З прызнаным аўтарытэтам

Пра Вольгу Анатольеўну Сікорскую гавораць, што яна патрабавальная і прынцыповая, але мне здаецца, што для настаўніка гэта проста выдатныя якасці. Дзеці заўсёды за справядлівасць. А яшчэ яны любяць сучасных настаўнікаў, якія ўдала спраўляюцца з усімі гаджэтамі. І тут яна аўтарытэтны карыстальнік.

У сталічнай гімназіі № 22 В.А.Сікорская працуе з 2005 года. Выкладае англійскую мову і вельмі любіць свой прадмет. Яна глыбокі і рознабаковы педагог, пастаянна пашырае і ўдасканальвае свае прафесійныя кампетэнцыі. Ёй удаецца спалучаць разнастайныя формы і метады работы. Вольга Анатольеўна — мабільны настаўнік, які ўключае ў свае ўрокі праблемныя, творчыя моманты.
Асаблівую ўвагу ўдзяляе арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў. Умее цікава падаць вучэбны матэрыял, захапіць уласнай радасцю ад пазнання. Урокі Вольгі Анатольеўны заўсёды адметныя, бо ёй удаецца добразычлівую атмасферу спалучаць з добрым тэмпам работы. У выніку дзеці працуюць з задавальненнем і без адчування стомленасці. Настаўніца заўсёды ў пошуку. Яе цікавяць інавацыйныя формы арганізацыі навучання на ўроках англійскай мовы з улікам канкрэтных асаблівасцей этапу навучання, зместу і ўзроўню ведаў вучняў.
На занятках увесь час звяртаецца да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, інтэрактыўных метадаў, шырока выкарыстоўвае рэсурсы сеткі інтэрнэт, адаптуючы іх да патрэб сваіх навучэнцаў, выкарыстоўвае магчымасці сэрвісаў вэб 2.0, інтэрактыўнай дошкі. Актыўна прымяняе тэхналогію “перавернутага ўрока” пры падтрымцы вэб-сэрвісаў, а таксама магчымасці мабільнага класа і мультымедыйнага асяроддзя Sanako 1200.
Яшчэ Вольга Анатольеўна з 2008 года з’яўляецца кіраўніком рэсурснага цэнтра гімназіі па англійскай мове. Праводзіць індывідуальныя кансультацыі для маладых спецыялістаў гімназіі і студэнтаў-практыкантаў, аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы адкрытых урокаў, наведвае ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы калег.
Настаўніца прымала ўдзел у гарадскім конкурсе “IT-рэгіён: Minsk.edu.by” ў намінацыі “IT-педагог”. Вольга Анатольеўна ахвотна дзеліцца з калегамі сакрэтамі свайго майстэрства. Яе артыкулы публікаваліся ў зборніку Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку”, у зборніку тэзісаў дакладаў гарадской навукова-практычнай канферэнцыі “Педагагічная культура: праблемы станаўлення і развіцця”, у “Настаўніцкай газеце”, часопісе “Замежныя мовы”.
Удзельнічала ў XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Выкладанне англійскай мовы і літаратуры: тэкст і кантэкст” з майстар-класам “IT-тэхналогіі на ўроку”. Па выніках X Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” Вольга Анатольеўна атрымала дыплом ІІ ступені.
Настаўніца правяла каля 20 дэманстрацыйных і вучэбных семінараў, майстар-класаў для настаўнікаў раёна, горада, рэспублікі па выкарыстанні сучасных адукацыйных тэхналогій. Вольга Анатольеўна прымае актыўны ўдзел у рабоце кансалтынгавага цэнтра гімназіі і ажыццяўляе інавацыйную дзейнасць у рамках інавацыйнага праекта гімназіі “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”, “Удасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў з дапамогай навучання сучасным падыходам да падрыхтоўкі і правядзення вучэбных заняткаў”.
Акрамя таго, Вольга Анатольеўна ўдзяляе асаблівую ўвагу рабоце з адоранымі дзецьмі. Яе навучэнцы рэгулярна займаюць прызавыя месцы на раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядзе па англійскай мове.
І вось нядаўна новая перамога — прэмія Мінгарвыканкама за выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій як сродку стымулявання вучэбнай дзейнасці па англійскай мове на ІІІ ступені навучання.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.