Задачы малыя і вялікія

- 9:40Авторские колонки, Мнение

У гэтым годзе перад сістэмай адукацыі стаіць шмат задач. Усе яны былі агучаны як на пасяджэннях выніковых калегій у рэгіёнах, так і на галоўнай — у Міністэрстве адукацыі. Апірышчам па-ранейшаму застаецца педагог.

Вольга ДУБОЎСКАЯ

На гэтым не раз акцэнтаваў увагу міністр адукацыі падчас рабочай сустрэчы з калектывам Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. Бо рэалізацыя кожнай задачы (вялікай і малой) напрамую залежыць ад прафесіяналізму выхавальніка, настаўніка, педагога, выкладчыка.

Мы шмат апошнім часам гаворым пра раннюю прафарыентацыю школьнікаў. Дапамагчы маладым людзям вызначыцца з прафесіяй — справа няпростая. Канечне, нешта па­раяць баць­кі, але толькі ў навучальнай установе правядуць класныя гадзіны з удзелам прадстаўнікоў розных прафесій, пасля на экскурсію на прадпрыемства звозяць, а потым параяць прайсці “ПрофіТэст”, распрацаваны спецыялістамі РІПА. Спасылкі на яго, дарэчы, актыўна пачалі з’яўляцца на сайтах школ.

У выніку на раннюю прафарыентацыю навучэнцаў працуе цэлы комплекс мер, рэалізуюць які класныя кіраўнікі і настаўнікі-прадметнікі ў профільных класах, якія таксама зарэкамендавалі сябе як дзейсны сродак.

Павышаная ўвага ў гэтым годзе — сістэме вышэйшай адукацыі, якую чакае грунтоўны аналіз. Зноў-такі, без сучаснага высокапрафесійнага выкладчыка нашы студэнты не стануць прафесіяналамі сваёй справы. Трэба пераасэнсоўваць падыходы ў навучанні, неабходна рабіць яго максімальна практыка-­арыентаваным. Гэта нармальна, калі студэнты-старшакурснікі працуюць. Але ў большасці сваёй месца працы яны знаходзяць самастойна, і далёка не заўсёды яно напрамую звязана з іх будучай прафесіяй. А вось калі б універсітэты больш актыўна ўдзельнічалі ў прафесійных лёсах сваіх студэнтаў (як заўважыў Андрэй Іванавіч, кожная дыпломная работа павінна быць завязана на вытворчасці), то, напэўна, сувязі з заказчыкамі кадраў сталі б шырэйшымі і набылі сістэмны характар.

Важны фактар развіцця сістэмы адукацыі, паказчык яе якаснага пераўтварэння — пераемнасць. Калі паміж дзіцячым садам і школай яна існуе даўно, то паміж школай і тым жа ўніверсітэтам прасочваецца слаба, што зусім не спрыяе прасоўванню здольных і адораных школьнікаў. Са з’яўленнем Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка сітуацыя пачала мяняцца, але ж павышаная ўвага да перспектыўных студэнтаў зрабіла б гонар любому ўніверсітэту, бо такія маладыя людзі — рухавікі праг­рэсу.

Вернемся ў школу, бо менавіта тут вучацца і выхоўваюцца будучыя навучэнцы каледжаў і студэнты ўніверсітэтаў, тут закладваецца падмурак для развіцця грамадзянскасці і патрыятызму. У школе дзеці робяць свае першыя памылкі і вучацца іх выпраўляць. І на кожным кроку з імі побач настаўнік, які не толькі навучыць, але і падтрымае, пашкадуе. Не бу­дзе якаснай адукацыі без цеплыні і спагады, без атмасферы ўзаемапавагі і падтрымкі.

Дарэчы, на пытанне, на што ў першую чаргу звяртае ўвагу міністр, калі пераступае парог школы, Андрэй Іванавіч адказаў коратка: “На атмасферу”. А затым дадаў: “Заўсёды адчуваецца, калі дырэктару і калектыву не ўсё роўна, калі яны стараюцца зрабіць сваю ўстанову адукацыі роднай для кожнага вучня. А гэта магчыма толькі тады, калі душой хварэеш за любімую справу”.