Замест бацькоў

- 14:01Сацыяльны ракурс

Добра, калі дзеці сустракаюць свята сярод блізкіх людзей. Галоўнае — каб так праходзіла ўсё іх жыццё

Калі гаворка ідзе пра чалавечыя лёсы, а тым больш пра лёсы дзіцячыя, пытанняў, як правіла, узнікае больш, чым адказаў на іх. Тым не менш шукаць гэтыя адказы неабходна пастаянна. Што і робяць людзі, чыя прафесія — дапамагаць дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў.

Так, нядаўна ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску прайшоў рэспубліканскі круглы стол “Арганізацыя эфектыўнай работы па суправаджэнні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейных формах уладкавання”.

Больш любові, больш сем’яў

Удзельнікамі круглага стала сталі спецыялісты, якія і па абавязку, і — у ідэале — па поклічы сэрца прызваны клапаціцца пра кожнае дзіця, якое аказалася ў цяжкіх жыццёвых умовах, для якіх усе дзеці — нашы дзеці і не толькі падчас аднайменнай рэспубліканскай акцыі. Гэта спецыялісты аховы дзяцінства ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, метадысты інстытутаў развіцця адукацыі, якія курыруюць пытанні аховы дзяцінства, дырэктары сацыяльна-педагагічных устаноў.

На пачатак 2017 года ў Беларусі было 20 188 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З гэтай колькасці 80% хлопчыкаў і дзяўчынак ахоплены сямейнымі формамі ўладкавання.

— Ажыццяўляючы апеку і папячыцельства ў адносінах да непаўналетніх, упраўленні і аддзелы адукацыі, установы адукацыі паслядоўна рэалізоўваюць мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку сацыяльнага сіроцтва, — падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Васільеўна Галаўнёва. — Прыняцце дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” дазволіла стварыць сістэму міжведамаснай работы па кантролі за становішчам дзяцей у сем’ях, павышэнні адказнасці бацькоў за іх выхаванне.

Аб эфектыўнасці нацыянальнай сістэмы прафілактычнай работы з сем’ямі сведчыць, напрыклад, скарачэнне за час дзеяння дэкрэта колькасці бацькоў, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў, на 49%, а колькасці дзяцей, якіх адабралі ў бацькоў-“пазбаўленцаў”, на 45%. Сярод апошніх станоўчых тэндэнцый — скарачэнне колькасці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з 28 173 чалавек да 20 188.

І, канечне, нельга не ўзгадаць, што значна скарацілася і працягвае скарачацца сетка дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў. Вынікі такой аптымізацыі за 2008—2015 гады прынеслі скарачэнне названых устаноў на 54,5%, а кантынгент выхаванцаў — на 68,25%. За перыяд з 2015 па 2017 год закрыты яшчэ 2 установы. Па стане на сёння ў краіне працуюць 17 дзіцячых дамоў, у якіх выхоўваюцца 847 дзяцей, 8 школ-інтэрнатаў (695 хлопчыкаў і дзяўчынак), 5 з іх — дапаможныя школы-інтэрнаты для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — гэта 523 дзіцяці. Такім чынам, за апошнія дзесяць гадоў сетка дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў скарацілася больш чым у 2,5 разу, а дзяцей у іх — больш чым у 4 разы.

Прыярытэт уладкавання дзяцей-сірот на сямейныя формы выхавання над уладкаваннем на інтэрнатныя формы мае станоўчую дынаміку. Калі ў 2007 годзе ў замяшчальных сем’ях выхоўваліся 63,2% такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, то сёння гэты паказчык перавысіў 80%. Сярод рэгіёнаў у гэтым плане зараз лідзіруе Гомельская вобласць, дзе адпаведны паказчык складае 88,33%. Іншыя вобласці падцягваюцца да лідара і ідуць практычна ўпоравень.

А вось яшчэ красамоўныя лічбы, што сведчаць пра развіццё сямейных форм уладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў: у 2008 годзе толькі 3% выхаванцаў інтэрнатных устаноў былі ўладкаваны ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, па выніках 2016 года такіх непаўналетніх было ўжо 13,81%. Увядзенне інстытута дзіцячага дома сямейнага тыпу, як падкрэсліла А.В.Галаўнёва, дазваляе не разлучаць родных братоў і сясцёр, якія адначасова страцілі бацькоўскую апеку.

Колькасць жа такіх дзіцячых дамоў за дзесяцігоддзе вырасла на 181 адзінку — амаль у 3 разы. Колькасць дзяцей, якія ў іх выхоўваюцца, павялічылася на 1263 чалавекі — практычна ў 3 разы, а колькасць бацькоў-выхавальнікаў — у 4 разы, зараз гэта 441 чалавек. Такім чынам, цяпер у краіне дзейнічаюць 276 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, у якіх выхоўваюцца 1883 дзіцяці. Больш за 5 тысяч малых жывуць у прыёмных сем’ях і каля 9 тысяч — у апякунскіх.

