Захоўваючы лепшыя традыцыі

- 9:15"Настаўніцкай газеце" — 75

Мікалай БАШКО, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама

— Прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з 75-гадовым юбілеем выдання ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, а таксама ад шматлікай арміі вашых удзячных падпісчыкаў, чытачоў і аўтараў з адукацыйнай прасторы Міншчыны!

Што для нас значыць “Настаўніцкая”? І малады, і вельмі вопытны педагог адкажуць аднолькава: гэтае выданне для педагогаў і пра педагогаў. 75 гадоў запар яно нясе свету найлепшы педагагічны вопыт, расказвае пра самых адораных і таленавітых дзяцей, дазваляе абменьвацца праблемамі, думкамі і меркаваннямі. Менавіта яно падымае прэстыж прафесіі НАСТАЎНІКА.

Ад імя педагогаў Мін­шчыны выказваем дружнаму калектыву газеты шчырую падзяку за неацэнны ўклад у яднанне творчых прафесійных намаганняў тых, хто піша, і тых, хто чытае, за яркую і сакавітую родную мову, за шматгадовую падтрымку і сяброўства. “Настаўніцкая газета” заўсёды была і застаецца для нас сапраўдным рупарам педагагічнай думкі, выразнікам нашага вопыту, ідэй, сумненняў і надзей.

Няхай і ў далейшым, наперакор паважнаму ўзросту, “Настаўніцкая газета” не здае сваіх авангардных пазіцый і не губляе такога прывабнага стылю працы.

Лёгкага вам пяра, дарагія сябры, творчага натхнення, новых ідэй і праектаў, далейшага пашырэння чытацкай аўдыторыі, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту!

Наталля ІВАШКА, метадыст гімназіі № 2 Салігорска

Табе, “Настаўніцкая”!

Сёння твой дзень, юбілейная дата,
І трэба ўсе справы адкінуць далоў.
Хачу пажадаць табе радасных вестак,
Старэеш гадамі — маладзееш душой.

Ты пішаш аб людзях рэспублікі нашай,
Аб працы ўсіх тых, хто настаўнікам стаў.
Пытанні навукі і практыка ведаў,
І памяць шануеш аб выпускніках.

Сардэчна жадаю натхнёнае працы,
Прыемных, адказных табе чытачоў!
Павышэння заработнай платы,
Шчырых і разумных сяброў!

75 гадоў — узрост мудрасці, сілы духу і ўпэўненасці ў будучыні. Утрымацца на плаву не так і лёгка, калі ўся грамадскасць з галавой пагрузілася ў віртуальнае жыццё. Цяпер нямногія праглядаюць часопісы, газеты і іншыя папяровыя выданні. Я метадыст гімназіі, і па родзе дзейнасці мне трэба сябраваць са сродкамі масавай інфармацыі. З цягам часу ўсё мяняецца: мяняюцца звычкі, з’яўляецца нешта новае. І гэта нармальна: свет павінен развівацца, і мы ра­зам з ім.

Што мяне звязвае з “Настаўніцкай газетай”? Па-першае, я метадыст гімназіі, па-другое, я настаўніца, а па-трэцяе, ужо 27 гадоў маё жыццё звязана з адукацыяй. Для мяне газета — гэта мноства цікавых артыкулаў, знаёмства з людзьмі, якія назаўсёды звязалі сваё жыццё з адукацыяй. З газеты я даведваюся пра апошнія навіны адукацыі. Журналісты “Настаўніцкай газеты” адкрываюць адукацыйныя прасторы Беларусі, падаюць матэрыялы на роднай беларускай мове. Кожны нумар выдання вельмі прадуманы. Рубрыкі і тэматыка розныя, яны цікавыя як маладым спецыялістам, так і людзям з вопытам. Мяне заўсёды цікавіць рубрыка “Медыяадукацыя”, дзе настаўнікі дзеляцца сваімі напрацоўкамі па дыстанцыйным навучанні, прымяненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Рубрыка “Меркаванне” дае магчымасць пазнаёміцца з вопытнымі настаўнікамі з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама аб’ядноўвае дзяцей, бацькоў і педагогаў па інтарэсах.

Я не журналіст, але пробу пяра таксама раблю. Дзякуючы “Настаўніцкай газеце”, мае артыкулы публікуюцца і даносяцца да чытача. Хачу выказаць падзяку журналістам газеты за плённую працу і дапамогу. Калектыву рэдакцыі жадаю, каб пашыралася кола чытачоў вашага выдання, матэрыялы заставаліся разнапланавымі, здымкі — каляровымі, а інфармацыя — карыснай.

