За новымі праектамі — у гімназію № 1 Астраўца

- 12:02Гродзеншчына

Гімназія № 1 Астраўца сустрэла спартыўным задорам. На сучаснай спартыўнай пляцоўцы вучні 7 і 8 класаў гулялі ў баскетбол. Трыбуны з балельшчыкамі гудзелі. “З 2018 года наша гімназія стала ўдзельніцай і каардынатарам міжнароднага сацыяльна-культурнага праекта “Планета баскетбола — аранжавы атам”.

Гэты праект накіраваны на развіццё дзіцячага, аматарскага масавага спорту і фізічнай культуры. Рэалізуецца ў гарадах прысутнасці АТ “Канцэрн “Расэнергаатам”, — патлумачыла дырэктар гімназіі Алена Севасцьян.

Праект праходзіць некалькі этапаў: унутрышкольныя, раённыя і міжнародныя спаборніцтвы. Унікальны фармат 4×4 закліканы дадаць на баскетбольную карту дзяцей 5—8 класаў і стаць нейкім этапам станаўлення навучэнцаў і падрыхтоўкі да класічнага фармату 5×5. На цяперашні момант у праекце прымаюць удзел 8 устаноў адукацыі раёна: 4 гарадскія школы, Варнянская, Гервяцкая, Кемялішкаўская і Гудагайская школы.

“Вынікам удзелу ў праекце сталі шматлікія паездкі нашых гімназістаў у расійскія гарады (Сасновы Бор, Дзяснагорск, Смаленск) на Алімпійскія дні баскетбола, прыезд дзяцей з Расіі да нас у Астравец. Мы бачым станоўчую дынаміку ў цікавасці да баскетбола і ў цэлым да здаровага ладу жыцця з боку дзяцей і іх бацькоў. У рамках пераемнасці адкрыты групы баскетбола ў дзіцячых садках горада і клас здаровага ладу жыцця ў гімназіі. У 2019 годзе пры падтрымцы Канцэрна “Расэнергаатам” пабудаваны гэты выдатны баскетбольны стадыён, аналагаў якому ў краіне практычна няма”, — працяг­вала знаёміць з адметнасцямі сваёй навучальнай установы Алена Чаславаўна.

Гэты навучальны год у гімназіі быў, як заўсёды, насычаным і цікавым. Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці стала развіццё медыядасведчанасці і медыякультуры гімназістаў. Ва ўстанове працуе гімназічнае радыё і тэлебачанне, выпускаецца газета “Гімназічны веснік”. Мы ж азнаёміліся з новым праектам “Гімназія ў патоку падзей”. Гэта серыя падкастаў рознай тэматыкі, у рамках якіх ідзе інфармаванне навучэнцаў і іх бацькоў па пытаннях бяспечных і адказных паводзін, па праблемах выхавання і асаблівасцях канструктыўнага і гарманічнага ўзаемадзеяння паміж людзьмі.

“Ідэя падкастаў была пазычана ў Венгрыі падчас работы над сумесным праектам нашай гімназіі і адной са школ горада Гер’ен. А непасрэднае ўвасабленне ідэі пачалося з сумеснага праекта БРСМ з радыё “Пілот ФМ”, у рамках якога нашу гімназію наведаў радыёвядучы Мікіта Паўловіч. Мікіта правёў для гімназістаў майстар-клас па стварэнні падкастаў.

Гасцямі эфіраў былі навучэнцы, іх бацькі, педагогі, а таксама людзі, якія гатовы падзяліцца сваім вопытам і ведамі ў розных пытаннях. Напрыклад, начальнік Астравецкага РАНС і бацька двух нашых гімназістаў Віталь Канстанцінавіч Рыбак расказаў, якія небяспекі хаваюць зімовыя забавы, як правесці час з карысцю і захаваць сваё здароўе.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Вадзімаўна Берняковіч і навучэнец 4 “А” класа Яраслаў Локцік прынялі ўдзел у асацыятыўным эксперыменце. Яны прадэманстравалі, як у розных пакаленняў адрозніваюцца погляды, каштоўнасці і інтарэсы.

Сакрэты паспяховага выхавання і падтрымання балансу паміж дабрынёй і строгасцю раскрыў мнагадзетны бацька і член савета бацькоў Сяргей Барысавіч Радзько. А сям’я Сінкевіч прыняла ўдзел у апытанні і паказала, наколькі мама і дачка добра ведаюць адна адну.

