Залежыць ад кожнага з нас

- 14:01Рознае, Якасць адукацыі

Павышэнне якасці адукацыі, гарантаванне бяспекі і аховы здароўя дзяцей, перспектывы далейшага развіцця — гэтым пытанням у Віцебску была прысвечана нарада ўпраўлення адукацыі аблвыканкама з начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў і дырэктарамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна.

У нарадзе прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл Волкаў, начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МНС падпалкоўнік унутранай службы Аляксандр Сычоў.

— Па катэгарыйнасці педагагічных работнікаў Віцебшчына мае самы высокі ў краіне кваліфікацыйны ўзровень, па аб’ёмах фінансавых выдаткаў на сістэму адукацыі мы на першым месцы, па заработнай плаце педработнікаў — на другім (пасля Мінска), — адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Леанід Сцяпанаў. — Гэта бясспрэчнае дасягненне, аднак ёсць і другі бок медаля. Так, нас зусім не задавальняе агульны вынік выступлення каманды вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Магчыма, хтосьці з прысутных лічыць, што падрыхтаваць пераможцу алімпіяды звычайная сельская школа не можа ў прынцыпе, з чым мы гэтак жа прынцыпова не згодны. Сваімі навучэнцамі — пераможцамі заключнага этапу алімпіяды — ганарацца многія нашы раёны, але ёсць і такія, якія не падрыхтавалі нават фіналістаў. Эфектыўнасць існуючай сістэмы работы трэба павышаць. Для гэтага неабходна змяніць свае адносіны, падыходы: вельмі многае залежыць ад кожнага з нас на кожным рабочым месцы. Часта мы чуем: “Вызваліце настаўніка ад неўласцівых функцый”. Мне здаецца, што мы яго вызвалілі і ад часткі ўласцівых функцый. Каляндарнае планаванне раздрукавалі, рабочыя планы набылі — навошта ствараць сваё, думаць пра новыя адукацыйныя тэхналогіі? Такі падыход катэгарычна недапушчальны. Калі казаць пра цэнтралізаванае тэсціраванне, толькі па трох прадметах — “Гісторыі Беларусі”, “Геаграфіі”, “Сусветнай гісторыі” — вобласць мае сярэдні бал, вышэйшы за аналагічны рэспубліканскі паказчык, прычым параўнальна нядаўна мы былі ў лідарах па большасці прадметаў. І, хаця падрыхтоўка навучэнцаў да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі не з’яўляецца прыярытэтнай задачай школы, такая сітуацыя не можа не трывожыць, як і вынікі выпускных экзаменаў (пятае месца ў краіне) і нізкая сярэдняя напаўняльнасць класаў. Між тым выдаткі дзяржавы на невялікую сельскую ўстанову адукацыі складаюць прыкладна 3 млрд 300 млн рублёў, 3 млрд з якіх накіроўваюцца на выплату заработнай платы. Ці апраўдана тут гаварыць пра эфектыўнае расходаванне бюджэтных сродкаў? Ёсць распрацаваныя маршруты, што дазваляюць забяспечыць падвоз дзяцей, ёсць вопыт Глыбоцкага раёна, дзе некалькі гадоў назад была рэалізавана подобная сістэма арганізацыі навучання.

Леанід Сцяпанаў паведаміў, што ў сувязі з гэтым упраўленне адукацыі вынесла свае прапановы на сесію абласнога Савета дэпутатаў. Райвыканкамам было прапанавана прааналізаваць існуючую сетку ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Уведзена паняцце апорнай школы — гэта ў пераважнай большасці сярэдняя школа, якая якасна вырашае пастаўленыя перад ёй задачы, мае высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу або патрабуе невялікай колькасці фінансавых выдаткаў.

Працягам размовы пра сучасны стан і перспектывы развіцця школы стала выступленне намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргея Арэхава, прысвечанае забеспячэнню аховы здароўя навучэнцаў, прафілактыцы дзіцячага траўматызму і вынікам выканання ўстановамі адукацыі вобласці Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3. Работа сістэмы адукацыі па энерга- і рэсурсазберажэнні вядзецца нядрэнна. Што тычыцца прафілактыкі дзіцячага траўматызму, то тут задзейнічаны далёка не ўсе рэзервы.

— Дзякуючы пагадненню, заключанаму з сістэмай аховы здароўя, да нас паступае інфармацыя пра ўсе выпадкі траўміравання дзяцей. І, на жаль, статыстыка паказвае пэўнае павелічэнне колькасці няшчасных выпадкаў. Сярод іх ёсць і такія, дзе прычыны ў канчатковым выпадку зводзяцца да недагляду з боку педагогаў — нагода кожнаму сур’ёзна задумацца, прааналізаваць сваю работу, унесці ў яе неабходныя карэктывы, — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Сяргей Уладзіміравіч. — Гэта першачарговая задача і галоўная ўмова арганізацыі адукацыйнага працэсу, каб дзіця прыйшло ва ўстанову адукацыі і пакінула яе здаровым.

