Захаваць сям’ю — падарыць дзецям шчасце

- 10:07Рознае, Сацыяльны ракурс

У 2005 годзе ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці пачаў сваю дзейнасць міжнародны сацыяльны праект “Сісі”, які на тэрыторыі Добруша пачаў праводзіцца дзякуючы ініцыятыве італьянскай асацыяцыі прыёмных сем’яў. 

Праект, які нас аб’яднаў

Чаму Сісі? Гісторыя ўзнікнення гэтага праекта незвычайная. Італьянская дзяўчынка па імені Сісі засталася без бацькоў і трапіла ў сацыяльны прытулак. Праз некаторы час гэтай прыгожай і спакойнай дзяўчынцы пашанцавала: яна трапіла ў новую сям’ю. На жаль, вельмі доўга ніхто не ведаў, што дзяўчынка хварэе на анкалогію. Медыцына тут таксама не дапамагла — Сісі памерла. Пра гэты выпадак у Італіі ведалі многія. Асабліва гісторыя пра дзяўчынку Сісі кранула ўдзельнікаў асацыяцыі прыёмных сем’яў. Менавіта тады і ўзнік аднайменны сацыяльны праект.
Мэта гэтага праекта — аказанне прававой, сацыяльна-педагагічнай дапамогі тым дзецям і сем’ям, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах.
Дарэчы, з італьянцамі ў Добрушы ўжо даўно наладжаны сяброўскія сувязі. І ў чарговы раз, калі італьянская дэлегацыя прыехала ў Добруш, да гэтага праекта падключылася і сацыяльная служба нашага раёна. На сумесным пасяджэнні беларускіх і італьянскіх калег былі вызначаны кірункі і поле дзейнасці праекта. Удзельнікі сацыяльнага праекта “Сісі” на працягу года праводзяць з дзецьмі мерапрыемствы, акцыі міласэрнасці, запрашаюць дзяцей на адпачынак у Італію.
Прадстаўнікі праекта ў Добрушы — дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вольга Заваротная і каардынатар праекта Людміла Кусцікава — разнастайна і творча спланавалі сваю работу, асаблівую ўвагу звярнуўшы на летні адпачынак дзяцей з прыёмных сем’яў і з сацыяльнага прытулку, які знаходзіцца ў Насовічах. Дарэчы, да таго, як на тэрыторыі Добрушскага раёна пачаў дзейнічаць міжнародны праект, бацькі, якія выхоўваюць прыёмных дзетак, былі мала знаёмы паміж сабой, рэдка сустракаліся. І праблемы, звязаныя з унутрысямейнымі ўзаемаадносінамі, у іх узнікалі даволі часта. Здаралася так, што амаль 12 прыёмных сям’яў у год распадаліся. Чаму так адбывалася? Прычыны былі ў тым, што ў дарослых адсутнічаў вопыт работы з СПЦ, яны саромеліся звяртацца да спецыялістаў са сваімі праблемамі. Часта бацькі не спраўляліся са сваімі непасрэднымі абавязкамі — выхаваннем прыёмных падлеткаў. І для таго, каб захаваць сям’ю, неабходна было арганізаваць навучанне для такіх бацькоў, праводзіць для іх семінары. А тут, у тым ліку і дзякуючы праекту, з’явілася магчымасць пазнаёміцца бліжэй, збірацца разам і абмяркоўваць пытанні выхавання, дзяліцца сваім вопытам дзейнасці ў гэтым кірунку, пераймаць вопыт у выхаванні дзяцей, якія пражываюць у дамах сямейнага тыпу не толькі Гомельскай вобласці, але і ўсёй краіны.
У рамках праекта прыёмныя сем’і пачалі збірацца, каб насычана праводзіць свой вольны час, прымаць удзел у спартыўных конкурсах і забаўляльных праграмах, акцыях і важных сацыяльных праектах. Адной з першых такіх сустрэч па абмене вопытам работы, вырашэнні надзённых праблем стаў семінар па здаровым ладзе жыцця падлеткаў, які быў праведзены ў Насовіцкай школе. У гэты дзень у школе для прадстаўнікоў 12 прыёмных сем’яў працавалі секцыі для бацькоў. Дзецям была прапанавана спартыўная праграма, арганізавана турыстычная паласа перашкод, у якой, дарэчы, прынялі ўдзел і італьянскія калегі.
Адметна, што ў пачатку дзейнасці праекта да яго арганізатараў падключылася грамадскае аб’яднанне “Гомельскі мотаклуб “Начныя ваўкі”, якое ўжо мела сяброўскія сувязі з сацыяльным прытулкам, а таксама інтэрнэт-партал “Мае Сэнс”. Неяк кіраўнік клуба байкераў “Начныя ваўкі” Павел Канін, наведаўшы са сваімі сябрамі ў чарговы раз сацыяльны прытулак, заўважыў: “Яшчэ з першага разу прыезду ў прытулак я зразумеў, што не абавязкова дзецям прывозіць падарункі. Дастаткова прыехаць у госці і хаця б на адну гадзіну стаць сям’ёй. Мы можам гэта зрабіць. Давайце збяром гэтых дзяцей хаця б на турыстычны злёт”.
Райвыканкам падтрымаў гэтую ідэю і звярнуўся да педагогаў Насовіцкай школы з мэтай распрацаваць праграму правядзення першага турыстычнага злёту для прыёмных сем’яў і правесці яго на сваёй тэрыторыі. Дарэчы, Насовіцкая школа з’яўляецца ў вобласці вядучай у галіне турызму і краязнаўства. Першыя турыстычныя атрады пры школе былі створаны яшчэ на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. З таго часу школа цесна супрацоўнічае з абласным Цэнтрам турызму і краязнаўства. Штогод пры школе працуе некалькі турыстычных гурткоў. Так, у гэтым навучальным годзе сярод іх — гурткі пешаходнага турызму, велатурызму, турыстычнага мнагаборства. Таму распрацаваць праграму злёту і правесці яго педагогам школы не склала ніякіх цяжкасцей. Тым больш што на кожны такі злёт запрашаюцца метадысты і работнікі абласнога цэнтра турызму, якія з задавальненнем аказваюць дапамогу.

