Законнае месца,

- 15:10Сацыяльны ракурс

або Яшчэ раз аб 100-працэнтным размеркаванні

Размеркаванне выпускнікоў навучальных устаноў розных ступеней адукацыі — справа тонкая і ў сучасных умовах няпростая. Хаця ўсё, канечне, залежыць ад профілю ўстановы, якую заканчвае юнак або дзяўчына, ад канкрэтнай спецыяльнасці, яе запатрабаванасці. Хтосьці можа выбіраць сярод розных прапаноў работадаўцаў (як, напрыклад, заатэхнікі), камусьці прыйдзецца значна цяжэй. У Мінскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжы размеркаванне адбылося ў вызначаны тэрмін. Накіраванні на законныя першыя працоўныя месцы атрымалі ўсе бюджэтнікі.

Мужчынская работа

Пазабюджэтнікаў у каледжы, дарэчы, нямнога — гэта навучэнцы адной групы па спецыяльнасці “Рухавікі ўнутранага згарання” і групы маркетолагаў. Тут вучацца нешматлікія дзяўчаты, бо амаль усе астатнія спецыяльнасці, якія прапаноўвае каледж (філіял Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта), мужчынскія. 180 навучэнцаў атрымліваюць тут прафесійна-тэхнічную адукацыю па дзвюх спецыяльнасцях. Першая з іх — “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”, і размяркоўваюцца выпускнікі токарамі, фрэзероўшчыкамі, аператарамі станкоў з праграмным кіраваннем, станочнікамі шырокага профілю. Другая спецыяльнасць — “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. На ёй рыхтуюць слесараў механазборачных работ і слесараў па рамонце аўтамабіляў.

— Ступень прафесійна-тэхнічнага навучання вярнулі нам у 2002 годзе, — гаворыць дырэктар каледжа старшыня Савета кіраўнікоў каледжаў Мінска Мікалай Анатольевіч Жгун. — І, лічу, правільна зрабілі. Прафесіі, як бачыце, патрэбныя.

Маладыя людзі, якія вучацца на другой ступені, атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасцях “Тэхналогія машынабудавання”, “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”, “Рухавікі ўнутранага згарання” (на ёй рыхтуюць тэхнолагаў і механікаў). На гэтых спецыяльнасцях вучацца 738 чалавек. Ёсць яшчэ і завочная форма навучання па некаторых з названых спецыяльнасцей, а таксама па спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” (платна).

Усе спецыяльнасці, якія сёння ёсць у каледжы, існуюць і ў БНТУ, таму інтэграванае навучанне тут цалкам лагічнае. Многія выпускнікі машынабудаўнічага каледжа пасля яго заканчэння выбіраюць завочную вучобу ў галаўным універсітэце па скарочаным тэрміне навучання. Гэта людзі, якія хочуць працаваць, зарабляць і адначасова атрымліваць вышэйшую адукацыю.

— Калі ў мінулым годзе нашы выпускнікі, якія паступалі на скарочаныя тэрміны навучання ў БНТУ, здавалі адзін прадмет тэсціравання (рускую або беларускую мову) і два спецыяльныя прадметы, якія яны вывучалі ў каледжы (у нас гэта “Інфармацыйныя тэхналогіі”, “Матэрыялазнаўства”, “Тэхналогія матэрыялаў”), — расказвае М.А.Жгун, — то сёлета, у адпаведнасці са зменамі ў Правілах прыёму, няма тэсціравання па мове. Гэта я лічу вялікім плюсам.

Перш чым паступаць на завочнае аддзяленне УВА, выпускнікі каледжа праходзяць размеркаванне, як і тыя, хто ва ўніверсітэт паступаць не збіраецца. Яшчэ ў лістападзе 2016 года ўсе навучэнцы, якія падлягаюць размеркаванню, з дапамогай выкладчыкаў вывучалі асноўныя пытанні Палажэння аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, якія атрымалі пасляўніверсітэцкую, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю.

