З уласным кіраўніцкім стылем

- 11:17Людзі адукацыі

Анжаліка Іванаўна Ермаковіч марыла стаць педагогам з дзяцінства. Да сённяшняга часу яна з вялікай павагай і ўдзячнасцю ўспамінае першую выхавальніцу Валянціну Пятроўну і першую настаўніцу Ірму Самойлаўну, якія валодалі важнымі чалавечымі якасцямі: душэўнай цеплынёй, добразычлівасцю, шчырай любоўю да дзяцей і справядлівасцю. Прыклад гэтых педагогаў моцна паўплываў на выбар прафесійнага шляху.

Пасля заканчэння ў 1992 годзе з адзнакай дашкольнага факультэта тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна Анжаліка Іванаўна прыйшла працаваць выхавальніцай у дзіцячы яслі-сад № 20 Баранавіч, які тады належаў Беларускай чыгунцы. У гэтай установе праходзіў асобасны і прафесійны рост педагога. Праз 3 гады А.І.Ермаковіч стала метадыстам, а ў 2004 годзе ўзначаліла яслі-сад № 69 Баранавіч.

— Эталонам кіраўніка для мяне з’яўляецца былы начальнік Баранавіцкага сектара дашкольных устаноў Беларускай чыгункі Галіна Уладзіміраўна Патоцкая, — гаворыц-ь Анжаліка Іванаўна. — Гэта надзвычай творчы і ініцыятыўны чалавек, прафесійныя ідэі і парады якога дапамагаюць у рабоце і сёння.

Відавочна, што ведаў дашкольнай педагогікі, методык і псіхалогіі было недастаткова ў станаўленні А.І.Ермаковіч як кіраўніка. Давялося дасканала вывучыць псіхалогію кіравання калектывам.

— Спачатку многія рашэнні прымаліся інтуітыўна, былі пэўныя цяжкасці, — прызнаецца Анжаліка Іванаўна. — Але гэта нядзіўна: кіраваць вялікім жаночым калектывам складана. Спасцігаючы тэорыю і псіхалогію кіравання на практыцы, імкнулася стварыць уласны кіраўніцкі стыль і імідж. Гэта вельмі важна, бо станоўчы імідж кіраўніка павышае імідж і канкурэнтаздольнасць установы адукацыі. Сучаснаму кіраўніку не абысціся без высокага прафесіяналізму і кампетэнтнасці, арганізатарскіх якасцей і павышанай працаздольнасці, адміністрацыйнай культуры і высокай маральнасці, асабістага аўтарытэту і дэмакратычнага стылю кіравання. Кожны кіраўнік выбірае тыя метады работы, якія адпавядаюць асаблівасцям яго ўстановы. Для мяне было важна ўсвядоміць структуру і іерархію ўзаемаадносін з калектывам як частку агульнай кіраўніцкай культуры. Таму давялося наладзіць мэтанакіраваную работу па развіцці калектыву і фарміраванні яго каманднага духу, павышэнні кваліфікацыйнага і прафесійнага ўзроўню педагогаў, іх адказнасці за даручаную справу. Хацелася, каб установа палепшыла свой імідж і павысіла свой статус у мікрараёне.

Дзейнасць ясляў-сада пабудавана на аснове цеснага ўзаемадзеяння кіраўніка, педагогаў, дзяцей і іх бацькоў. З мэтай фарміравання станоўчага іміджу ўстановы вывучаюцца і аналізуюцца рэальныя адносіны да яе з боку выхавальнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Вынікі штогадовага анкетавання мам і татаў паказваюць, што амаль усе з іх задаволены якасцю адукацыйнага працэсу ў яслях-садзе.

— Для прафесійнага росту і развіцця педагогаў выкарыстоўваюцца розныя формы работы, — расказвае А.І.Ермаковіч. — Галоўнае, каб яны выклікалі цікавасць і жаданне ўдзельнічаць у іх. Метадычная работа носіць дыферэнцыраваны характар. Актыўна прымяняюцца нестандартныя метады, прыёмы і формы, разлічаныя на творчых педагогаў. Даволі эфектыўнымі з’яўляюцца метадычныя практыкумы, тыдні педагагічнага майстэрства, майстар-класы, конкурсныя праграмы і інш. Асаблівая роля адведзена творчаму аб’яднанню педагогаў, мэта якога заключаецца ў прапагандзе лепшага вопыту выхавальнікаў, павышэнні іх творчай актыўнасці і развіцці творчага патэнцыялу, у тым ліку дзяцей і бацькоў.

