З творчым гарэннем

- 10:35Людзі адукацыі

Калегі Тамары Васільеўны Натаравай гавораць: “Кожныя заняткі гэтага педагога з’яўляюцца ўзорна-паказальнымі, бо яна цалкам аддае сябе любімай рабоце, якой прысвяціла амаль усё жыццё”. Заўсёды падцягнутая, энергічная, актыўная, мэтанакіраваная… Тамара Васільеўна, якая нядаўна адзначыла 70-гадовы юбілей, прызнаецца, што ідзе на працу як на свята, бо атрымлівае ад яе вялікае душэўнае задавальненне.

Т.В.Натараву добра ведае не адно пакаленне брэстаўчан. Больш за 30 гадоў Тамара Васільеўна з’яўляецца нязменным кіраўніком узорнага дзіцячага ансамбля народнага танца “Праменьчык”, які дзейнічае ў гарадскім Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Выпускніца Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры па спецыяльнасці “Балетмайстар-педагог” ні разу не пашкадавала аб атрыманай прафесіі, хаця і выбрала яе выпадкова. У свой час Т.В.Натарава займалася выкладчыцкай дзейнасцю ў культурна-асветніцкіх установах адукацыі Стаўрапаля і Арла (Расія), а пасля пераезду ў Брэст узначальвала харэаграфічную школу.

Ансамбль складаецца з трох груп — па 30 чалавек у кожнай. У 2002 годзе пры ім была створана харэаграфічная студыя, дзе навучэнцы авалодваюць асновамі класічнага, народна-сцэнічнага і эстраднага танца. Заняткі ў студыі праходзяць па чатырохгадовай адукацыйнай праграме, распрацаванай мастацкім кіраўніком, і развіваюць у дзяцей эстэтычны густ і любоў да харэаграфіі, дапамагаюць прафесійнаму самавызначэнню, павышаюць сцэнічнае майстэрства юных танцораў.

Танцавальны рэпертуар ансамбля надзвычай разнастайны. Многія пастаноўкі прысвечаны танцавальнай творчасці народаў свету: “Рускі танец”, кубанскі танец “Казачок”, украінскі “Паўзунец”, “Цыганскі танец”, “Аргенцінскае танга”, “Іспанскі танец” і інш. Вялікая ўвага ўдзяляецца беларускай народнай танцавальнай творчасці: харэаграфічная кампазіцыя “Свята”, лірычны танец “Жураўлі на Палессе ляцяць”, жартоўныя танцы “Дрывасекі”, “Пеўнік і кураняткі”, “Кадрыля” і “Гульні”. Гэтыя канцэртныя нумары выхоўваюць у юных артыстаў і гледачоў павагу і любоў да нацыянальных традыцый беларускага народа.

Ансамбль “Праменьчык” — актыўны ўдзельнік і пераможца гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў, дабрачынных акцый і канцэртаў. За час свайго існавання калектыў неаднаразова прэзентаваў беларускія народныя традыцыі і нацыянальную мастацкую культуру ў многіх краінах Заходняй Еўропы.

— Больш за ўсё ў рабоце падабаецца працэс стварэння харэаграфічнай пастаноўкі, — прызнаецца Т.В.Натарава. — Вельмі прыемна назіраць за прафесійным ростам дзяцей, бо ў ансамблі застаюцца толькі тыя, хто добра разумее, што для дасягнення высокіх вынікаў трэба шмат працаваць. Калі выхаванцы бачаць творчае гарэнне ў педагога, то і самі гараць творчасцю. Радуе, што многія навучэнцы працягваюць адукацыю ў профільных УВА.

Тамара Васільеўна — надзвычай адказны і аўтарытэтны педагог у вачах дзяцей, іх бацькоў і калег. Т.В.Натарава ахвотна дзеліцца з імі сакрэтамі майстэрства і творчага даўгалецця падчас майстар-класаў у Брэсцкім абласным ІРА.

Дзейнасць Тамары Васільеўны адзначана на самым высокім узроўні. На рахунку педагога — грамата Міністэрства адукацыі Беларусі, Ганаровая грамата Савета Міністраў Беларусі і медаль “За працоўныя заслугі”. Але найлепшай узнагародай для Т.В.Натаравай з’яўляюцца творчыя набыткі выхаванцаў, у якіх яна бачыць працяг сваёй любімай справы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.