У машынабудаўнічым каледжы лічаць мэтазгодным праводзіць бацькоўскія сходы з удзелам навучэнцаў на тэму размеркавання, каб і тыя, і другія атрымалі інфармацыю аб прававой адказнасці, правах і абавязках маладых спецыялістаў, пазнаёміліся са спісам базавых прадпрыемстваў навучальнай установы.

Пашыраная база

— Яшчэ гадоў 5 назад работадаўцы ледзь ці не біліся за кожнага нашага выпускніка, — гаворыць М.А.Жгун. — На аднаго маладога спецыяліста прыходзілася не менш чым два месцы. І, канечне, мы аддавалі прыярытэт базавым прадпрыемствам.

Дырэктар каледжа прызнае, што апошнія пару гадоў каледж адчувае пэўныя праблемы з размеркаваннем выпускнікоў у сувязі са зменамі ў эканоміцы краіны. Адчувае, але вырашае. За кошт чаго? Адна з галоўных умоў — пашырэнне колькасці прадпрыемстваў-партнёраў. Ужо даволі даўно філіял БНТУ “Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж” супрацоўнічае з Мінскім маторным заводам, Мінскім трактарным заводам і Мінскім заводам шасцерань.

Але зараз, і гэта не сакрэт, многія прадпрыемствы апынуліся не ў самым простым становішчы і не могуць забяспечыць усіх выпускнікоў каледжа першымі рабочымі месцамі, таму адміністрацыя ўстановы пачала шукаць выхады на іншыя прадпрыемствы горада. Так, Мікалай Анатольевіч расказвае, як сам ездзіў дамаўляцца да кіраўнікоў сталічных заводаў аб практыцы для сваіх навучэнцаў і заключэнні дагавораў на падрыхтоўку спецыялістаў.

Такім чынам, за 2014—2017 гады адпаведныя дагаворы былі падпісаны яшчэ з 11-ю прадпрыемствамі Мінска. Гэта, напрыклад, падшыпнікавы завод, Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, машынабудаўнічы холдынг “Амкадор — Белвар”, завод “Тэрмапласт”, унітарнае прадпрыемства “Мінская друкарня” і некаторыя іншыя. Так, сёлета ў Атоліна, дзе знаходзяцца вытворчыя плошчы друкарні, размеркаваліся два выпускнікі МДМК. У параўнанні з агульнай колькасцю выпускнікоў гэта, канечне, нямнога, але значна лепш, чым нічога. Тым больш што работа ў Атоліне выпускнікам каледжа падабаецца.

Што да пераразмеркавання, то ў пэўных выпадках здараецца і такое. Адміністрацыя звычайна ідзе сваім выпускнікам насустрач, каб максімальна ўлічыць іх інтарэсы, тым больш што многія выпускнікі — прыезджыя, хтосьці можа прывезці запыт са сваёй малой радзімы.

Сёлетні выпуск МДМК складае 106 чалавек з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і 76 — з прафесійна-тэхнічнай. 64 (60,4%) чалавекі з тых, хто атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, размеркаваліся на базавыя прадпрыемствы. 42 выпускнікі (39,6%) размеркаваны па персанальных запытах прадпрыемстваў і арганізацый краіны. Пры гэтым 31 выпускнік, або больш за 29% ад іх агульнай колькасці, пачне сваю працоўную біяграфію тэхнікам і тэхнікам-механікам. 69 чалавек (65,1%) размеркаваны з павышанымі разрадамі, шасцёра маладых людзей пакідаюць каледж, маючы 3-і разрад.

Выпускнікі з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй у большасці сваёй — 45 чалавек, або 59,2%, — таксама размеркаваны на базавыя прадпрыемствы. 31 чалавека чакаюць на прадпрыемствах Мінска і іншых гарадоў Беларусі. З гэтай колькасці 26 выпускнікоў атрымалі гарантыйныя лісты аб працаўладкаванні з месцаў праходжання практыкі.

