Найбольш уразлівымі з усіх катэгорый грамадзян з’яўляюцца дзеці. Таму менавіта для дзяцей павінны быць прадугледжаны надзейныя сацыяльныя гарантыі і льготы. І, безумоўна, менавіта дзеці і іх бяспека павінны знаходзіцца пад абаронай краіны.
Сёння сістэма аховы дзяцінства — гэта не толькі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, але і спецыялісты, закліканыя аказваць ім дапамогу — вырашаць праблемы, якія тычацца непасрэдна дзяцей. Як правіла, такія праблемы ўзнікаюць тады, калі ў сям’і ўзнікаюць цяжкасці, а таксама спрэчныя пытанні наконт выхавання дзяцей. Сёння ахова дзяцінства ўключае ў сябе і прафілактыку адбірання дзяцей з сям’і, і работу па аднаўленні сем’яў.
Што тычыцца асноўных задач і функцый, якія ўскладзены на спецыяліста па ахове дзяцінства, ён павінен умець працаваць не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі, з бацькамі, а таксама з тымі людзьмі, з якімі дзецям і яго бацькам даводзіцца сустракацца на розных этапах жыцця дзіцяці: калектыў школы, суседзі, камісія па справах непаўналетніх, ІСН.
Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Васільеўна Галаўнёва, шмат часу спецыялісты па ахове дзяцінства праводзяць на судовых пасяджэннях, таму што, як правіла, у судзе вырашаюцца вельмі важныя пытанні — праблемы праваадносін дзіцяці і бацькоў. Такія пытанні патрабуюць не толькі юрыдычных ведаў. Важна, каб спецыяліст, які вядзе пытанні па ахове дзяцінства, быў такім чалавекам, які можа заняць пазіцыю дзіцяці незалежна ад таго, якой з’яўляецца пазіцыя кожнага з бацькоў. Асноўны прынцып, якім павінен кіравацца такі спецыяліст, — не нашкодзіць дзіцяці.
Аднак апошнім часам для краіны характэрна праблема недахопу спецыялістаў згаданага профілю. Як правіла, на гэта ўплываюць эмацыянальны фактар і псіхалагічнае напружанне, якія і з’яўляюцца асноўнымі прычынамі прафесійнага выгарання спецыялістаў.
Тым не менш у сістэме адукацыі ёсць людзі, для якіх ахова дзяцінства з’яўляецца больш чым прафесіяй. Багаты вопыт у развіцці сістэмы аховы дзяцінства ў Раісы Уладзіміраўны Шуцько, якая на працягу 29 гадоў працавала спецыялістам па ахове дзяцінства ў Ленінскім раённым упраўленні адукацыі, спорту і турызму Мінска. Дарэчы, менавіта пры непасрэдным удзеле Раісы Уладзіміраўны ў Ленінскім раёне была створана сістэма аховы дзяцінства, якая адпавядае сучасным патрабаванням і заканадаўству краіны. Адзначыць заслугі Раісы Уладзіміраўны напярэдадні яе юбілею прыехалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі.
— Раіса Уладзіміраўна карыстаецца аўтарытэтам і ў адміністрацыі раёна, і ў Мінску, і на ўзроўні краіны, — адзначыла Алена Васільеўна. — Гэта той чалавек, які змог выхаваць калектыў аднадумцаў. Спадзяёмся, што мы і далей зможам прыцягваць Раісу Уладзіміраўну да правядзення майстар-класаў, выступленняў на рэспубліканскіх семінарах з мэтай трансляцыі вопыту практычнай работы. Сёння ні адна навучальная ўстанова ў краіне не рыхтуе спецыялістаў па ахове дзяцінства. А такі спецыяліст павінен удала спалучаць у сабе якасці і веды юрыста, псіхолага, сацыяльнага работніка, педагога. Усе гэтыя якасці сумясціць у адным чалавеку вельмі цяжка, але Раісе Уладзіміраўне гэта ўдалося, таму што яна чалавек, які шчыра і аддана любіць сваю работу. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі Раіса Уладзіміраўна Шуцько ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, а таксама нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення, далёка не ўсё бацькоўства ў нас усвядомленае і адказнае.
— Мы ўдасканальваем заканадаўчую базу ў гэтай сферы, — працягвае Алена Васільеўна Галаўнёва. — Заўсёды прымаюцца дапаўненні ў законы і палажэнні. Плануецца, што ў гэтым годзе будуць унесены змяненні ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і, дзе мы, безумоўна, закранём пытанні па ахове дзяцінства.
Сёння Міністэрства адукацыі разам з зацікаўленымі структурамі распрацавала і накіравала ў Палату прадстаўнікоў праект закона аб абароне дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. І тут таксама ёсць пэўныя кірункі дзейнасці для спецыяліста па ахове дзяцінства. Сістэма па ахове дзяцінства пабудавана так, што спецыяліст гэтай сферы каардынуе работу сацыяльна-педагагічнага цэнтра, псіхолага-педагагічных службаў усіх устаноў адукацыі раёна. Ён з’яўляецца галоўным чалавекам на пасяджэннях метадычных саветаў або метадычных аб’яднанняў замяшчальных бацькоў.
— У нас многа бацькоў, якія працуюць у аддзелах адукацыі на пасадзе прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў. Асноўная колькасць дзяцей-сірот — 80% — жыве ў дамах сямейнага тыпу, прыёмных сем’ях, і каардынацыя работы такіх устаноў — гэта таксама адзін з кірункаў дзейнасці спецыяліста па ахове дзяцінства. Ад таго, як спецыяліст па ахове дзяцінства будзе будаваць адносіны не толькі са спецыялістамі сваёй сферы, але і ў цэлым з адміністрацыяй раёна, з супрацоўнікамі іншых службаў, залежыць поспех нашай агульнай справы, — працягвае Алена Галаўнёва.
Але самым галоўным з’яўляецца тое, што менавіта ад зладжанай работы спецыялістаў будзе залежаць становішча дзяцей у рэгіёне і тое, наколькі яны будуць адчуваць сябе абароненымі.
Наталля ДУБІК.