З павагай да калег, з увагай да вучняў

- 10:12Людзі адукацыі

“Кампетэнтны кіраўнік, дасведчаны настаўнік і самае Адукацыя ў асобах важнае — нераўнадушны чалавек, які заўсёды гатовы не толькі даць слушную параду, але і дапамагчы калегам”, — так педагогі гімназіі № 3 Барысава характарызуюць намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўніцу рускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталлю Анатольеўну Крышань.

Калі шчыра, то нашай гімназіі шчасціць на калектыў. Крыху больш за 20 гадоў назад, у жніўні 1989 года, у гімназію (на той час яшчэ сярэднюю школу № 15) пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча прыйшла працаваць настаўніца пачатковых класаў Наталля Анатольеўна Крышань. Яе, мілую і абаяльную, адразу палюбілі дзеці і, што хаваць, калегі.

Крыху пазней, атрымаўшы вопыт выкладання ў пачатковых класах, Наталля Анатольеўна атрымала дыплом БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”. У 2014 годзе Н.А.Крышань здала экзамен на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, а з 2016 года заняла пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце і прадоўжыла выкладаць рускую мову і літаратуру.  Дарэчы, як класны кіраўнік, Наталля Анатольеўна ў 2009 годзе атрымала дыплом І ступені на раённым конкурсе “Самы класны класны”. Як настаўніца рускай мовы і літаратуры ўдзельнічала ў раённым аглядзе-конкурсе вучэбных кабінетаў, і яе кабінет быў адзначаны дыпломам ІІ ступені. Акрамя таго, у раённым конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2013” яна атрымала дыплом ІІ ступені, а таксама прымала ўдзел у абласным этапе конкурсу “Настаўнік года — 2013”.

За той час, што Н.А.Крышань працуе ў гімназіі, яна прайшла не проста шлях ад маладога спецыяліста да намесніка дырэктара. Настаўніца праявіла свае здольнасці ў шматлікіх кірунках, пачынаючы ад арганізацыйнай работы і заканч­ваючы даследчай, валанцёрскай дзейнасцю. Наталля Анатольеўна прытрымліваецца меркавання, што кожны гімназіст павінен ганарыцца сваім мінулым, гісторыя­й горада, а таксама шанаваць самыя дарагія каштоўнасці — бацькоў і сям’ю. Менавіта ў гэтым і заключаецца галоўная мэта выхаваўчай работы гімназіі — фарміраванне ў вучняў правільнага адчування свабоды асобы, яе рэалізацыя праз творчасц­ь і навуку, шанаванне сям’і. Гэта Наталля Крышань прывівае не толькі навучэнцам, але і сыну і дачцэ.

Калі закранаць тэму ўзаема­дзеяння школы і сям’і, то трэба адзначыць, што ў гімназіі рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы, у якіх прыма­юць у­дзел навучэнцы разам са сваімі баць­камі. Н.А.Крышань лічыц­ь, што выхоўваць павагу да Ра­дзімы і баць­коў трэба з дзяцінст­ва, а значыц­ь, падобныя мерапрыемствы трэба ладзіць у пачатковых, а таксама 5—6 класах, калі асоба дзіцяці яшчэ толькі фарміруецца. Так, у рамках правядзення мерапрыемстваў шостага школьнага дня гімназія часта праводзіць спартыўнае свята “Мамы і дочкі” і “Таты і сыночкі” сярод вучняў і бацькоў згаданых класаў.

У гімназіі працуе клуб “Гасцёўня сямейных зносін”, дзе з мэтай павышэння статусу і прэстыжу сям’і ў грамадстве ладзяцца інфармацыйна-асветніцкія і выхаваўчыя мерапрыемствы. Абмяркоўваючы з бацькамі і навучэнцамі сустрэчы, праведзеныя ў гасцёўні, бачым, з якой павагай і цеплынёй яны гавораць пра Н.А.Крышань і яе імкненне захаваць і перадаць кожнаму пакаленню навучэнцаў уменне шанавац­ь і берагчы тое, што знаходзіцца побач.

