З прыцэлам у дарослую навуку

- 9:37Адукацыйная прастора

У апошнія выхадныя лютага прайшлі рэспубліканскія конкурсы работ даследчага характару (канферэнцыi) навучэнцаў па 18 вучэбных прадметах.

Як адзначалася падчас адкрыцця конкурсаў, у нашай краіне праводзіцца актыўная дзейнасць па развіцці даследчых навыкаў, пазнавальных патрэб школьнікаў, стварэнні творчай пазітыўнай атмасферы супрацоўніцтва, партнёрства педагогаў і навучэнцаў. Вынікам гэтай работы з’яўляецца рост колькасці заявак на ўдзел у конкурсах работ даследчага характару. І сёлета для ўдзелу ў конкурсе было пададзена больш за 1000 заявак. Каб трапіць на “рэспубліку”, трэба стаць лепшым у сваёй навучальнай установе, горадзе (раёне), вобласці.
Гэты год стаў юбілейным для Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па вучэбных прадметах “Астраномія”, “Біялогія”, “Хімія”, “Інфарматыка”, “Матэматыка”, “Фізіка”. Ён праводзіўся 20-ы раз і праходзіў на базе Мінскага абласнога ліцэя. Гісторыя рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару навучэнцаў у нашай краіне бярэ пачатак у 90-х гадах XX стагоддзя, калі беларускія школьнікі сталі рэгулярна ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях юных навукоўцаў. У 1996 годзе на базе політэхнічнай гімназіі № 6 Мінска была праведзена Першая рэспубліканская канферэнцыя навучэнцаў Беларусі.
Секцыі “Лiнгвiстыка” (беларуская мова), “Літаратуразнаўства” (беларуская літаратура) працавалі на базе Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Удзельнікаў секцый “Англійская мова”, “Нямецкая мова”, “Французская мова”, “Іспанская мова”, “Кітайская мова” гасцінна прымала сярэдняя школа № 16 Мазыра Гомельскай вобласці.
Юныя даследчыкі гісторыі і грамадазнаўства збіраліся ў Баранавічах. Секцыі “Чалавек і сучаснае грамадства” (грамадазнаўства), “Гісторыя — культурная спадчына і сучаснасць” (гісторыя) працавалі на базе ліцэя № 1 Баранавіч Брэсцкай вобласці.
Работа трох секцый была арганізавана ў Мінску. Секцыя “Геаграфія XXI стагоддзя: погляд юнага даследчыка” (геаграфія) праходзіла на базе санаторнай школы-інтэрната № 9 Мінска для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі. Гімназія № 146 Мінска стала рабочай пляцоўкай для дзейнасці секцый “Лінгвістыка” (руская мова), “Лiтаратуразнаўcтва” (руская літаратура).
У заключным (вочным) этапе прынялі ўдзел 375 навучэнцаў рэспублікі. Былі прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі і Украіны. Журы, сярод якіх 12 дактароў і 41 кандыдат навук, выявіла пераможцаў канферэнцыі, а таксама адабрала прэтэндэнтаў, якія прадставяць Рэспубліку Беларусь на канферэнцыі маладых вучоных краін Еўрапейскага саюза і Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, экалогіі.
У выніку ўзнагароды Міністэрства адукацыі атрымалі больш за 150 навучэнцаў. Кожная з прадстаўленых на суд журы работ па-свойму ўнікальная і непаўторная, у кожную ўкладзена душа юнага даследчыка, затрачаны каласальная праца вучня і яго кіраўніка.
Гучна пра сябе заявілі юныя даследчыкі, якія сталі аўтарамі такіх работ, як “Астэроід Ітокава”, “Актыўныя ўтварэнні на Сонцы”, “Вызначэнне ўзросту зорнага збору”, “Беражыся аўтамабіля! Мадэляванне перасячэння транспартных патокаў”, “Сістэма аўтаматызаванага ўліку наведвальнасці навучэнцаў па тэхналогіі Bluetooth”, “Вышэйшыя тоеснасці Якабі”, “Аб параўнанні гладкасці знешняй функцыі і яе модуля”, “Крыніца электрычнай энергіі, заснаваная на гемадынаміцы”, “Прапелералёт” і многія іншыя.
Члены журы канферэнцыі на розных секцыях прыйшлі да аднадушнай высновы аб тым, што ўзровень падрыхтоўкі работ, а менавіта фармулёўка гіпотэзы, выразная структура работы, тэарэтычная абгрунтаванасць, самастойнасць даследаванняў, аналітычныя выкладкі вынікаў эксперымента, афармленне работы ў адпаведнасці з агульнымі патрабаваннямі, культура і логіка выступлення навучэнцаў, глыбіня валодання матэрыялам, пісьменнасць пры адказах на пытанні па тэме даклада значна выраслі. Найбольш высокія вынікі паказалі навучэнцы Мінска і Мінскай вобласці.
Паспяховасць асваення даследчай дзейнасці навучэнцамі, фарміраванне ў іх даследчых уменняў напрамую залежыць ад узроўню кампетэнтнасці настаўніка ў гэтым кірунку дзейнасці. Бясспрэчна, даследчая работа дапамагае навучэнцам не толькі авалодаць кампетэнцыямі пазнавальнай дзейнасці, але і сфарміраваць уласную траекторыю развіцця і больш свядома падысці да выбару прафесіі.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ганны СІНЬКЕВІЧ.