Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт — вядучая вышэйшая навучальная ўстанова краіны па падрыхтоўцы спецыялістаў для лясной, хімічнай і паліграфічнай галін прамысловасці. БДТУ сёння — гэта 10 факультэтаў і 28 спецыяльнасцей толькі на першай ступені вышэйшай адукацыі. Ужо ў сёлетнюю ўступную кампанію спіс спецыяльнасцей павялічыцца. Дэкан факультэта выдавецкай справы і паліграфіі Пётр Уладзіміравіч ШАЛІМА прапаноўвае абітурыентам, іх бацькам і настаўнікам звярнуць увагу на тры новыя, высокапрыбытковыя і перспектыўныя кірункі.
— Факультэт выдавецкай справы і паліграфіі самы малады ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Ён быў створаны ў 2000 годзе. У аснове факультэта тады былі тры спецыяльнасці — “Выдавецкая справа”, “Тэхналогія паліграфічных вытворчасцей” і “Паліграфічнае абсталяванне і сістэмы апрацоўкі інфармацыі”. З часам у паліграфічныя кірункі вельмі актыўна пачалі ўкараняцца лічбавыя тэхналогіі. Паліграфію без праграмнага забеспячэння стала нават уявіць складана. Аб’ектыўнай неабходнасцю стала адкрыццё яшчэ адной спецыяльнасці — “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. Мы пачалі рыхтаваць высакакласных праграмістаў. Пацвярджэннем гэтых слоў служыць той факт, што за нашымі праграмістамі выстройваюцца чэргі работадаўцаў. Лепшай рэкламы прыдумаць складана. А калі пералічыць яшчэ і саміх работадаўцаў (Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэт дзяржбяспекі, Пагранкамітэт, рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, Белавія, Белтэлекам і г.д.) — гэта тыя структуры, якія ў сваёй рабоце не могуць дазволіць сабе нават маленькай памылкі, а значыць, і да сваіх работнікаў прад’яўляюць самыя высокія патрабаванні. Нашы выпускнікі іх цалкам задавальняюць. Напрыклад, інфармацыйна-вылічальны цэнтр Міністэрства фінансаў бярэ на работу толькі нашых выпускнікоў, таму што, па іх словах, мы рыхтуем неабходных ім спецыялістаў лепш за ўсіх. А гэта гаворыць пра тое, што мы як універсітэт, як факультэт і як кафедра па гэтай спецыяльнасці цалкам адбыліся. На дварэ ХХІ стагоддзе — светам кіруюць высокія тэхналогіі. Факультэту выдавецкай справы і паліграфіі прыйшоў час зрабіць новы віток развіцця — у 2014 годзе мы адкрываем адразу тры новыя спецыяльнасці.
Першая новая спецыяльнасць — “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі мабільных сістэм”. Выпускнікам гэтай спецыяльнасці будзе прысвоена кваліфікацыя інжынер-праграміст. Яны атрымаюць глубокія веды па сучасных мовах і тэхналогіях праграмавання, аперацыйных сістэмах для мабільных прылад. Студэнты будуць вывучаць спосабы стварэння і абароны сістэмных і прыкладных дадаткаў, пазнаёмяцца з сістэмамі мабільнай сувязі, прынцыпамі функцыянавання ўбудаваных сістэм, праграмаваннем баз даных і інш.
Другая новая спецыяльнасць — “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” са спецыялізацыяй “Праграмаванне інтэрнэт-дадаткаў”. Выпускнікам гэтай спецыяльнасці будзе прысвоена кваліфікацыя інжынер-праграміст. Яны атрымаюць глыбокія веды па сучасных мовах і тэхналогіях праграмавання, а таксама па праграмаванні і тэсціраванні web-сэрвісаў. Яны вывучаць такія мовы праграмавання, як PHP, Python і Ruby, тэхналогіі праграмавання — Juva EE, ASP.NET і інш., web-тэхналогіі — HTTP, HTML, CSS, XML, Juva Script. Студэнты навучацца праграмна рэалізаваць архітэктурныя прынцыпы размеркаваных інтэрнэт-дадаткаў, распрацоўваць сэрвісы і інш.
