З суперкамп’ютарам — супраць ВІЧ

- 9:55Інфармацыйная гадзіна

Беларускія вучоныя ўстанавілі на аснове камп’ютарнага мадэлявання хімічныя злучэнні, перспектыўныя для стварэння новых лекавых прэпаратаў супраць ВІЧ. Аб гэтым паведаміў навуковы кіраўнік праекта галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Андрыянаў.

“Метадам камп’ютарнага мадэлявання адабраны шэраг хімічных злучэнняў, якія можна выкарыстоўваць для стварэння новых лекавых прэпаратаў супраць ВІЧ. Праведзена іх папярэдняе тэсціраванне з дапамогай камп’ютарных тэхналогій. У рабоце Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі выкарыстаў суперкамп’ютары”, — расказаў Аляксандр Андрыянаў.

На гэты момант вядома больш за 20 лякарстваў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні ВІЧ. Але вірус хутка муціруе, лякарствы перастаюць актыўна процідзейнічаць яму. Таму перад вучонымі стаіць задача стварэння новых прэпаратаў. Даследаванні праходзілі ў двух напрамках. “Па-першае, з дапамогай камп’ютараў былі сканструяваны хімічныя злучэнні на аснове аднаго з вядомых інгібітараў супраць ВІЧ. Па-другое, таксама з дапамогай камп’ютарных тэхналогій быў праведзены пошук злучэнняў, якія могуць быць інгібітарамі супраць ВІЧ, па вялікіх базах даных хімічных злучэнняў. У выніку былі адабраны злучэнні, што маюць неабходныя ўласцівасці. Для гэтага спатрэбіліся маштабныя вылічальныя эксперыменты. Суперкамп’ютары даюць магчымасць нам праводзіць такія даследаванні значна хутчэй”, — адзначыў генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Тузікаў.

На гэты момант вучоныя займаюцца сінтэзам адабраных злучэнняў. “Толькі некаторыя злучэнні патрабуюць сінтэзу, а астатнія можна купіць, яны ёсць у міжнародных базах даных. Вядома, для гэтага неабходна дадатковае фінансаванне, пошукам якога мы таксама займаемся”, — дадаў Аляксандр Андрыянаў.

Камп’ютарнае мадэляванне і першапачатковае тэсціраванне далі вучоным магчымасць сабраць зыходныя даныя, якія неабходны для прадаўжэння работы над стварэннем новых прэпаратаў супраць ВІЧ. Ідэнтыфікаваныя вучонымі злучэнні фарміруюць базавыя структуры, перспектыўныя для распрацоўкі новых эфектыўных лекавых прэпаратаў супраць ВІЧ/СНІДу з шырокім спектрам нейтралізуючага дзеяння.

Распрацоўка беларускіх вучоных была высока ацэнена спецыялістамі і ўвайшла ў топ-100 вынікаў фундаментальных і прыкладных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.