З павагай да працы, з цікавасцю да інфарматыкі

- 11:10Адукацыйная прастора

950 вучняў Брэстчыны прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэста, Баранавіч, Пінска, Кобрына і Івацэвіч, а таксама Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

44 вучні 7—11 класаў сабраліся ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі і Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава, каб на працягу трох алімпіядных дзён вызначыць лепшых у інфарматыцы.

— Абласны этап алімпіяды па інфарматыцы складаўся з двух практычных тураў, на якія адводзілася па 5 гадзін, — расказаў старшыня журы, дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат педагагічных навук Андрэй Андрэевіч Казінскі. — Кожны тур уключаў чатыры задачы, якія патрабавалі ад удзельнікаў змадэляваць пэўнае лікавае рашэнне для даволі складаных алгарытмічных працэсаў. Для паспяховага рашэння гэтых задач неабходны былі не толькі грунтоўныя веды са школьнай праграмы, але і тэорыі алгарытмаў. Алімпіядныя заданні мелі аптымальны ўзровень складанасці. Школьнікі паказалі высокую якасць падрыхтоўкі. На жаль, многія раёны вобласці не былі прадстаўлены на алімпіядзе, што звязана з адсутнасцю ў іх сістэмнай работы ў алімпіядным руху. Прафесійны ўзровень настаўнікаў шэрага раёнаў недастатковы для выніковай падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Органы кіравання адукацыяй павінны ствараць належныя ўмовы для паўнацэннага развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў і педагогаў, каб іх здольнасці былі запатрабаваны ў роднай краіне, а не за мяжой.

З году ў год высокія вынікі ў алімпіядным руху паказваюць выхаванцы настаўнікаў інфарматыкі Ігара Віктаравіча Гардынца з Маларыцкай раённай гімназіі і Івана Альфрэдавіча Трэгубава з сярэдняй школы № 2 Лунінца.

Адзінаццацікласнік Андрэй Некрашэвіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца ўдзельнічае ў алімпіядах па інфарматыцы з 7 класа. На рахунку Андрэя 7 дыпломаў рознай вартасці, атрыманых па выніках абласных і заключных этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Сёлетнія заданні юнак лічыць цікавымі і складанымі адначасова. Ён марыць паўдзельнічаць у міжнароднай алімпіядзе і звязаць жыццё з праграмаваннем.

Дзесяцікласнік Дзмітрый Карпенкін з Маларыцкай раённай гімназіі даўно захапляецца праграмаваннем. Гэтае захапленне ўсяляк заахвочвае настаўнік інфарматыкі І.В.Гардынец. Дзве задачы падаліся Дзмітрыю асабліва цяжкімі. Для іх рашэння юнаку не хапіла вопыту і пэўных ведаў. З праграмаваннем ён плануе звязаць прафесійную дзейнасць.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнік Андрэй Некрашэвіч і дзесяцікласнік Аляксей Філіновіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца, дзесяцікласнік Кірыл Шырма і адзінаццацікласнік Дзмітрый Кулажэнка з гімназіі № 1 Брэста. Спецыяльны прыз абласнога ўпраўлення адукацыі і Брэсцкага абласнога ІРА дастаўся абсалютнаму пераможцу Андрэю Некрашэвічу.

***

У абласным этапе алімпіяды па працоўным навучанні, якая праходзіла на базе сярэдняй школы № 7 Кобрына і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, удзельнічалі 25 юнакоў і 25 дзяўчат.

— Спаборніцтва складалася з практычнага і тэарэтычнага тураў, — расказаў старшыня журы абласнога этапу алімпіяды па працоўным навучанні (тэхнічная праца) настаўнік працоўнага навучання Георгій Кляменцьевіч Фурсевіч з Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна. — Практычны тур, на які адводзілася 4 гадзіны, прадугледжваў выраб прадмета з драўніны і металу па чарцяжы з пэўнымі канструктыўнымі зменамі. Сёлета такім прадметам быў флюгер. Тэарэтычны тур, на выкананне якога адводзілася 3 гадзіны, складаўся з тэставых пытанняў, што тычыліся канструявання, апрацоўкі драўніны і металу, і творчых задач па выяўленні тэхнічнага мыслення. Калі з пытаннямі, звязанымі з ведамі школьнай праграмы, вучні справіліся паспяхова, то з тэхнічнымі задачамі горш. Тым не менш узровень падрыхтоўкі алімпіяднікаў з году ў году павышаецца. У рабоце з імі асаблівую ўвагу педагогам варта звяртаць на чытанне чарцяжоў і правільнасць іх афармлення.

Штогод паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядзе прадстаўнікі сярэдняй школы № 16 Пінска, сярэдняй школы № 19 Баранавіч, Вялікагацкай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна і Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна.

— Хацелася б дадаць да алімпіяды па працоўным навучанні яшчэ і чарчэнне, — адзначыў Г.К.Фурсевіч. — Без гэтага прадмета, якому ў школе ўдзяляецца мала ўвагі, нельга абысціся пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў. Акрамя таго, неабходна павысіць імідж дыпломаў, атрыманых па выніках алімпіяды па працоўным навучанні.

— Сёлета ў практычным туры дзяўчаты выраблялі тэкстыльную ўпакоўку-мяшочак для сувеніра да Дня Святога Валянціна, — расказала старшыня абласнога этапу алімпіяды па працоўным навучанні (абслуговая праца) настаўніца працоўнага навучання Аксана Аляксееўна Дакучыц з Малецкага ясляў-сада — сярэдняй школы Бярозаўскага раёна. — Гэта аб’ёмнае і складанае заданне, з якім многія ўдзельнікі справіліся не без цяжкасцей. У тэарэтычным туры пэўныя праблемы выклікалі творчыя задачы. Нягледзячы на тое, што алімпіяднікі ў цэлым паказалі добрую падрыхтоўку, педагогам варта ўдзяляць большую ўвагу вышыўцы і выкананню швейных аперацый. На высокім узроўні алімпіядная работа вядзецца ў сярэдняй школе № 16 Пінска, гімназіі № 1, сярэдніх школах №№ 7 і 9 Баранавіч.

Летась дзевяцікласнік Ян Барычэўскі з Лапацінскай сярэдняй школы Пінскага раёна атрымаў па выніках абласнога этапу алімпіяды дыплом ІІІ ступені, а сёлета — дыплом ІІ ступені. “Працоўныя навыкі ў галіне сталярных работ абавязкова спатрэбяцца ў жыцці”, — лічыць хлопец.

Дзесяцікласніца Яна Мізгер з сярэдняй школы № 7 Баранавіч удзельнічае ў алімпіядным руху з 7 класа. “Душа ляжыць да рукадзелля, — прызнаецца дзяўчына. — Асабліва люблю вышыўку. Гэтае захапленне — ад мамы”. Цікавасць вучаніцы да вышыўкі падтрымлівае і школьная настаўніца Т.М.Кірык.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнік Уладзіслаў Пашкавец з сярэдняй школы № 16 Пінска, дзесяцікласніцы Яна Мізгер з сярэдняй школы № 7 Баранавіч і Паліна Герасіменя з сярэдняй школы № 9 Баранавіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.