Трэцяя новая спецыяльнасць — “Дызайн электронных і web-выданняў”. У нашай краіне нічога падобнага пакуль няма, і спецыялістаў у гэтай галіне менавіта ў такім ключы таксама нідзе не рыхтуюць. Выпускнікам гэтай спецыяльнасці будзе прысвоена кваліфікацыя дызайнер-праграміст. Яны атрымаюць глыбокія веды па тэарэтычных і практычных асаблівасцях сеткавага дызайну і дызайну электронных выданняў. Выпускнікі змогуць займаць пасады, звязаныя з распрацоўкай, укараненнем і суправаджэннем праграмных сродкаў, у тым ліку такія, як інжынер, дызайнер, інжынер-даследчык, мастак-дызайнер. Матэрыяльна-тэхнічная база кафедр, высокакваліфікаваны выкладчыцкі склад забяспечаць высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў па новых спецыяльнасцях.
Мы супрацоўнічаем на пастаяннай аснове з многімі вядучымі структурамі краіны. Нашы студэнты праходзяць там усе вытворчыя і пераддыпломныя практыкі. Калі яны трапляюць у вытворчыя ўмовы, ім не трэба перавучвацца, яны ўжо гатовыя да работы. У савецкі час любілі жартаваць: калі малады спецыяліст прыходзіў на работу, то яму гаварылі: “Забудзь усё, чаму цябе вучылі ва ўніверсітэце, цяпер слухай мяне”. Нашых выпускнікоў, наадварот, пачынаюць распытваць, што новага яны даведаліся ва ўніверсітэце, каб прымяніць гэта на практыцы.
Доказы неабходнасці адкрыцця гэтых спецыяльнасцей вельмі простыя. Ніводная спецыяльнасць у нашай краіне не адкрываецца да таго часу, пакуль не будзе пацвярджэнне патэнцыяльных заказчыкаў, што яны маюць патрэбу ў выпускніках такой спецыяльнасці. Нашы спецыяльнасці не выключэнне. Калі мы размаўлялі з патэнцыяльнымі заказчыкамі, вывучалі іх цікавасць да новых спецыяльнасцей, то высветлілася, што яны ўжо даўно чакаюць, калі хто-небудзь адкрые падрыхтоўку менавіта такіх спецыялістаў. Мы ў сваю чаргу гарантуем, што забяспечым узровень падрыхтоўкі спецыялістаў па IT-спецыяльнасцях не ніжэй, чым БДУ і БДУІР, а па некаторых напрамках і вышэй.
Кантрольныя лічбы прыёму па новых спецыяльнасцях на дзённую бюджэтную форму наступныя: на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” — 30 чалавек, “Дызайн электронных і web-выданняў” — 25 чалавек, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі мабільных сістэм” — 30 чалавек. Усяго — 85 чалавек. Па спецыяльнасцях IT-профілю набор у сукупнасці 60 чалавек, а запыт каля 300! Парк высокіх тэхналогій заяўляе, што ўвогуле гатовы штогод браць на работу каля тысячы выпускнікоў спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Па спецыяльнасці “Дызайн электронных і web-выданняў” запыт па падрыхтоўцы маладых спецыялістаў як мінімум у пяць разоў перавышае нашы магчымасці. Уся гэтая інфармацыя мае дакументальнае пацвярджэнне. Наш універсітэт тэхналагічны. І калі гавораць “высокія”, то працягваюць “тэхналогіі”, “інфармацыйныя” — “тэхналогіі”, “нана” — “тэхналогіі” і г.д. Таму новыя спецыяльнасці мы лічым па праву нашымі.
