За кіраўніцкі талент і крэатыўнасць

Урачыстая цырымонія закрыцця V гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2016” у намінацыі “Лідар адукацыі” прайшла ў сярэдняй школе № 53 Мінска Савецкага раёна. Уладальніцай гран-пры конкурсу стала намеснік дырэктара гімназіі № 36 Маргарыта Іосіфаўна Галісенкава.

Па рашэнні журы 1-е месца ў конкурсе заняла намеснік дырэктара гімназіі № 10 Мінска Ірына Вячаславаўна Братчэня, 2-е месца — намеснік дырэктара сярэдняй школы № 218 Віктар Аляксандравіч Дарожка, а 3-е месца прысуджана намесніку дырэктара сярэдняй школы № 73 Алесі Яўгенаўне Кісель. Лаўрэаты конкурсу ўзнагароджаны ганаровымі граматамі камітэта па адукацыі і рэкамендаваны да прысуджэння прэміі Мінгарвыканкама ў адпаведнасці з Палажэннем аб гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”.

Падзякі камітэта па адукацыі за высокі ўзровень метадычнай культуры і эфектыўнае арганізацыйна-педагагічнае суправаджэнне прафесійнага развіцця маладых спецыялістаў удастоена намеснік дырэктара сярэдняй школы № 68 Мінска Людміла Яўгенаўна Зязетка. Прыз глядацкіх сімпатый “За крэатыўны пачатак кіраўніцкай дзейнасці” атрымаў намеснік дырэктара гімназіі № 23 Вадзім Анатольевіч Макоска.

З перамогай канкурсантаў павіншавалі першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Марыя Станіславаўна Кіндзірэнка і рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Іванаўна Мароз.

Нагадаем, заснавальнікам гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2016” у намінацыі “Лідар аду-кацыі” з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, МГІРА. Спаборніцтвы накіраваны на выяўленне і вывучэнне новага ў кіраўніцкай дзейнасці, падтрымку інавацыйных распрацовак і тэхналогій, а таксама на распаўсюджванне эфектыўнага вопыту кіравання ў сістэме адукацыі і фарміраванне пазітыўнага сацыяльнага і прафесійнага іміджу кіраўніка ўстановы адукацыі.

Канкурсантам давялося пераадолець два асноўныя этапы спаборніцтваў: першы — на ўзроўні ўпраўленняў адукацыі адміністрацый раёнаў, другі — на гарадскім узроўні. У гарадскім этапе конкурсу прынялі ўдзел 20 намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы.

У мінулым засталіся два найскладанейшыя туры гарадскога конкурсу, у якіх удзельнікі прадэманстравалі прафесіяналізм і глыбокае валоданне пытаннямі кіраўніцкай дзейнасці, талент і творчасць. У першым туры канкурсанты рыхтавалі самапрадстаўленне “Прафесійнае крэда ў кіраўніцкай дзейнасці” і выконвалі кантрольную работу па пытаннях кіраўніцкай дзейнасці, якая ўпершыню праводзілася ў сістэме Moodle.

У фінал спаборніцтваў выйшлі 10 намеснікаў дырэктараў. Яны прадстаўлялі распрацоўку метадычнага мерапрыемства, затым праводзілі яго на базе сваіх устаноў адукацыі і аналізавалі. Завяршыўся другі тур публічным выступленнем кіраўнікоў на тэму “Сучасная школа: навучанне + ?..”.
Уладальніца гран-пры конкурсу намеснік дырэктара гімназіі № 36 Маргарыта Іосіфаўна Галісенкава прызнаецца, што перамога для яе была нечаканай, бо яна чалавек не вельмі ўпэўнены ў сабе і проста імкнулася рабіць сваю справу добра, як заўсёды, даводзячы пачатае да дасканаласці. Конкурс садзейнічаў прафесійнаму росту педагога, самаўдасканаленню, дапамог паверыць у свае сілы.

— Вельмі прыемна, што мая работа так высока ацэнена, — гаворыць Маргарыта Іосіфаўна. — У педагагічную прафесію я прыйшла па ўласным жаданні і па парадзе таты, які ўвесь апошні год навучання ў школе пераконваў мяне, што больш ганаровай прафесіі, чым настаўнік, няма. А паколькі я вельмі любіла і літаратуру, і матэматыку, то вырашыла стаць універсальным педагогам — настаўнікам пачатковых класаў. Калі вучылася на апошнім курсе, пачала працаваць у школе. Потым лёс склаўся так, што на некалькі гадоў сышла адтуль. Аднак хутка зразумела: без школы і дзяцей сумна жыць, таму вярнулася на работу ў гімназію № 7, дзе спачатку была настаўнікам-прадметнікам, педагогам-арганізатарам, метадыстам па інфармацыйных тэхналогіях. Ужо 10 гадоў займаю пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, праўда, у 36-й гімназіі.

У кіраўніцкай дзейнасці я кіруюся прынцыпам, сфармуляваным калісьці Лаа Цзы: чалавеку важна даць магчымасці, а не абавязкі. У гэтым я пераканалася на ўласным вопыце. Ды і згадзіцеся: паставіў настаўніку ў клас інтэрактыўную дошку — і ён пачаў працаваць па-новаму, у яго з’явіўся бляск у вачах; прадэманстраваў педагогу магчымасці даследчай дзейнасці, падвучыў яго, даў устаноўку, што ўсё ў яго абавязкова атрымаецца, — і рух наперад відавочны.

Для М.І.Галісенкавай самым складаным на конкурсе падаліся арганізацыя і правядзенне метадычнага мерапрыемства. За два месяцы давялося перачытаць шмат метадычнай, вучэбнай літаратуры, у тым ліку і па адукацыі дарослых. У выніку намеснік дырэктара прадставіла дзелавую гульню па пераемнасці ў праектна-даследчай дзейнасці паміж І і ІІ ступенямі навучання. На мерапрыемства былі запрошаны настаўнікі пачатковых і 5—6 класаў. Атрымалася зацікаўленая размова з абменам меркаваннямі, прапановамі, з пошукам шляхоў вырашэння праблемы пераемнасці.

— На публічным выступленні я выказала думку, што сучасная школа — гэта навучанне + развіццё + супрацоўніцтва. Зараз адукацыйныя паслугі прадастаўляюць розныя ўстановы і прыватныя асобы — пачынаючы ад рэпетытараў і заканчваючы платнымі курсамі. Аднак школа каштоўная для дзяцей і бацькоў яшчэ і тым, што дзеці вучацца ў ёй быць разам, супрацоўнічаць, без чаго ў сучасным свеце не абысціся. Часта ўзнікае праблема: нашы настаўнікі не заўсёды падрыхтаваны супрацоўнічаць з дзецьмі. І менавіта ў гэты бок хацелася б рухацца са сваімі педагогамі. У сучасным свеце школа павінна быць адкрытай, — пераканана Маргарыта Іосіфаўна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.