Аляксандр Сычоў падрабязна спыніўся на выкананні мерапрыемстваў па адпрацоўцы планаў эвакуацыі людзей і матэрыяльных каштоўнасцей у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый, на забеспячэнні кантролю над захаваннем супрацьпажарнага рэжыму падчас выпускных святочных мерапрыемстваў, работы летнікаў, на правядзенні рамонтаў пры падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Прагучала прапанова арганізаваць сумесную з упраўленнем адукацыі аблвыканкама дзейнасць па павышэнні якасці перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічнага складу, які ажыццяўляе выкладанне прадмета “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”.

Начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома спыніўся на патрабаваннях, якія сёння прад’яўляюцца да кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, і падкрэсліў: у дачыненні да дырэктараў устаноў адукацыі аналагічныя крытэрыі павінны быць значна больш жорсткімі.

— Каб эфектыўна развівацца, рухацца наперад, нам ужо сёння трэба прызнаць, што існуе шэраг пытанняў, якія патрабуюць як неадкладнага вырашэння, так і карпатлівай калектыўнай працы, — падкрэсліў Дзмітрый Леанідавіч. — Праз распачаты ў лютым цыкл арганізацыйных мерапрыемстваў упраўлення адукацыі мы якраз імкнуліся паказаць сістэму адукацыі вобласці — адкрыта, не замоўчваючы складаных пытанняў, разам шукалі на іх адказы, арганізоўвалі ўкараненне новых метадаў і мадэлей арганізацыі адукацыйнага працэсу. Так, на выніковым пасяджэнні калегіі мы прадэманстравалі, як эфектыўна можа развівацца ўстанова адукацыі ў сучасных эканамічных умовах. Падчас размоў з начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму ў прысутнасці намеснікаў старшынь гар(рай)выканкамаў пастараліся выпрацаваць пэўны комплекс мер для вырашэння праблем па канкрэтных раёнах. Вельмі важнай падзеяй стала сесія абласнога Савета дэпутатаў, дзе ў прысутнасці старшынь гар(рай)выканкамаў і губернатара вобласці былі агучаны нашы прапановы па ўдасканаленні рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Нядаўна адбылася нарада па праблемах развіцця алімпіяднага руху ў вобласці. Мы вылучаем тры складнікі поспеху ў адукацыі: кадры, матэрыяльная база, навучэнцы. У нас ёсць таленавітыя настаўнікі, моцныя педагагічныя калектывы, у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі абсталяваныя ўстановы адукацыі, выдатныя вучні. Але кожны педагог і кіраўнік павінен дакладна ўсведамляць перспектыўны вынік сваёй працы і дзейнасці сістэмы адукацыі ў цэлым. Права на памылку ў нас няма, і дробязей у нашай рабоце не бывае.

Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка падрабязна расказала пра новы Тыпавы план на наступны навучальны год і ўнесеныя ў яго змяненні. Акцэнт быў зроблены на павышэнні якасці адукацыі, асобных пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама формах правядзення выпускных экзаменаў і ўступных выпрабаванняў ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

— Што не так пайшло, чаму Віцебская вобласць стала страчваць лідарскія пазіцыі па паказчыках якасці адукацыі? У кожнага з вас зараз супярэчлівыя пачуцці. Крыўдна чуць такую ацэнку сваёй працы, таму што ў яе ўкладзена так многа сіл, часу, душы, — канстатавала намеснік міністра. — І ўсё ж я заклікаю вас, калегі: данясіце да сваіх калектываў тон, які сёння быў узяты на нарадзе. Абсалютна правільна, катэгарычна, адкрыта агучаны ўсе праблемы. Каб вярнуць лідарства, аднаго года будзе мала, і пачынаць трэба з кожнай канкрэтнай школы. Разам з тым любое пачынанне, якое мы з вамі спрабуем рэалізаваць, павінна быць добра падрыхтаваным. Для сістэмы адукацыі надзвычай важныя традыцыйныя падыходы, і ў той жа час абнаўленне неабходна: калі не пераглядаць змест адукацыі, прыйдзем да таго, што мы і нашы дзеці перастанем разумець адно аднаго. А галоўным крытэрыем якасці адукацыі павінна стаць гатоўнасць да жыцця, уладкаванне ў жыцці і правільная прафесійная арыентацыя дзяцей.

Удзельнікі нарады таксама азнаёміліся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу і матэрыяльнай базай Віцебскага кадэцкага вучылішча і гімназіі № 8 Віцебска.

Таццяна БОНДАРАВА.