Сёння вы прысутнічаеце на запісе падкаста “Бяспечныя і адказныя паводзіны — наш усвядомлены выбар” з удзелам старшага памочніка пракурора Анастасіі Тадэвушаўны Юркойць”, — працягвала знаёміць з гімназічным жыццём ды­рэктар.

У кабінеце замежнай мовы мы пагутарылі з яго гаспадыняй — настаўніцай англійскай мовы Тэрэзай Вайшнаровіч. Тэрэза Зігмундаўна — педагог-інаватар. Яна ўвесь час у творчым пошуку: інакш зацікавіць сучаснага вучня немагчыма. Настаўніца вялікую ўвагу ўдзяляе нагляднасці, многае распрацоўвае сама — схемы, табліцы. Разам з вучнямі працуе над рознымі англамоўнымі праектамі.

Дырэктар гімназіі А.Ч.Севасцьян.

Асобна хочацца спыніцца на будове гімназічнай прасторы, функцыянальнае заніраванне якой напоўнена пэўным сэнсам. Напрыклад, пры ўваходзе ў кабінет англійскай мовы ёсць невялікі куток Англіі. Такі англійскі дворык, дзе можна і адпачыць, і пранікнуцца атмасферай краіны, мова якой вывучаецца. Акрамя таго, такая рэканструкцыя накіравана на павышэнне пазнавальнай цікавасці.

Яшчэ адной цікавай і пазнавальнай зонай у гімназічнай прасторы з’яўляецца музейная экспазіцыя. Яна размешчана ў калідоры, але ўпісана ў яго вельмі гарманічна. Тут нас азнаёмілі з яшчэ адным новым і перспектыўным праектам.

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў” педагогі гімназіі распрацавалі 4 маршруты адукацыйных падарожжаў. Самым запатрабаваным і папулярным у дзяцей, бацькоў і гасцей стаў маршрут у аграгарадок Гервяты, дзе знаходзіцца жамчужына Астравеччыны — касцёл Святой Тройцы. Творчая група настаўнікаў гімназіі распрацавала тэатралізаваныя экскурсіі.

“З першых хвілін экскурсіі вы трапляеце ў атмасферу пачатку ХХ стагоддзя. На тэрыторыі касцёла вас сустрэнуць уладальнікі Гервят таго часу — Марыя і Вацлаў Дамейка. Касцюмы ручной работы, якія зроблены з улікам нацыянальнага каларыту, падкрэсліваюць асаблівасці той эпохі.

Гаспадары раскажуць пра версіі паходжання назвы Гервят, успомняць побыт і асаблівасці мястэчка, а таксама па­дзеляцца жыццёвымі гісторыямі. Асаблівая ўвага, канечне ж, касцёлу Святой Тройцы — аднаму з самых прыгожых і велічных храмаў краіны. Неагатычны стыль і асаблівасці касцёла дазваляюць параўноўваць яго з французскім Нотр-Дам дэ Пары. Касцёл Святой Тройцы — адзін з самых высокіх храмаў Беларусі, які перажыў немалую, але цікавую гісторыю, пры гэтым захаваў сваё некранутае аблічча да нашых дзён.

На працягу экскурсіі будзе прагулка з садоўніцай, якая раскажа пра тэрыторыю вакол касцёла, дзе размешчаны 12 скульптур апосталаў, а таксама дэндрапарк з 250 відамі экзатычных раслін. А на завяршэнне экскурсіі ў гасцей ёсць магчымасць атрымаць асалоду ад жывых гукаў арганнай музыкі ўнутры касцёла Святой Тройцы”, — падзяліліся з намі педагогі.

Каб уяўленне пра гімназію № 1 Астраўца было завершаным, звярнуся да агульнай інфармацыі, якая дапаможа зразумець сутнасць вучэбнага, метадычнага, арганізацыйнага складніка гэтай навучальнай установы.

У гімназіі вучацца 609 чалавек, працуе 60 педагогаў, 72% з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У 2020/2021 навучальным годзе 1 педагог паспяхова здаў экзамен на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Гімназія з 2014 года з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам па тэме “Выкарыстанне сістэмы прафесійных проб пры падрыхтоўцы навучэнцаў да выбару прафесіі”. Вынікам такой работы стала стварэнне 6 вучэбна-метадычных комп­лексаў да праграм прафесійных проб: “Настаўнік”, “Адвакат”, “Справавод”, “Разьбяр па дрэве”, “Кандытар”, “Журналіст”.