На працягу 2012—2014 гадоў творчыя педагогі рэалізоўвалі інавацыйны праект па ўкараненні каштоўнасна-нарматыўнай мадэлі прафесійнай дзейнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі. Праект дазволіў сфарміраваць каштоўнасныя адносіны калектыву да прафесійнай дзейнасці, павысіць кваліфікацыю педагогаў шляхам самаўдасканальвання прафесійных кампетэнцый і метадычнага суправаджэння на аснове індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходу. Было створана адукацыйнае асяроддзе, дзе кожны выхавальнік можа рэалізаваць творчы патэнцыял. Усё гэта станоўча ўплывае на якасць адукацыйных паслуг.

У 2015—2017 гадах педагогі ясляў-сада і сярэдняй школы № 4 удзельнічалі ў рэалізацыі праекта “Пераемнасць у рабоце ўстановы дашкольнай адукацыі і пачатковай школы як умова паспяховай адаптацыі дзяцей да школьнага жыцця”. Дзякуючы праекту ўдалося палепшыць падрыхтоўку дзяцей да навучання ў школе, паспяхова адаптаваць у ёй першакласнікаў, забяспечыць захаванасць іх здароўя і эмацыянальны камфорт, дапамагчы ў развіцці асобасных якасцей, вырашыць праблемы пераемнасці, далучыць бацькоў да ўзаемадзеяння, удасканаліць сістэму метадычнай работы і павысіць прафесійную кампетэнтнасць настаўнікаў і выхавальнікаў.

Ва ўстанове назапашаны вялікі вопыт работы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці і маральна-патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў праз далучэнне іх да беларускай мовы і фальклору, народных свят і традыцый.

— Сістэма работы з кадрамі і інавацыйная дзейнасць дапамаглі згуртаваць калектыў, павысіць самаацэнку кожнага педагога, сфарміраваць творчае ядро для выканання задач, якія патрабуюць нестандартнага падыходу, — адзначае А.І.Ермаковіч. — На дасягнутым мы не спыняемся і пастаянна шукаем новыя шляхі ўдасканалення дзейнасці. Так, установа з’яўляецца кансультацыйным пунктам па аказанні дадатковых адукацыйных паслуг па фізкультурна-спартыўным, мастацка-маўленчым, інтэлектуальна-пазнавальным і іншых напрамках. У яслях-садзе дзейнічае адаптацыйная пляцоўка, якая дапамагае сацыялізацыі дзяцей ранняга ўзросту. Важна, што псіхолага-педагагічнае суправаджэнне малышоў і бацькоў ажыццяўляюць адразу некалькі спецыялістаў. Гэта дазваляе арганізаваць бесперапынны працэс, мяняць віды дзейнасці і сітуацыю. Ад ступені даверу да ўстановы залежаць паспяховасць адаптацыі дзяцей да новых умоў і эфектыўнасць далейшага ўзаемадзеяння з сем’ямі. Запатрабаванасць адаптацыйнай пляцоўкі сярод бацькоў складае 97%. 89% дзяцей лёгка адаптуюцца да ясляў-сада.

Педагогі знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых падыходаў да фарміравання пазітыўнага бацькоўства ў сістэме дзіцяча-бацькоўскіх адносін. З гэтай мэтай праводзяць нетрадыцыйныя мерапрыемствы з удзелам выхавальнікаў, дзяцей, мам і татаў.

— Нашай установе ўласцівы фірменны стыль, — адзначае А.І.Ермаковіч. — Асаблівая ўвага ўдзяляецца эстэтычнаму афармленню памяшканняў. Штогод абнаўляецца ландшафтны дызайн, выпускаецца газета “Дашкалёнак”, вядзецца летапіс установы. На рахунку ясляў-сада шмат узнагарод, атрыманых па выніках розных гарадскіх аглядаў-конкурсаў. У планах — стварэнне пляцоўкі бяспекі, далейшае паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўдасканаленне спартыўнага комплексу. Наперадзе шмат цікавых ідэй, якія абавязкова будуць увасоблены з дапамогай дружнай каманды педагогаў-прафесіяналаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.