З сучаснымі падыходамі да навучання і выхавання

- 11:26Планёрка ў рэгіёне

“У ліку самых значных дасягненняў у сістэме адукацыі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці за апошнія гады можна адзначыць адкрыццё першага ў раёне дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці на базе Ярэміцкага ясляў-сада і спецыяльнага дзіцячага сада для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, — расказаў начальнік аддзела па адукацыі Кобрынскага райвыканкама Іван Аляксеевіч КАРОБКА. — У мінулым годзе Астраміцкай сярэдняй школе прысвоены статус школы міру (першай у вобласці), а ў Павіцьеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе пачалася рэалізацыя сумеснай праграмы “БПС-Ашчадбанк” і Міністэрства адукацыі “Настаўнік для Беларусі”. У ёй прынялі ўдзел педагогі Наталля Васільеўна Цецярук і Наталля Іванаўна Цецярук”.

— Іван Аляксеевіч, скажыце, якія эфектыўныя педагагічныя тэхналогіі і методыкі выкарыстоўваюць педагогі раёна?

— На першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі педагогі актыўна прымяня­юць гульнявыя тэхналогіі, тэхналогіі праблемнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, прадукцыйнага чытання, актыўныя формы і метады работы, ІКТ. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу на другой і трэцяй ступенях папулярнасць набылі праектныя тэхналогіі, тэхналогіі камунікатыўна-арыентаванага навучання, трэнінгавая методыка, метад актыўнай ацэнкі, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, мабільнае навучанне. Стала распаўсю­джанай практыка прымянення воблачных сэрвісаў і інтэрактыўных ЭАР. Праводзіцца работа па асваенні STEAM-падыходаў. У выхаваўчым працэсе ўкараняюцца праграмы “Афлатун”, этнакультурныя тэхналогіі, методыка “роўны вучыць роўнага”, квест-тэхналогіі. У бягучым навучальным годзе 14 устаноў пацвердзілі статус зялёных школ.

Па выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшую рэалізацыю міжведамаснага інфармацыйна-прафілактычнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” пераможцай у адной з намінацый стала сярэдняя школа № 3 Кобрына. У маі 2019 года па выніках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасныя аспекты адукацыі. Новы погляд” калектыў дзіцячага сада — сярэдняй школы № 4 Кобрына быў адзначаны дыпломам за высокі прафесіяналізм і педагагічнае майстэрства і дыпломам ІІІ ступені ў Еўразійскай інавацыйнай алімпіядзе.

Па выніках XVIII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў 2019 годзе шэсць работ, у якіх быў прадстаўлены эфектыўны вопыт выхаваўчай дзейнасці, рэкамендаваны да распаўсюджвання на ўзроўні краіны і размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале. Па выніках абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” Наталля Пятручык, настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 2 Кобрына, стала яго лаўрэатам і ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.

У бягучым навучальным годзе ў шасці гарадскіх і дзвюх сельскіх школах рэалізоўваюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты. Сярэдняя школа № 9 і яслі-сад № 15 Кобрына з’яўляюцца эксперыментальнымі пляцоўкамі НІА.

— Якая работа праводзіцца ва ўстановах адукацыі раёна па развіцці профільнага навучання?

— У 2019/2020 навучальным годзе арганізавана профільнае навучанне ў 18 установах адукацыі, у якіх на павышаным узроўні атрымліваюць адукацыю 698 навучэнцаў (62%). Адкрыты класы (групы) з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў пяці гарадскіх і чатырох сельскіх установах агульнай сярэдняй адукацыі. У Бухавіцкай сярэдняй школе, Залескай сярэдняй школе, Хідрынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе адкрыты класы аграрнай накіраванасці, навучэнцы якіх наведваюць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. У сярэдняй школе № 9 і дзіцячым садзе — сярэдняй школе № 4 Кобрына функцыянуюць педагагічныя класы (групы). Для навучэнцаў базавых класаў на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана прафесійнае навучанне. У сямі ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна рэалізоўваецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі па I мадэлі для 72 навучэнцаў па 5 спецыяльнасцях. 270 навучэнцаў 10-х і 11-х класаў з 17 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі атрымліваюць прафпадрыхтоўку па III мадэлі — у Кобрынскім дзяржаўным ліцэі сферы абслугоўвання па спецыяльнасцях “Кухар”, “Кандытар”, “Афіцыянт”, “Швачка”, “Камплектоўшчык цацак” і ў Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы па спецыяльнасцях “Майстар па манікюры”, “Сталяр”, “Тынкоўшчык”, “Разьбяр па дрэве і бяросце”, “Пячнік”, “Абліцоўшчык-плітачнік”, “Муляр”, “Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ”. 13 навучэнцаў займаюцца на базе раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства.

— Раскажыце, калі ласка, пра сістэму работы з адоранымі дзецьмі, якая склалася ў раёне.

— З мэтай ажыццяўлення падрыхтоўкі навучэнцаў да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на базе гарадскіх устаноў арганізавана работа рэсурсных цэнтраў і міжшкольных факультатываў. Не першы год на базе гімназіі Кобрына на зімовых канікулах працуе профільны лагер для высокаматываваных навучэнцаў. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды на рахунку юных жыхароў Кобрына — 14 дыпломаў. У 2019 годзе 9 даследчых праектаў вучняў былі адзначаны дыпломамі абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.

— Наколькі паспяхова ўкараняюцца інклюзіўныя падыходы ва ўстановах адукацыі раёна?

— У раёне функцыянуюць 40 класаў інтэграванага навучання і 11 груп інтэграванага навучання і выхавання. Для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату ў дзіцячым садзе — сярэдняй школе № 4 і сярэдняй школе № 9 Кобрына створана безбар’ернае асяроддзе. Дзеці, якія перамяшчаюцца на інвалідных калясках, маюць магчымасць наведваць мерапрыемствы шостага школьнага дня, для іх арганізаваны падвоз на спецыяльна абсталяваным транспарце. У 2019 го­дзе пабудаваны пандус да будынка Цэнтра дзіцячай творчасці. Дзеці атрымалі магчымасць наведваць аб’яднанні па інтарэсах. Стала традыцыйным правядзенне фестывалю інклюзіўнай творчасці. Летам дзеці з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Хваля”, дзе для іх створана безбар’ернае асяроддзе. Для 9 дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра арганізавана педагагічнае суправаджэнне ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Выхавальнікі суправаджэння дапамагаюць дзецям развіваць навыкі камунікацыі і паспяхова адаптавацца ў асяроддзі ўстановы адукацыі.

Гутарыла Надзея ЦЕРАХАВА.