З пустога ў парожняе

- 11:07Сацыяльны ракурс

Як зрабіць харчаванне ў школе больш якасным?

У мінулым навучальным годзе расходы дзяржаўнага бюджэту на забеспячэнне навучэнцаў харчаваннем, згодна з данымі Міністэрства фінансаў, склалі 239,5 млн рублёў. Больш чым 40% ад гэтай сумы накіроўвалася на арганізацыю харчавання навучэнцаў школ.

Згодна з Кодэксам аб адукацыі, забеспячэнне харчаваннем з’яўляецца мерай сацыяльнай абароны дзяцей, а неабходныя для гэтага ўмовы павінны ствараць менавіта ўстановы адукацыі. У ліпені мінулага года, згодна з распараджэннем Адмiнiстрацыi прэзідэнта, былі сабраны тры рабочыя групы для вывучэння пытанняў арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі, яго фінансавання, цэнаўтварэння, выканання санітарных норм і правіл. На жаль, ёсць школы, якія да гэтых абавязкаў падыходзяць не зусім адказна. І гэта нягледзячы на шматлікія праверкі і папярэджанні з боку адпаведных структур. Пра асноўныя парушэнні і тое, які алгарытм дзеянняў лепш выбраць, каб чарговы раз не наступіць на адны і тыя ж граблі, расказала начальнік упраўлення кантролю спажывецкага рынку, сферы паслуг і за абаротам падакцызных тавараў Камітэта дзяржаўнага кантролю Алена Генадзьеўна Масурноўская.

Як паведаміла Алена Масурноўская, у 2017 годзе Камітэт дзяржкантролю здзейсніў праверкі ў сферы арганізацыі харчавання навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, падчас якіх былі выяўлены сур’ёзныя парушэнні і праблемныя пытанні.

Згодна з данымі Белстата, на 1 студзеня ў краіне функцыянуе 7295 устаноў сістэмы адукацыі, у тым ліку 3035 — агульнай сярэдняй адукацыі.

Згодна з Кодэксам аб адукацыі, арганізацыя харчавання навучэнцаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія спецыялізуюцца на аказанні паслуг грамадскага харчавання.

Як адзначаюць супрацоўнікі дзяржкантролю, якія правяр­аюць школы, арганізацыю харчавання, якую ажыццяўляюць камбінаты школьнага харчавання, трэба пераглядаць і мяняць. КШХ з’яўляюцца камунальнымі гаспадарча-разліковымі структурамі. Іх асноўная мэта накіравана на атрыманне прыбытку. У супрацьлегласць гэтаму арганізацыя харчавання, калі ў ёй задзейнічаны школы і ўпраўленні па адукацыі, накіравана на сацыяль­ную абарону навучэнцаў. Таму не дзіўна, што ўзровень кошту на асобную прадукцыю харчавання КШХ часта на 40—60% вышэйшы, чым ва ўпраўленнях па адукацыі.

Станоўчым у гэтым кірунку з’яўляецца прыклад Мінскай вобласці. З 2013 года тут праводзіцца работа па паэтапным пераходзе на арганізацыю харчавання аддзеламі адукацыі. На сёння аддзелы адукацыі Мінскай вобласці арганізуюць харчаванне ў 98,8% сярэдніх навучальных установах. Такі падыход дазваляе змен­шыць кошт абедаў, у тым ліку і за бацькоўскую плату, а таксама выйсці на дастаткова высокі ўзровень выканання ўстаноўленых норм харчавання да 94% (у КШХ — да 90%).

“Вынікі кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў былі разгле­джаны на пасяджэнні калегіі дзяржкантролю, пасля чаго матэрыялы калегіі з канкрэтнымі вывадамі і прапановамі па паляпшэнні сітуацыі ў гэтай сферы былі накіраваны ў Савет Міністраў, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, — расказала Алена Масурноўская. — Безумоўна, аб сітуацыі з арганізацыяй харчавання навучэнцаў быў праінфармаваны і прэзідэнт”.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце 
№ 53, 16 мая 2019 года.

Наталля САХНО.
Фота з архіва Алены Масурноўскай.