Аксана АЛІСІЕВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Барысава

Ёсць такое парадаксальнае выказванне: хочаш быць дэзынфармаваным — чытай газеты. І некаторыя выданні пацвярджаюць яго сваім зместам. Аднак гэта ніяк не адносіцца да нашай “Настаўніцкай”. У значнасці для педагога гэтай газеты я пераканалася ўпершыню, калі была навучэнкай педагагічнага вучылішча. Помню, я рыхтавалася да семінара па педагогіцы і патрэбны былі сучасныя звесткі з практыкі работы настаўнікаў. У бібліятэцы правінцыяльнага палескага гарадка падручнікі па педагогіцы былі старэйшыя за мяне — дзе ўжо там знайсці апісанне сучасных методык! І вопытны бібліятэкар параіла пагартаць падшыўку “Настаўніцкай газеты”. Так да семінара я аказалася падрыхтаванай лепш за ўсіх. Сёння, калі прайшло больш за 25 гадоў, рыхтуючыся да выступленняў на педсаветах, канферэнцыях, я абавязкова гартаю апошнія нумары: усё самае актуальнае, значнае ў сферы адукацыі абавязкова адлюстроўваецца ў газеце.

Прыемна, што газета развіваецца: традыцыйныя рубрыкі дапаўняюцца новымі, расце колькасць дадаткаў, з’явіўся электронны кантэнт.

Выклікае павагу якасць матэрыялаў. У артыкулах карэспандэнтаў выдання добрая літаратурная мова, у інтэрв’ю няма банальшчыны, пытанні раскрываюць асобу персоны ці сутнасць дзейнасці, пра якую ідзе гаворка, у метадычных матэрыялах дакладна расстаўлены акцэнты.

Мне імпануе, што журналісты разумеюць важнасць развіцця агульнага кругагляду чытача-настаўніка. Усім вядома, што дзецям настаўнік цікавы не толькі таму, што ведае свой прадмет, умее яго падаць, але і таму, што ўмее падтрымаць гутарку, дасведчаны ў розных галінах ведаў, сучасны. Цікава прачытаць матэрыялы пра культурнае жыццё, агляды навінак выдавецтваў, навіны са свету навукі, кіно, краязнаўчыя нататкі. Зручна, што ў газеце ёсць пастаянныя рубрыкі псіхолага, парады па дамаводстве, агародніцтве, здаровым ладзе жыцця.

А яшчэ “Настаўніцкая газета” — гэта крыніца натхнення. Чытаючы пра калег, пра іх важную штодзённую працу, пра вялікія і маленькія дасягненні нашых дзяцей, разумееш, што ўсё не дарэмна. Радкі, што гараць адданасцю прафесіі, клічуць да новых пошукаў, вядуць да новых знаходак. Дзякуй, “Настаўніцкая”!

Алена СЕРАДЗІНСКАЯ, метадыст Капыльскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета

Што такое “Настаўніцкая газета” сёння? Гэта па-ранейшаму самая чытальная штотыднёвая газета ў педагагічным асяроддзі нашага раёна. Дзякуючы прафесіяналізму і энергіі, выданне займае асаблівае месца сярод СМІ. На яго старонках заўсёды, у любы час, можна знайсці адказы на пытанні па адукацыйным працэсе. Усімі магчымымі журналісцкімі сродкамі газета дапамагае разабрацца ў асноўных падзеях прафесійнай дзейнасці самага творчага, актыўнага чалавека нашай краіны — настаўніка. У кожным нумары педагогі знаходзяць цікавыя факты, розныя падзеі, інфармацыю аб праведзеных мерапрыемствах, конкурсах, праектах, чуюць парады вядучых вучоных, экспертаў. Несумненна, пра папуляр­насць выдання гаворыць тое, што многія настаўнікі з нецярпеннем чакаюць выхаду наступнага нумара, асабліва каб убачыць там свой матэрыял, артыкул ці нататку, атры­маць падзяку ад сваіх калег. З упэўненасцю магу сказаць, што “Настаўніцкая газета” карыстаецца даверам і вялікай любоўю ў педагогаў Капыльскага раёна.

Мы ж калектывам вучэбна-метадычнага кабінета пашыраем межы чытачоў, нарошчваем аўдыторыю тым, што асвятляем самыя цікавыя старонкі жыццядзейнасці ўстаноў адукацыі Капыльскага раёна. Стараемся падштурхнуць педагогаў да таго, каб яны дзяліліся вопытам работы на старонках “Настаўніцкай газеты”, не баяліся расказаць і падзяліцца лепшымі момантамі ў сваёй педагагічнай практыцы.

Што асабліва важна, выданне не стаіць на месцы. Дынамічна развіваецца, асвойвае новыя тэмы, фарматы, не цураецца вострых праблем. Пры гэтым беражліва захоўвае ўсё лепшае ў сваіх традыцыях, а галоўнае — высока трымае планку журналісцкай работы, узаемадзеяння з рэгіёнамі краіны.

Жадаем “Настаўніцкай газеце” заставацца заўсёды актуальным, сугучным часу выданнем, якое захоўвае вернасць сваім выдатным традыцыям і прынцыпам.