Новыя тры спецыяльнасці — прынцыпова новыя. Ніякіх старых вучэбных планаў — гэта распрацоўка з нуля. У аснову стараліся браць еўрапейскія праграмы, і дысцыпліны, якія будуць вывучацца, гэта сапраўды дысцыпліны ХХІ стагоддзя. Наш правераны часам педагагічны склад здольны забяспечыць падрыхтоўку спецыялістаў вельмі высокага ўзроўню. Кажу правераны часам, таму што ўніверсітэт займае першае месца на працягу ўжо больш як 15 гадоў па “замацаванасці” педработнікаў. Дактары, дацэнты, прафесары, кандыдаты — у нас іх у працэнтных суадносінах больш, чым у якім-небудзь універсітэце краіны. Больш за 75% усяго педскладу маюць вучоныя ступені і званні. Мы гэтым ганарымся, стараемся трымаць высокі ўзровень. Пра тое, што гэта атрымліваецца, сведчыць той факт, што БДТУ — першы беларускі ўніверсітэт, які атрымаў сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці патрабаванням нацыянальнай (СТБ ISO 9001-2009) і нямецкай (DIN EN ISO 9001-2008) сістэм сертыфікацыі. Нашы дыпломы адпавядаюць еўрапейскім патрабаванням, а часта і пераўзыходзяць іх.
Па ўсіх новых спецыяльнасцях тэрмін навучання 4 гады. У перспектыве на базе гэтых спецыяльнасцей можна арганізаваць магістарскую падрыхтоўку, а потым і аспірантуру. Ужо ў 2014 годзе ў БДТУ з’явіцца новы факультэт — інфармацыйных тэхналогій.
Што здаваць? Тым, хто паступае на спецыяльнасць “Дызайн электронных і web-выданняў”, — беларускую ці рускую мову, матэматыку, замежную мову. На дзве іншыя новыя спецыяльнасці IT-кірунку — замест замежнай мовы здаецца фізіка.
Месцы ў інтэрнаце. Магу афіцыйна заявіць, што ўсім першакурснікам мы прадастаўляем месца ў інтэрнаце. На старшых курсах — усё, як у жыцці: хто як працуе, той так і жыве. Ёсць студэнты, якія з першага па пяты курс жывуць у інтэрнаце, а ёсць і такія, каму цяжка растлумачыць, што такое вучэбная дысцыпліна. Інтэрнат вельмі добры, толькі пасля рамонту. Студэнты гавораць, што калі да іх у госці прыязджаюць бацькі, то кажуць, што самі б хацелі жыць у такім.
Якіх абітурыентаў хацелі б бачыць на новых спецыяльнасцях? Для IT-тэхналогій самае важнае, каб абітурыент, студэнт і потым спецыяліст быў гатовы пастаянна ўдасканальвацца. Тэхналогіі развіваюцца і мяняюцца вельмі хутка. Мы закладваем толькі аснову, базу, каб потым студэнты маглі даволі лёгка асвойваць новыя веды. Немагчыма навучыць студэнта на 20 гадоў наперад, асабліва ў
IT-галіне. Яны павінны пастаянна імкнуцца да новых ведаў, не ленавацца. Што тычыцца дызайну, то хто такі дызайнер? Чалавек, які творыць. А калі мы гаворым пра камп’ютарны дызайн, дзе дызайнер — спецыяліст у галіне графікі, анімацыі, апрацоўкі мультымедыйнай інфармацыі і г.д. Вось і атрымліваецца, што, з аднаго боку, ён павінен быць вельмі творчым, а з другога — мець схільнасць да праграмавання, каб рэалізоўваць усе свае творчыя задумы.
Усе нашы спецыяльнасці высокааплатныя. Яшчэ перад размеркаваннем мы просім работадаўцаў прадаставіць інфармацыю пра тое, якой будзе зарплата ў маладога спецыяліста, сацпакет, як вырашаецца жыллёвае пытанне. Магу сказаць дакладна, што зарплата 8-9 мільёнаў для нашых маладых спецыялістаў не экзотыка. На выпускнікоў нашага факультэта існуе незадаволены запыт, таму пасля размеркавання нам яшчэ на працягу двух месяцаў тэлефануюць і кажуць: “Дайце, калі ласка, тэлефоны сваіх платнікаў”.
Запісала Марына ПЫРКОВА.