З удзелам і пад кіраўніцтвам Наталлі Анатольеўны ў гімназіі штогод з’яўляюцца і паспяхова дзейніча­юць шматлікія аб’яднанні па інтарэсах. На пачатак 2019/2020 навучальнага года ў гімназіі было 14 аб’яднанняў па інтарэсах (4 аб’яднанні арганізаваны на базе ўстановы спецыялістамі ўстаноў дадатковай адукацыі) і 12 клубаў. Большасць забаўляльных мерапрыемстваў, максімальна магчымая колькасць факультатываў, гурткоў і спартыўных секцый да таго часу, пакуль у краіне не склалася небяспечная эпідэміялагічная сітуацыя, праводзіліся па суботах. Дзякуючы наладжанай сістэме правядзення мерапрыемстваў, ахоп навучэнцаў вельмі высокі (ад 97% да 100%).

Важным паказчыкам эфектыўнасці выхаваўчай работы, якую курыруе Н.А.Крышань, стала павелічэнне колькасці ўдзельнікаў конкурсаў рознага ўзроўню: у 2019 годзе нашы навучэнцы прывезлі ў гімназію 56 дыпломаў,  8 з якіх — абласнога і 2 — рэспубліканскага ўзроўню.

Творчасць і ініцыятыва нашых дзяцей праяўляюцца праз актыўную работу ў школах “Лідар” і “Маладзёжны цэнтр”, а таксама праз выпуск газеты “Гімназічны калейдаскоп”. Дарэчы, з 2012 па 2018 год гімназісты ўзнагароджаны 52 дыпломамі абласных, 13 — рэспубліканскіх і 12 — міжнародных конкурсаў.

З мэтай выхавання павагі да гісторыі краіны і роднага горада з 2015 года ў гімназіі функцыяну­юць 2 музеі: музей самага маладога поўнага кавалера ордэна Славы І.Ф.Кузняцова і музей адукацыі Барысаўшчыны. У іх адкрыцці і напаўненні экспазіцый прымала актыўны ўдзел і Н.А.Крышань.

У краіне 2018—2020 гады абвешчаны Годам малой радзімы. Зыхо­дзячы з гэтага, Н.А.Крышань распрацавала шэраг мерапрыемст­ваў, накіраваных на павышэнне ў навучэнцаў узроўню ведаў аб пахо­джанні назваў і гісторыі вуліц Барысава, яго славутасцях, помніках, знакамітых земляках. Класныя гадзіны былі прысвечаны такім тэмам, як “Памятныя мясціны майго горада”, “Вуліцы нашага горада”. А навучэнцы 6 і 7 класаў наведалі гістарычны цэнтр Барысава — старую плошчу (Васкрасенскі сабор, касцёл Нара­джэння Найсвяцейшай Панны Марыі, помнік князю Барысу). Падчас правядзення рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Не гасне летапіс перамог” у гімназіі на працягу навучальнага года праводзяцца мера­прыемствы ваенна-патрыятычнага кірунку, прысвечаныя 75-й гадавіне вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 Акрамя педагогаў, нашай гімназіі шанцуе і з дзецьмі. Вучыцца да нас прыходзяць мэтанакіраваныя і адказныя дзеці, якія з вялікім задавальненнем прымаюць у­дзел у даследчых праектах краязнаўчага кірунку, валанцёрскім руху, дабрачынных і працоўных акцыях, накіраваных на аказанне дапамогі дзецям, што адносяцца да сацыяльна ўразлівых груп. Таксама гімназісты прымаюць удзел  у добраўпарадкаванні тэрыторыі гімназіі, прышкольнага двара, вуліцы, на якой знаходзіцца наша навучальная ўстанова. Работу ў гэтым кірунку праводзіць і Наталля Анатольеўна.

Адной з найважнейшых якасцей Н.А.Крышань, як лічаць калегі, з’яўляецца ўменне ставіць мэты і заахвочваць калектыў да іх дасягнення. Пры гэтым якасці намесніка дырэктара не перашкаджаюць Наталлі Анатольеўне заставацца ўважлівым, нераўнадушным і справядлівым настаўнікам і чалавекам. Акрамя педагогікі, Н.А.Крышань захапляецца вязаннем, чытае шмат кніг, а выхадныя любіць право­дзіць з мужам і дзецьмі, на дачы. Якія б ідэі яна ні ставіла перад сабой, сваёй сям’ёй, калектывам ці вучнямі, у магчымасці іх дасягнення не сумняваецца ніхто. Імпэту, з якім педагог падыходзіць да любой справы, ці то правядзенне ўрока па літаратуры, ці то ўдзел у рэспубліканскім конкурсе, можна толькі пазайздросціць.

Тамара МАКАРАВА,
кіраўнік метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў гімназіі № 3 Барысава.