З творчым падыходам да фізікі

- 10:35Людзі адукацыі

Захопленыя вучні з цікавасцю самастойна шукаюць адказы на розныя фізічныя пытанні. Навучэнцы старанна выконваюць заданні, усе нацэлены на вынік — атрыманне новых ведаў. Педагог выступае толькі куратарам вучэбнага працэсу, задае кірунак вучнёўскім пошукам. Такім чынам імкнецца праводзіць свае заняткі настаўніца фізікі гімназіі № 2 Бабруйска Лілія Маковіч.

Настаўнічаць Ліліі Міхайлаўне хацелася з дзяцінства. Школьніцай яна сур’ёзна захаплялася дакладнымі навукамі, асабліва фізікай. У старшых класах да гэтага захаплення дадалося імкненне перадаваць свае веды іншым.

— Таму пасля атрымання школьнага атэстата і вырашыла набыць прафесію педагога. Без асаблівых роздумаў стала студэнткай цяперашняга Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Падчас вучобы ўпэўненасць у правільнасці прафесійнага выбару толькі ўмацавалася, — гаворыць Лілія Маковіч.

Гады студэнцтва праляцелі хутка. Разам з запаветным дыпломам Лілія Міхайлаўна атрымала размеркаванне ў педагагічнае вучылішча Ваўкавыска. У гэтай навучальнай установе яна адпрацавала чатыры гады. Там адбылася як настаўнік, атрымала добры прафесійны вопыт.

— Але цягнула на малую радзіму, таму вырашыла вярнуцца ў родны горад на Бярэзіне, — адзначыла Лілія Маковіч.

Прыехаўшы ў Бабруйск, маладая настаўніца ўладкавалася ў цяперашнюю 2-ю гарадскую гімназію. Так і працуе тут на працягу вось ужо звыш 30 гадоў. За гэты час яна змагла цалкам рэалізаваць свой настаўніцкі патэнцыял.

Лілія Міхайлаўна старанна падыходзіць да планавання кожнага ўрока. Пры тлумачэнні тэмы, каб дзеці лепш асвоілі і запомнілі матэрыял аб няпростых фізічных з’явах, яна прыводзіць даступныя прыклады, параўнанні са штодзённага жыцця.

— Фізіка досыць складаная навука, таму стараюся наблізіць вучэбныя тэмы да рэальнага жыцця, напоўніць задачы творчасцю. Тады фізіка становіцца прадметам даволі простым для ўспрымання, — кажа настаўніца.

Свае заняткі Лілія Маковіч будуе так, каб было цікава кожнаму вучню. Да актыўнай пазнавальнай дзейнасці далучае дзяцей з дапамогай інтэрактыўных метадаў навучання, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Яна распрацоўвае творчыя заданні, вучэбныя гульні, якія захапляюць хлопцаў і дзяўчат прадметам.

Важным на занятках педагог лічыць таксама кампетэнтнасны падыход. Лілія Міхайлаўна не проста дае дзецям веды. Яна вучыць іх вучыцца самастойна і прымяняць атрыманыя навыкі ў рэальнасці. Такі метад дазваляе вучням зразумець, што фізіка акружае іх усюды ў штодзённым жыцці. Падобныя методыкі дапамагаюць Ліліі Маковіч дасягаць добрай паспяховасці навучання.

Значнае месца ў яе педагагічнай дзейнасці займае работа з адоранымі вучнямі. У сваёй працы Лілія Міхайлаўна ўсімі сіламі стараецца развіць дзіцячыя таленты. Усяляк імкнецца стварыць неабходныя ўмовы для самарэалізацыі адораных вучняў. Настаўніца выпрацавала выразную сістэму работы ў гэтым кірунку. З кожным вучнем яна працуе па індывідуальнай праграме, кожнаму дае свабоду дзеянняў, ажыццяўляе толькі ненадакучлівы, кансультатыўны кантроль за іх імкненнем да ведаў. Спрыяе падрыхтоўцы дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху і інтэлектуальных конкурсах спецыяльны цэнтр па рабоце са здольнымі вучнямі, які дзейнічае на базе гімназіі.

— Плённае супрацоўніцтва ўсіх педагогаў дапамагае нашым навучэнцам дасягаць вучэбных вышынь, — адзначыла Лілія Маковіч.

Добрых вынікаў у вучобе дамагаюцца і непасрэдна яе вучні. Толькі на працягу двух апошніх гадоў яны заваявалі 9 прызавых дыпломаў на другім, 2 — на трэцім і 1 пераможны дыплом на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы.

За працоўныя поспехі Лілія Маковіч неаднойчы ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі. Высокая ацэнка педагагічнай дзейнасці дае ёй стымул для таго, каб працягваць рух наперад у прафесійным удасканаленні. Нягледзячы на значны стаж работы, Лілія Міхайлаўна лічыць, што добры настаўнік павінен бесперапынна працаваць над павышэннем свайго педагагічнага майстэрства. Толькі такім чынам удасца дасягнуць асабістых поспехаў і прывесці да перамог вучняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Ліліі МАКОВІЧ.