За фізічныя баі — “бронза”

- 10:23Рознае, Якасць адукацыі

Беларусь заваявала “бронзу” на Міжнародным турніры юных фізікаў, які сёлета прайшоў у Екацярынбургу (Расійская Федэрацыя). На ХХІХ Міжнародны турнір з’ехаліся каманды прыхільнікаў дакладных навук з усіх кантынентаў.

Турнір праходзіў з 26 чэрвеня па 3 ліпеня на базе Уральскага федэральнага ўніверсітэта. Нашу краіну на гэтым прэстыжным міжнародным інтэлектуальным турніры прадстаўляла зборная каманда навучэнцаў, якая складалася з фіналістаў XXIV Рэспубліканскага турніру юных фізікаў, што прайшоў у лютым бягучага года ў Ліцэі БДУ.

Па выніках рэспубліканскіх фізічных баёў і праверкі ўзроўню валодання англійскай мовай была сфарміравана зборная каманда Рэспублікі Беларусь, у якую ўвайшлі навучэнцы Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ілья Дацэнка (10 клас), Любоў Падзялёшкіна (11 клас), Валянціна Смірнова (11 клас), навучэнка 11 класа Ліцэя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Яна Грыгорчык і адзінаццацікласнік мінскай гімназіі № 11 Глеб Васілеўскі.


Кіраўнікамі каманды былі старшы выкладчык фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Андрэевіч Цімошчанка і студэнт ІІ курса фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Данііл Мнявец.

Міжнародны турнір юных фізікаў — прэстыжныя навуковыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць таленавітыя школьнікі з усяго свету. Мэтай мерапрыемства з’яўляецца калектыўнае (каманднае) спаборніцтва навучэнцаў ва ўменні рашаць задачы даследчага характару, правільна і пераканаўча прадстаўляць атрыманыя вынікі, адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях.

Турнір складаецца з некалькіх паслядоўных баёў. Каманды на англійскай мове прэзентуюць свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў.

Кожны бой складаецца з трох дзеянняў. У іх удзельнічаюць тры каманды, якія, згодна з жараб’ёўкай, па чарзе становяцца дакладчыкамі, апанентамі і рэцэнзентамі. Вынікі выступленняў падводзіць журы, якое ацэньвае работу каманд па дзесяцібальнай шкале, прычым сярэдні бал дакладчыка памнажаецца на 3, а апанента — на 2.


Пераможцай бою прызнаецца каманда, якая набрала найбольшую колькасць балаў па выніках трох дзеянняў. Пасля адборачных баёў па аналагічнай схеме, за выключэннем працэдуры выкліку на задачу, праводзяцца фінальныя спаборніцтвы і вызначаюцца каманды-пераможцы і прызёры турніру.

Каманда Рэспублікі Беларусь змагалася сярод 29 каманд з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Каб заваяваць медалі, давялося прадэманстраваць не толькі глыбокія веды па фізіцы, але і навыкі публічнага выступлення, абароны сваіх вынікаў на англійскай мове і здольнасці хуткага і глыбокага аналізу чужога рашэння задачы. Як адзначыў Ігар Андрэевіч Цімошчанка, наша каманда выступала на максімуме сваіх магчымасцей і вельмі дастойна супрацьстаяла камандзе Сінгапура. “Гэта была сапраўдная камандная гульня. Усе малайцы. Асобна хочацца сказаць пра капітана Ілью Дацэнку, які здолеў усіх аб’яднаць, калі ў гэтым узнікла асаблівая патрэба”, — заўважыў Ігар Андрэевіч.

Па выніках пяці адборачных фізічных баёў нашы ўдзельнікі заваявалі бронзавыя медалі, а пераможцай турніру стала каманда Сінгапура, якая абышла ў фінальным фізічным баі каманды Германіі, Швейцарыі і Тайваня.

Да міжнароднага турніру каманда рыхтавалася на базе Ліцэя БДУ. У трэнерскі штаб, акрамя кіраўнікоў каманды, увайшлі пераможцы і прызёры мінулых гадоў — магістрант факультэта радыёфізікі і камп’ютарнай бяспекі БДУ Аляксандр Мамойка, студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Дзмітрый Баранаў, студэнты фізічнага факультэта БДУ Віктар Лойка і Вераніка Токарава.

Паспяховае выступленне беларускіх школьнікаў на Міжнародным турніры юных фізікаў стала магчымым дзякуючы шматгадовай падтрымцы нацыянальнага турнірнага руху Міністэрствам адукацыі, а таксама дзякуючы дапамозе Ліцэя БДУ і адукацыйнага цэнтра “СТЕМЛАБ”.

Віншуем усіх трэнераў і педагогаў, а таксама бацькоў дзяцей з заваяванай узнагародай і, вядома, установы адукацыі, якія падрыхтавалі пераможцаў міжнароднага ўзроўню!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.