Рэклама і практыка

Як бачна, размеркаванне выпускнікоў каледжа праходзіць не толькі ў межах сталіцы. Часткова гэтаму спрыяе пэўная рэкламная дзейнасць адміністрацыі навучальнай установы. Зрабілі гэта наступным чынам: ва ўсе абласныя выканаўчыя камітэты кіраўніцтва каледжа накіравала лісты з запрашэннем да супрацоўніцтва і ўказаннем спецыяльнасцей, кваліфікацый, па якіх установа рыхтуе спецыялістаў і рабочых. І зноў жа вялікай колькасці прапаноў ад работадаўцаў гэта не прынесла, але станоўчыя вынікі дало. Так, відаць, і трэба працаваць зараз: не разлічваць выключна на вялікія аб’ёмы, буйныя дагаворы, а адначасова з гэтым дзейнічаць тонка, кропкава.

Дырэктар каледжа М.А.Жгун добра гэта разумее. І, канечне, вопытны кіраўнік, які ў свой час быў дэпутатам, членам камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, выдатна ўсведамляе, што чым больш выпускнікі каледжа арыентаваны на практыку, на атрыманне адначасова некалькіх спецыяльнасцей, тым больш яны маюць шансаў на рынку працы. Гэта, зразумела, не навіна, але самае важнае — данесці такую думку да саміх навучэнцаў. Імкніся, вучыся, набывай як мага больш карысных навыкаў і ўменняў — і ты будзеш патрэбным спецыялістам. Тым больш што каледж мае нядрэнныя вучэбна-вытворчыя майстэрні з вялікім паркам металаапрацоўчага абсталявання, дзе можна дасканала адпрацаваць патрэбныя навыкі.

Дарэчы, навучэнцы вырабляюць на вучэбных станках не штосьці непатрэбнае, а канкрэтную прадукцыю, напрыклад, для прадпрыемства “Дармашэкспа”, што прыносіць вучэбнай установе пазабюджэтныя грошы для развіцця матэрыяльнай базы. А рэальная работа стымулюе да самаўдасканальвання, бо гэта звязана і з выхаваннем культуры вытворчасці, і з падтрыманнем працоўнага гонару, і проста з пастаянным кантролем — прадукцыю навучэнцаў, як тое і трэба, прымае АТК.

А некалькі гадоў назад у МДМК у два разы павялічылі працягласць практыкі па атрыманні рабочай прафесіі і, як бачым, не пралічыліся. Такім чынам, кожны выпускнік, акрамя асноўнай спецыяльнасці, атрымлівае як мінімум адну з рабочых прафесій, прычым часцей за ўсё з даволі высокім разрадам — 4-м ці 5-м. Сёлета такіх выпускнікоў 94%.

Пра неабходнасць пастаяннага ўдасканальвання маладым людзям і іх бацькам гавораць ужо на першым курсе, нацэльваюць на тое, каб навучэнцы ішлі на практыку на тыя прадпрыемствы, дзе ў далейшым хацелі б працаваць. Паказвалі сябе, вучыліся асаблівасцям работы на канкрэтным заводзе. І ў выніку частка выпускнікоў падыходзіць да размеркавання з гарантыйнымі лістамі, напрыклад, з трактарнага завода. І гэта акрамя той колькасці выпускнікоў, якія атрымліваюць рабочыя месцы па дагаворы паміж каледжам і прадпрыемствам.

Важна, безумоўна, і тое, як работадаўцы забяспечваюць сваіх маладых кадраў жыллём і якую зарплату прапаноўваюць. Дырэктар МДМК гаворыць, што жыллё (хутчэй за ўсё, месца ў інтэрнаце) на базавых прадпрыемствах мала каму даводзіцца чакаць больш чым паўгода. Зарплата бывае рознай, але, пагадзіцеся, гэта ўжо задача не навучальнай установы.

— Лічу, што размеркаванне не павінна заставацца выключна ў кампетэнцыі навучальных устаноў, — гаворыць напрыканцы нашай сустрэчы Мікалай Анатольевіч. — Было б лагічна, калі б размеркаванне стала міжведамасным клопатам, пытаннем, якое разам вырашаюць і галіна адукацыі, і прамысловасць, і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. А са свайго боку я разумею, што ў цяперашняй сітуацыі сядзець і чакаць чагосьці нельга, таму мы знаходзімся ў пастаянным руху, у пастаянным пошуку.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва МДМК.