За Brexit патрабуюць заплаціць больш

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Еўрасаюз дэ-факта запатрабаваў ад Вялікабрытаніі выплаціць да 100 млрд еўра ў рамках перагавораў па Brexit, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на газету Financial Times.

Выданне адзначае, што, прааналізаваўшы новыя патрабаванні групы краін на чале з Францыяй і Германіяй, Брусель перагледзеў першапачатковыя разлікі. Раней размова ішла аб 60 млрд еўра.

“Пасля прамых запытаў некалькіх дзяржаў-членаў удзельнікі перагавораў з боку ЕС перагледзелі свае першапачатковыя разлікі, каб максімізаваць грашовыя абавязацельствы, якія павінна пакрыць Вялікабрытанія, уключаючы плату за адміністраванне ЕС у 2019 і 2020 гадах”, — адзначае газета.

Брытанскі міністр па пытаннях выхаду Вялікабрытаніі з ЕС Дэвід Дэвіс у інтэрв’ю тэлеканалу ITV адзначыў, што Лондан “не стане выплачваць Еўрасаюзу 100 млрд еўра”. “Тое, што мы павінны зрабіць, дык гэта падрабязна абмеркаваць, якія нашы правы і абавязкі”, — адзначыў Дэвід Дэвіс.

29 сакавіка прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй увяла ў дзеянне артыкул 50 Лісабонскага дагавора аб ЕС, які даў афіцыйны старт перагаворнаму працэсу аб Brexit паміж Лонданам і Бруселем.