Заданні — цікавыя, веды — трывалыя, дыпломы — заслужаныя

- 10:13Адукацыйная прастора

120 разумнікаў і разумніц з усіх рэгіёнаў краіны з’ехаліся на мінулым тыдні ў Магілёў. Горад на Дняпры сёлета стаў месцам правядзення заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.

Будучыя праграмісты другі год запар сабраліся ў сценах Магілёўскага абласнога ліцэя № 3. Дзякуючы добрай матэрыяльна-тэхнічнай базе і прафесійнаму педагагічнаму калектыву, ліцэй з’яўляецца лепшай агульнаадукацыйнай установай новага тыпу ў рэгіёне. На высокім узроўні тут арганізавалі і правядзенне рэспубліканскай алімпіяды, што неаднаразова было адзначана на адкрыцці інтэлектуальных спаборніцтваў. На ўрачыстай цырымоніі алімпіяднікаў віталі начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, метадыст НІА Міністэрства адукацыі Тамара Адамовіч, а таксама старшыня журы Ірына Кірыновіч. Усе выступоўцы пажадалі ўдзельнікам дасягнення максімальнага поспеху.
Падчас конкурсных тураў на ўдачу навучэнцы спадзяваліся, але ж больш разлічвалі на свае веды, праверкай якасці і трываласці якіх сталі алімпіядныя задачы. Адметна, што першапачаткова хлопцам і дзяўчатам было прапанавана выканаць так званыя пробныя заданні.— Пробны тур праводзіцца для адаптацыі да навакольнай абстаноўкі, азнаямлення з камп’ютарнай тэхнікай і праграмным забеспячэннем. Усім удзельнікам даецца магчы-масць рашыць падобныя да рэальных задачы. Такая папярэдняя падрыхтоўка немалаважная, бо конкурсныя туры праходзяць з выкарыстаннем аўтаматызаванай сістэмы “Алімпус”, распрацаванай спецыяльна для правядзення алімпіяды. Падчас рашэння пробных заданняў дзеці апрабоўваюць тэхналогію ўзаемадзеяння з гэтай сістэмай, — адзначыла старшыня журы, дацэнт кафедры інжынернай псіхалогіі і эрганомікі БДУІР, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ірына Кірыновіч.
Конкурсныя заданні для юных аматараў інфарматыкі сёлета, як і ў мінулыя гады, вылучаліся розным узроўнем складанасці і шматварыятыўнасцю рашэнняў. У абодвух турах удзельнікам прапаноўвалася рашыць па чатыры задачы.
— Усе нашы алімпіяднікі рашаюць аднолькавыя заданні. Таму мы стараемся распрацоўваць рознабаковыя задачы, каб адказы на іх было цікава шукаць кожнаму. Сёлета прапаноўваліся і класічныя заданні, і нестандартныя з выкарыстаннем бібліятэкі, адкрытых тэстаў. У аснове кожнай задачы была легенда займальнага плана, зыходзячы з якой удзельнікам трэба было вынайсці эфектыўны алгарытм пабудовы матэматычнай мадэлі на мове праграмавання, — расказала Ірына Фёдараўна.
Увогуле, як заўважыла старшыня журы, усе алімпіядныя заданні рыхтуюцца з улікам дыферэнцыраванага падыходу.
— Галоўная ўмова — матывацыя дзяцей на далейшае развіццё сваіх талентаў, захаванне ў іх цікавасці да праграмавання. Таму на алімпіядных турах былі як адносна простыя задачы, якія, па нашым меркаванні, павінны былі рашыць усе, так і сярэдняй складанасці і складаныя, якія патрабавалі ад удзельнікаў трывалых ведаў па розных навуках. Але навучэнцы з заданнямі справіліся добра. У нас няма ніводнага нулявога выніку. Усе пераможныя дыпломы — заслужаныя, — падкрэсліла Ірына Фёдараўна.
Паводле слоў саміх удзельнікаў алімпіяды, заданні былі не з лёгкіх, але рашаць іх было сапраўды цікава.
— Мне спадабалася, што задачы былі арыгінальнымі і рознымі. Некаторыя простыя, іншыя — больш складаныя. Мяркую, што справіўся добра, бо інфарматыкай захоплены даўно. Гэтая рэспубліканская алімпіяда ўжо для мяне пятая, — расказаў навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Фёдар Карабейнікаў, які ўжо станавіўся прызёрам спаборніцтваў.
Прадстаўніку каманды Мінска, навучэнцу гімназіі № 41 сталіцы Максіму Цярохіну, таксама прыйшлася даспадобы рознаўзроўневасць прапанаваных заданняў.
— Асобныя задачы даліся лёгка, над астатнімі прыйшлося паразважаць. Характэрна, што ўсе заданні займальныя. Туры скончыліся, а я і зараз працягваю аналізаваць свае рашэнні, магчымыя памылкі, — адзначыў Максім.
Самы юны ўдзельнік алімпіяды, вучань 7 класа гімназіі № 56 Гомеля Сяргей Процкі, на рэспубліканскай алімпіядзе ўжо другі раз, таму падчас праходжання конкурсных тураў амаль не хваляваўся.
— Усе заданні былі цікавымі, нейкія даліся лягчэй, над рашэннем іншых трэба было падумаць. Але ж я пад кіраўніцтвам настаўнікаў Алены Леанідаўны Мяняйлавай, Міхаіла Сямёнавіча Далінскага да гэтых спаборніцтваў старанна рыхтаваўся, таму спадзяюся на добры вынік, — падзяліўся ўражаннямі Сяргей.
Алімпіядныя дні прайшлі непрыметна, уступіўшы месца цырымоніі ўзнагароджання, дзе ў поўнай меры былі адзначаны дасягненні ўдзельнікаў. Прызавыя дыпломы атрымалі больш за 50 хлопцаў і дзяўчат.
Лепшыя веды, вартыя дыпломаў I ступені, прадэманстравалі навучэнцы Ліцэя БДУ Міхаіл Наталевіч і Максім Медунецкі, вучань гімназіі Крычава Дзмітрый Цілюпа, навучэнцы гімназіі № 8 Віцебска Ілья Мядзянікаў і Артур Петухоўскі, навучэнец гімназіі № 2 Магілёва Аляксандр Кернажыцкі, навучэнцы гімназіі № 51 Гомеля Фёдар Карабейнікаў і Уладзіслаў Масько, навучэнец Цэнтра юных пажарных Мазыра Ігар Дорашаў, навучэнец гімназіі № 27 Мінска Антон Казлоўскі, а таксама вучань гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска Юрый Шыляеў. Спецыяльным прызам міністра адукацыі рэспублікі быў адзначаны вучань Забалацкага ясляў-сада — сярэдняй школы Гродзенскай вобласці Эдуард Вільчэўскі. Акрамя таго, спецыяльныя прызы некаторым удзельнікам былі ўручаны ад шматлікіх спонсараў інтэлектуальнага спаборніцтва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.