З 2019 года ў гімназіі рэалізуецца пяты па ліку інавацыйны праект — “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”. Удзельнікамі творчай інавацыйнай групы распрацаваны 4 медыяпадарожжы: “Каменныя скульптуры Астраўца”, “Замкі Гродзеншчыны”, “Святыні Астравеччыны”, “Культурна-гістарычныя аб’екты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю знакамітых землякоў”, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.

Важны напрамак дзейнасці ўстановы адукацыі — работа з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. За 2020/2021 навучальны год пераможцамі раённага этапу алімпіяды сталі 86 гімназістаў. На абласным этапе заваявана 5 дыпломаў і 3 граматы. Навучэнец 10 “А” класа Дзмітрый Філістовіч стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы (дыплом ІІ ступені). Атрыманы дыплом ІІ ступені на абласной алімпіядзе па педагогіцы. У Рэспубліканскай алімпіядзе па псіхалогіі каманда навучэнцаў 9 “А” класа заняла 1-е месца.

У гімназіі дзейнічаюць два навуковыя таварыствы: “Юніс” (1—4 класы), “Гімназіст” (5—11 класы). Вынік работы навуковых таварыстваў за 2020/2021 навучальны год: пераможцамі раённых навукова-практычных канферэнцый сталі 13 навучэнцаў. На абласных НПК заваявана 6 дыпломаў. Пераможцай Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў секцыі “Лінгвістыка” стала навучэнка 8 “А” класа Ксенія Лабанава. Двое навучэнцаў — Максім Мацкевіч і Мацвей Блашкевіч — перамаглі ў міжнародных навукова-прак­тычных канферэнцыях “Свет маіх даследаванняў” і “Грамадства, дзяржава, асоба ў свеце, які змяняецца”.

Двое навучэнцаў — Ксенія Лабанава і Дзмітрый Філістовіч — сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама стыпендыятамі Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру за высокія дасягненні ў алімпіядным руху і навукова-даследчай дзейнасці, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гімназіі.

Высокі ўзровень прафесіяналізму педагогаў пацвярджаецца выніковым удзелам у конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню: 9 пераможцаў раённых конкурсаў, 5 пераможцаў конкурсаў абласнога ўзроўню. Актыўна вядзецца трансляцыя перадавога педагагічнага вопыту: 8 настаўнікаў прынялі ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных НПК, маецца 20 пуб­лікацый у прадметных часопісах, СМІ, зборніках НПК.

У гімназіі рэалізуюцца праекты трансгранічнага супрацоўніцтва “Планета баскетбола — аранжавы атам” (Расія), “Дзеля наступнага пакалення без меж!” (Венгрыя, Гер’ен).

Штогод гімназія становіцца пераможцай раённага агляду-конкурсу “Лепшая ўстанова адукацыі”. Па выніках 2019 года ўстанова адукацыі была занесена на абласную Дош­ку гонару, па выніках 2020 года — на раённую.

У другім этапе абласнога галіновага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы па развіцці сацыяльнага партнёрства па выніках 2020 года ў намінацыі “Установа агульнай сярэдняй адукацыі” гімназія ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. Паспяхова ўкараняецца сістэма менеджменту якасці адукацыі.

Дарэчы, новы будынак гімназіі быў адкрыты ў 2015 го­дзе. У гімназіі 28 вучэбных кабінетаў (13 абсталяваны інтэрактыўнымі дошкамі, 18 — персанальнымі камп’ютарамі), 2 камп’ютарныя класы, 3 лінгафонныя кабінеты, мабільны клас, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, спартыўная і трэнажорная залы. На тэрыторыі размешчаны спартыўныя аб’екты: стадыён з бегавымі дарожкамі і скачковымі ямамі, 2 валейбольныя, 2 баскетбольныя пляцоўкі, 2 — для спартыўнай гімнастыкі, адна ўніверсальная (хакейная і міні-футбольная), 2 пляцоўкі для рухавых гульняў, ёсць плоскасныя збудаванні. Абсталяваны гарадок па правілах дарожнага руху.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.