі. Так, прапаную шасцікласнікам скласці свой радавод, каб усвядоміць, што памяць пра продкаў — аснова будучыні.
Беларусам ёсць кім і чым ганарыцца. Знаёмячы дзяцей з асобамі Ефрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, не абыходжу ўвагай старажытныя гарады і помнікі архітэктуры.
Заўсёды звязваю тэорыю з практыкай, падштурхоўваю да аналізу асабістых пазнавальных і практычных дзеянняў, паказваю розныя шляхі служэння Радзіме, адзначаю важнасць кожнага з іх. Задаю пытанні: “Ці трэба ахвяраваць жыццём дзеля народа?”, “Што вы можаце зрабіць для Бацькаўшчыны?”, “Хто для вас з’яўляецца прыкладам служэння Радзіме?” і інш.
На прыкладзе асобы Кастуся Каліноўскага паказваю, што любоў да Айчыны, адданасць, вернасць і мужнасць — гэта не проста словы, а вынік жыцця і дзейнасці канкрэтнага чалавека. Пытаюся, якія факты з біяграфіі сведчаць пра сілу яго духу, адданасць народу і роднай зямлі. Нагадваю, што перад смерцю нацыянальны герой пакінуў толькі два пасланні: да беларускага народа і да сваёй каханай. Цікаўлюся, каму вучні маглі б адправіць свае пасланні і з якім зместам, чаму паўстанцы выбралі пароль “Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!”.
Часта прапаную творчыя заданні па творах: выпісаць незразумелыя словы, патлумачыць іх, скласці тэкст на пэўную тэму, падабраць ці намаляваць ілюстрацыі. Такія заданні ўзбагачаюць слоўнікавы запас, павышаюць цікавасць да прадмета і культурнай спадчыны.
Вывучэнне літаратуры суадношу з іншымі відамі мастацтва: музыкай, жывапісам, тэатрам, кіно. Гэта дапамагае лепш асэнсаваць і засвоіць матэрыял, уздзейнічаць на эстэтычныя пачуцці. Так, у пачатку ўрока практыкую праслухоўванне песень, чытанне вершаў, разгляд карцін. Прапаную вучням выказаць адносіны да пэўных з’яў і падзей, ацаніць іх. Актыўна выкарыстоўваю гульнявыя прыёмы, беларускія прыказкі, прымаўкі, казкі. Праводжу каляндарныя народныя святы.
Вялікую ўвагу ўдзяляю пазакласнай дзейнасці. Распрацавала тэматыку класных гадзін на навучальны год, што дазваляе ажыццяўляць сістэматычную работу па папулярызацыі і прапагандзе гістарычнай і культурнай спадчыны. Увесь сабраны матэрыял аб’яднаны дэвізам “За моцную і квітнеючую Беларусь!”.
Інфармацыйныя блокі складаюцца з наступных раздзелаў: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (“Запрашаем у Беларусь”, “Дасягненні беларускай навукі”, “Давайце ганарыцца, што мы беларусы” (дасягненні краіны ў розных галінах), “Славутыя жанчыны Беларусі”), “Культурная спадчына Беларусі” (“Мова — жывая памяць народа”, “Замкі Беларусі”, “Культурныя традыцыі Беларусі”, “Беларусьфільм” прадстаўляе…”, “Вандруем разам”), “Мая маленькая радзіма” (“Архітэктура горада”, “Славутыя постаці Ляхавіччыны”, “Паэтычны дзённік”, “Горад стары і новы”), “Прыродная спадчына Беларусі” (“Наша справа — захаваць!”, “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь”, “Запаведны напеў” (гісторыя стварэння Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”), “Экатурызм у Беларусі”), “Старонкі ваеннай гісторыі” (“Мы — нашчадкі Перамогі!”, “Паклонімся вялікім тым гадам…” (агляд падзей перыяду Вялікай Айчыннай вайны), “Напамін аб вайне…” (помнікі Вялікай Айчыннай вайны), “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” (“Іх імёнамі названы вуліцы горада”, “Славутыя імёны Айчыны”) і інш.
Каштоўнасць такіх мерапрыемстваў у тым, што вучні не толькі знаёмяцца з гістарычным і культурным летапісам краіны, але і далучаюцца да падрыхтоўкі матэрыялаў.
Пазакласная работа ўключае экскурсіі па Беларусі. Спачатку вызначаю мэту паездкі, выбіраю і абмяркоўваю маршрут, стаўлю задачы. Пасля экскурсіі задаю вучням пытанні: “Што вы ўбачылі новага?”, “Пра што даведаліся?”, “Што найбольш уразіла і запомнілася?”.
Таццяна АБРАЖЭВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Ляхавіч.