Ад злёту да злёту

Такім чынам, настаўнікі Насовіцкай школы распрацавалі праграму турыстычнага злёту, падрыхтавалі пляцоўку для размяшчэння лагера, выдзелілі яго ўдзельнікам палаткі і неабходны спартыўны інвентар, прыдумалі займальную турыстычную паласу перашкод.
Першы турыстычны злёт для прыёмных сем’яў, дзяцей з прытулку і навучэнцаў Насовіцкай школы, якія з’яўляюцца аматарамі турызму, прайшоў у лясным масіве паблізу вёскі Антонаўка яшчэ ў канцы жніўня 2009 года.
24 прыёмныя сям’і і 60 юных турыстаў сабраліся на палянцы, каб прыняць удзел у першым турыстычным злёце “Да пабачэння, лета”. Пасля прадстаўлення каманд пачалася спартыўная частка злёту. Маршрут падрыхтаванай турыстычнай паласы быў даволі складаным, патрабаваў ад яго ўдзельнікаў не толькі спартыўнай загартоўкі, але і вынаходлівасці, і спрыту. Дзеці лазілі па вяроўках, пераадольвалі “гаць”, водную перашкоду, пераскоквалі з купіны на купіну, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, знаходзілі азімут. Пасля завяршэння паласы змагаліся ў конкурсах: устаноўка палаткі, прыгатаванне ежы ў палявых умовах, выпуск газеты, валейбол, а таксама іншыя спартыўныя гульні. Байкеры каталі дзяцей на матацыклах, ратавальнікі — на лодках. У выкананні спевакоў з прыёмных сем’яў гучалі сучасныя эстрадныя кампазіцыі, а таксама беларускія народныя песні.
Абавязковай умовай правядзення як першага, так і наступных злётаў стала візітоўка сям’і, дэманстрацыя яе кулінарных здольнасцей, свету захапленняў. Да таго ж на апошніх двух злётах (апошні праводзіўся восенню гэтага года) ужо працавалі майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, падчас правядзення якіх бацькі маглі даведацца шмат карыснай і цікавай інфармацыі па выхаванні дзяцей. Традыцыйнымі сталі і творчыя майстэрні, у якіх падлеткі знаёміліся з кірункамі выяўленчага мастацтва “Фэйс-арт”, а таксама станавіліся мадэлямі для эксперыментаў.
Пры правядзенні наступных злётаў улічваліся прапановы і пажаданні бацькоў і дзяцей. Пажаданні дзяцей зразумелыя. Ім хочацца як мага больш самастойнасці, экстрэмальных умоў. І, вядома, каб злёт быў двухдзённым, з абавязковым начлегам у палатцы. Гэта ж мара любога дзіцяці — пераначаваць у лесе, у палатцы. А якое задавальненне пасядзець вечарам каля кастра, пасмажыць сала, паслухаць таямнічыя, неверагодныя гісторыі! Цудоўна, каб была яшчэ дыскатэка і пасвячэнне ў турысты.
Бацькі таксама задаволены такімі злётамі. Дарослым прыемна ўзгадаць сваё школьнае жыццё, праверыць сябе, сваю вытрымку і здольнасць пераадольваць цяжкасці. Дарэчы, праз некаторы час да правядзення злётаў падключыліся новыя арганізацыі — раённы Асвод і студэнты педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага з Гомеля.
Сёлета значна расшырыўся сам кантынгент удзельнікаў злёту. Акрамя прыёмных сем’яў, у мерапрыемстве прымаюць удзел мнагадзетныя сем’і, дамы сямейнага тыпу з Гомеля. Сёння ў арганізатараў узнікла яшчэ адна ідэя — сабрацца з прыёмнымі сем’ямі, якія пражываюць у Бранскай вобласці, каб разам правесці свой вольны час. І, спадзяёмся, у перспектыве гэта будзе магчыма. Што тычыцца фінансавай падтрымкі, у гэтым годзе ўдзельнікам злёту яе аказалі дабрачынны інтэрнэт-праект “Мае Сэнс” і сацыяльны праект “Сісі”. Дзякуючы добрушскаму аб’яднанню “Надзея дзецям”, удзельнікі злёту атрымалі ў падарунак спартыўны інвентар і форму.
Дарэчы, нават зараз, калі надвор’е не дазваляе праводзіць злёты, і прыёмныя, і мнагадзетныя сем’і часта збіраюцца разам тут, у Насовіцкай школе. І, паверце, нам ёсць пра што пагаварыць. Безумоўна, на зімовых сустрэчах мы абмяркоўваем не толькі будучыя летнія экскурсіі, але і самае галоўнае — праблемы, з якімі сутыкаюцца бацькі падчас выхавання не толькі сваіх, але і прыёмных дзяцей.

