З пушчай у сэрцы

- 11:24Брэстчына

Словы “экалогія”, “эколагі”, “экалагічны” нібыта самі просяцца на вусны ці на паперу, калі гаворка заходзіць пра Камянюцкую сярэднюю школу Камянецкага раёна. У гэтай установе адукацыі, з усіх бакоў ласкава, па-мацярынску абнятай Белавежскай пушчай, літаральна ўсё мае пазнаку “эка”: на ўроках і факультатыўных занятках камянюцкія школьнікі, акрамя традыцыйных, атрымліваюць у пашыраным аб’ёме экалагічныя веды, сістэма выхавання тут будуецца найперш на прывіцці навучэнцам экалагічнай культуры і фарміраванні экалагічнага светапогляду, піянерская дружына называецца “Экаполіс”, у кожным класе ёсць свой экалагічны атрад, экалагічны кірунак маюць фактычна ўсе аб’яднанні па інтарэсах (“Экатэатр”, “Навуковае таварыства навучэнцаў”, “Азеляненне і дызайн”, “Школьнае лясніцтва”), штогод вясной праводзіцца экалагічны месячнік (з экалагічнымі акцыямі “Чысты лес”, “Чыстая вуліца”, “Чыстая рака”), а ў чэрвені працуе экалагічны лагер “Вясёлка”, тут пастаянна ладзяцца экалагічныя фестывалі (самы маштабны, рэспубліканскі, быў праведзены ў 2009 годзе ў рамках святкавання 600-годдзя запаведнага рэжыму Белавежскай пушчы), экалагічныя турніры, экалагічныя дыспуты і розныя іншыя мерапрыемствы з абавязковай экалагічнай афарбоўкай. Дарэчы, да ўступлення ў сілу Кодэкса аб адукацыі ў 2011 годзе Камянюцкая сярэдняя школа нават у сваёй афіцыйнай назве мела слова “экалагічная”.

Пры ўсё гэтай экалагічнай разнастайнасці вучэбна-выхаваўчы працэс у школе вылучаецца выпрацаванымі на працягу многіх гадоў сістэмай і арганізаванасцю, арыентаванасцю на ўдзел у сацыяльна значных, у тым ліку міжнародных праектах, супрацоўніцтвам з аўтарытэтнымі партнёрамі. Дырэктар установы Сяргей Барысавіч Міхалачкін перакананы, што без усяго гэтага нават самыя высакародныя мэты, якія ставіла адміністрацыя перад педагагічным і вучнёўскім калектывам, заставаліся б толькі дэклараванымі на паперы. Невыпадкова дэвізам установы з’яўляюцца словы вядомага чэшскага педагога-гуманіста Яна Амоса Каменскага: “У школе павінен быць такі ж парадак, як у прыродзе”.

Так, ужо не адно дзесяцігоддзе надзейным партнёрам ва ўсіх экалагічных ініцыятывах і наогул у штодзённым жыцці Камянюцкай школы з’яўляецца Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Ён забяспечвае выплату грашовых прэмій паспяховым у вучобе навучэнцам, падарункі пераможцам розных этапаў алімпіяды па вучэбных прадметах і пераможцам навукова-практычных канферэнцый, падвоз навучэнцаў з навакольных вёсак да месца вучобы і назад. Школьнікі і педагогі маюць магчымасць наведваць музей прыроды і вальеры парку ў рамках вучэбных заняткаў і ў пазаўрочны час. Камянюцкія школьнікі могуць таксама паспрабаваць сябе ў ролі экскурсаводаў у музеі прыроды і рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза (гэтаму, натуральна, папярэднічае адпаведная падрыхтоўка) ды яшчэ атрымаць заработную плату. Дарэчы, каля 40 працэнтаў выпускнікоў Камянюцкай школы пасля атрымання прафесіі пачынае стала працаваць у лясным, паляўнічым, турыстычным аддзелах Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”.

Камянюцкая сярэдняя школа адкрыта і для актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва. Важным штуршком у павышэнні паспяховасці сістэмы экалагічнай адукацыі і выхавання ва ўстанове стаў у 2016 годзе яе ўдзел у І конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, прадугледжанага праграмай развіцця ААН пры фінансаванні Еўрапейскіга саюза. У выніку ў Камянюцкай школе быў створаны сучасны экалагічны рэсурсны цэнтр.

Былі закуплены дэманстрацыйнае абсталяванне, інтэрактыўная дошка, мультымедыйны праектар, прынтар, ноутбук, 2 планшэты, 10 хіміка-біялагічных мікралабараторый у камплекце са светлавымі мікраскопамі і мікрапрэпаратамі для карыстання вучнямі (гэтыя мікралабараторыі дазваляюць школьнікам прымяняць на практыцы такія метады, як назіранне, эксперымент і мадэляванне, ажыццяўляць самастойныя даследаванні). З мэтай фарміравання элементарных навыкаў догляду жывых арганізмаў быў набыты акварыум і аксесуары да яго. Для школьнай экалагічнай сцяжыны “Тайны лес” абноўлены 8 штэндараў для прыпынкаў з размешчанай на іх пазнавальнай інфармацыяй.

Сёння рэсурсны цэнтр Камянюцкай школы — гэта выдатная база для правядзення экалагічных заняткаў (педагогамі ўстановы, супрацоўнікамі Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” і грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”), экалагічнага турніру “Зямля — наш дом ва ўсім Сусвеце”, розных прыродаахоўных акцый, у якія, дарэчы, усё актыўней уключаецца і мясцовае насельніцтва. Умацаванне матэрыяльнай базы, рост матывацыі дзяцей да навучання, станоўчая ацэнка ініцыятыў школы грамадскасцю — усё гэта толькі запэўнівае кіраўніцтва школы ў неабходнасці далейшага ўдзелу ў значных, у тым ліку міжнародных праектах.

А насычанае цікавымі падзеямі грамадска актыўнае жыццё камянюцкіх школьнікаў з юных гадоў робіць іх мэтанакіраванымі людзьмі і, што не менш важна, сапраўднымі патрыётамі, спрыяе іх разуменню, што паўнацэннае шчасце знаходзіцца не дзесьці далёка, за сінімі гарамі і цёмнымі лясамі, а вось тут, побач, у родным цёмным лесе, дакладней, у Белавежскай пушчы, у светлай роднай школе. У гэтым пераконваешся падчас непасрэдных гутарак з імі, сённяшнімі школьнікамі і нядаўнімі выпускнікамі Камянюцкай школы. Проста не можаш не верыць ім: Наталлі Яўташук, якая пасля заканчэння сёлета БрДУ імя А.С.Пушкіна вярнулася працаваць у родную школу настаўніцай пачатковых класаў, дзевяцікласніку Паўлу Каралёву, які марыць, як і яго старэйшы брат, пасля школы паступіць на гістфак БДУ, стаць археолагам і ўдзельнічаць у археалагічных раскопках і стварэнні музея пад адкрытым небам на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”, дзесяцікласніцы Дар’і Казакевіч, якая ўжо сёння праводзіць на нямецкай мове экскурсіі ў Белавежскай пушчы і хоча пасля заканчэння школы і лінгвістычнага ўніверсітэта вярнуцца працаваць у экскурсійны аддзел Нацыянальнага парку, дзесяцікласніцы Сашы Мышленік, якая тры гады запар займае прызавыя месцы на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”, плануе паступіць на біяфак БДУ, а потым, як і аднакласніца Дар’я, таксама прыйсці працаваць у пушчу… Пушча іх прыме, бо любіць. Як і яны яе.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.