У Беларусі забароняць курыць на прыпынках. Аб гэтым паведаміла намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла Наройчык.
Міністэрства аховы здароўя ініцыіравала ўнясенне дапаўненняў і змяненняў у Дэкрэт № 28, дзякуючы чаму намечаны чарговыя крокі ў барацьбе з тытунекурэннем. “У праекце дэкрэта з’явіўся раздзел, у якім пазначана поўная забарона курэння ў пэўных месцах: ліфтах і дапаможных памяшканнях шматкватэрных жылых дамоў, інтэрнатаў, на балконах і лоджыях агульнага карыстання, на дзіцячых пляцоўках, тэрыторыях пляжаў, на рабочых месцах і ў вытворчых будынках (памяшканнях), прыпыначных пунктах”, — сказала Людміла Наройчык. Раней у Мінску ўжо была ўведзена забарона на курэнне на прыпынках, цяпер яна распаўсюдзіцца на ўсю краіну.
Акрамя таго, кіраўнікоў аб’ектаў грамадскага харчавання абавяжуць ствараць спецыяльныя месцы, прызначаныя для курэння. Патрабаванні да гэтых месцаў будуць распрацоўваць Міністэрства аховы здароўя і МНС. “Гэта могуць быць асобныя памяшканні з пэўнымі патрабаваннямі да сістэмы вентыляцыі, якая не дазволіць тытунёваму дыму пападаць у залы. Для шэрага аб’ектаў гэтыя месцы будуць выдзяляцца на вуліцы”, — растлумачыла Людміла Наройчык.
Прапаноўваецца ўвесці забарону на курэнне ў закрытых памяшканнях і аўтамабілях у прысутнасці дзяцей да 14 гадоў.
“Упершыню заканадаўча ўрэгулюем продаж і спажыванне электронных цыгарэт. Патрабаванні да іх будуць аналагічныя тым, якія прад’яўляюцца да звычайных тытунёвых вырабаў. Што тычыцца продажу, прапаноўваецца забараніць іх рэалізацыю асобам ва ўзросце да 18 гадоў”, — дадала Людміла Наройчык. Таксама плануецца забараніць адкрытую выкладку электронных сістэм курэння пры продажы.
Дакумент можа быць зацверджаны ўжо ў 2016 годзе.
Прадаўжаецца антытытунёвая барацьба і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Так, у маі 2016 года ўступіць у сілу Тэхнічны рэгламент на тытунёвую прадукцыю, згодна з якім 50 працэнтаў пярэдняга і адваротнага бакоў упакоўкі тытунёвых вырабаў будуць займаць папераджальныя малюнкі і надпісы.
Паводле даных рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў 2015 годзе, знізіўся працэнт распаўсюджанасці курэння сярод дарослага насельніцтва. У рэспубліцы курыць 27,9 працэнта насельніцтва ва ўзросце 16 гадоў і старэйшага. Працэнт распаўсюджвання курэння ў Еўропе — 28. Пастаянна кураць 17,8 працэнта беларусаў, ад выпадку да выпадку — больш як 10 працэнтаў. Сярод мужчын доля курцоў зніжаецца, а доля жанчын, якія кураць, застаецца стабільнай.
Больш як палавіна курцоў (53,6 працэнта) хацелі б пазбавіцца ад гэтай прывычкі. Асноўным матывам такога жадання з’яўляецца ўсведамленне таго, што курэнне шкодзіць здароўю. Значнай колькасці курцоў надакучыла залежаць ад гэтай шкоднай прывычкі. Цанавая палітыка таксама адыгрывае сваю ролю. У параўнанні з 2012 годам практычна на 9 працэнтаў узрасла доля тых, хто хоча кінуць курыць з мэтай эканоміі сямейнага бюджэту. Матывам для адмаўлення ад курэння з’яўляецца і жаданне быць прыкладам для сваіх дзяцей.