Пасляслоўе

Сям’я Хахловых з вёскі Лагуны Насовіцкага сельскага савета:
— Мы заўсёды гатовы ехаць на любыя мерапрыемствы, на якія нас запрашаюць, а тым больш на турыстычны злёт. Усе нашы дзеці чакаюць яго, чакаюць лета, каб пайсці ў паход, паехаць на экскурсію. А мы заўсёды з імі. У сям’і даўно павялося ўсё рабіць разам: і адпачываць, і працаваць, і ў госці хадзіць. Хоць дома нам не сумна — усё ж 11 дзяцей — аднак на такім свяце, як турыстычны злёт, заўсёды весела, можна на іншых пагля-дзець і сябе паказаць. Тут мы сустракаемся з іншымі прыёмнымі сем’ямі, абмяркоўваем свае праблемы і пераконваемся, што няма розніцы, свае ці прыёмныя дзеці выхоўваюцца ў сям’і. Усе дзеці аднолькавыя, і ўсе патрабуюць увагі, клопату і любові.
… Дзеці з прытулку, дзеці з прыёмных сем’яў. Я заўсёды стараюся жыць іх жыццём, іх марамі і памкненнямі. Калі яны з радасцю сустракаюць цябе ў школе, ласуюцца, даверліва заглядваюць у вочы і просяць звазіць іх на чарговую экскурсію ці запісаць у турыстычны летнік, адказваю ім: “Я заўсёды з вамі. Збірайцеся — паедзем”.
Вядома, дзеці з прыёмных сем’яў і сацыяльнага прытулку заўсёды ў полі зроку ўсяго педагагічнага калектыву школы. І ў першую чаргу — класных кіраўнікоў. Таму мы запрашаем іх прымаць удзел у абласных аздараўленчых турыстычных летніках, а таксама ў турыстычных паходах па Гомельскай вобласці, якія арганізоўваюцца для мнагадзетных сем’яў. У складзе каманды такія дзеці выязджаюць на міжрэспубліканскія мера-прыемствы ў Навазыбкаў (Расія).
Прызнаюся, вельмі прыемна, што з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадваюць сваіх настаўнікаў былыя выхаванцы школы з ліку прыёмных сем’яў і асабліва з сацыяльнага прытулку. Экскурсіі па Акцябрскім раёне (славутая Рудабельская Рэспубліка), Калінкавіцкім, Рэчыцкім і, вядома ж, Гомельскім раёнах назаўсёды застануцца ў памяці кожнага з іх.
45 гадоў настаўніцтва я жыў жыццём дзяцей, аддаваў ім часцінку сваёй душы, сваю ласку і цеплыню. Менавіта ў такіх паходах, злётах, экскурсіях не толькі выпрабоўваюцца маральныя якасці падлеткаў, але і раскрываюцца іх характар, уменне самастойна вырашаць надзённыя задачы, іх адносіны да аднагодкаў і старэйшых, да навакольнага асяроддзя. Фарміруецца іх характар, падмурак для далейшага самастойнага жыцця.

Віктар СЕРПІКАЎ,
заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, педагог дадатковай адукацыі.