Кандыдаты ў мамы і таты

Безумоўна, больш хуткаму ўладкаванню дзяцей у замяшчальныя сем’і спрыяе размяшчэнне інфармацыі пра іх на сайце DADOМU.BY, на сайтах упраўленняў адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, школ, дзіцячых садоў. Пошук патэнцыяльных замяшчальных сем’яў ажыццяўляецца з дапамогай сацыяльнай рэкламы, інфармацыйных кампаній з шырокім удзелам рэгіянальных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. А інфармацыйна-метадычную работу па ўладкаванні дзяцей-сірот на выхаванне ў сем’і на рэспубліканскім узроўні праводзіць Нацыянальны цэнтр усынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Разнастайнасць форм сямейнага ўладкавання — усынаўленне, апека, прыёмная сям’я, дзіцячы дом сямейнага тыпу, упэўнены спецыялісты, дазваляе выбраць аптымальную форму ўладкавання для кожнага дзіцяці ў адпаведнасці з яго інтарэсамі і магчымасцямі органаў апекі і папячыцельства. У сувязі з гэтым колькасць упершыню выяўленых малых, якія накіроўваюцца на выхаванне ў інтэрнатныя ўстановы, скарацілася з 25% у 2007 годзе да 11% па выніках 2016 года.

Разам з тым спецыялісты разумеюць, што ўладкаванне дзіцяці на выхаванне ў сям’ю не заўсёды азначае, што тым самым вырашаны ўсе яго праблемы. У арганізацыі суправаджэння такіх малых ёсць шэраг праблемных пытанняў. Гэта, напрыклад, якасць падрыхтоўкі прафесійных прыёмных бацькоў. Кандыдаты ў прыёмныя бацькі праходзяць адпаведнае навучанне, але, як паказвае практыка, гэтага недастаткова. Адсюль вывад: наспела неабходнасць перагледзець змест праграм падрыхтоўкі кандыдатаў у замяшчальныя бацькі. Упраўленням і аддзелам адукацыі варта ва ўзаемадзеянні з інстытутамі развіцця адукацыі павышаць якасць кантролю за прафесійнай падрыхтоўкай такіх бацькоў.

— Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць наладжванню цеснага ўзаемадзеяння ІРА з тэрытарыяльнымі сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі па пытаннях такой падрыхтоўкі, — падкрэсліла А.В.Галаўнёва. — Недапушчальна ўсю адказнасць за падрыхтоўку кандыдатаў у замяшчальныя бацькі ўскладваць толькі на СПЦ.

Значнай праблемай застаецца адаптацыя дзіцяці як у самой замяшчальнай сям’і, так і ва ўстановах адукацыі. У такіх малых нярэдка бываюць не толькі паводзінскія праблемы, але і значныя недахопы ў ведах, праблемы са здароўем. Не ўсе прыёмныя бацькі або бацькі-выхавальнікі здольны прымаць дзіця такім, якое яно ёсць, не ў кожнага хапае цярпення выхоўваць малога, які мае паводзінскія расстройствы і глыбокія недахопы ў ведах.

Упраўленням адукацыі неабходна ў планах развіцця сям’і прадугледжваць мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне добрага псіхалагічнага клімату ў сям’і і паспяховую адаптацыю непаўналетніх ва ўстановах адукацыі. Важна далучаць не толькі рэсурсы СПЦ, але і магчымасці школ і дзіцячых садоў, устаноў аховы здароўя, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Магчыма, у пэўных сітуацыях мае сэнс звярнуцца да ўчастковага інспектара ІСН. І, безумоўна, асабліва важная роля належыць класным кіраўнікам, куратарам груп, майстрам, спецыялістам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы.

Узаемадзеянне розных зацікаўленых службаў пад кіраўніцтвам упраўленняў і аддзелаў адукацыі вызначае поспех выхавання дзяцей-сірот. Планы развіцця сем’яў павінны мець індывідуальны характар і зацвярджацца не дырэктарам СПЦ, а начальнікам упраўлення, аддзела адукацыі, спорту і турызму, паколькі
функцыі апекі і папячыцельства заканадаўства ўскладвае менавіта на гэтыя структуры.

Баланс інтарэсаў

Няякасная работа па падборы прыёмных бацькоў, бацькоў — выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, фармальны падыход да суправаджэння замяшчальных сем’яў, недастатковы кантроль за выкананнем замяшчальнымі бацькамі менавіта апякунскіх абавязкаў становяцца асноўнымі прычынамі вяртання дзяцей назад у інтэрнатныя ўстановы. Адсутнасць належнай увагі да гэтых дзяцей з боку органаў аховы дзяцінства сталі прычынай несвоечасовага выяўлення выпадкаў злоўжыванняў і злачынстваў у адносінах да дзяцей, неналежнага выканання дарослымі сваіх абавязкаў.

Праблемы ёсць, і пра іх на круглым стале гаварылі. Галоўнае, канечне, іх вырашыць. Што неабходна зрабіць дзеля гэтага, таксама абазначылі: удасканаленне работы па ўкараненні эфектыўных метадаў і форм работы па ацэнцы становішча дзяцей у сем’ях; своечасовая арганізацыя міжведамаснай работы па вывядзенні дзяцей з сацыяльна небяспечнага становішча, падборы, падрыхтоўцы і суправаджэнні сем’яў, якія прымаюць на выхаванне дзяцей-сірот; распрацоўка і ўкараненне механізму эфектыўнага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі з сям’ёй.

Так, была агучана пазіцыя Міністэрства адукацыі: неабходна перш за ўсё прыняць меры па стабілізацыі кадравага складу спецыялістаў па ахове дзяцінства; патрабуе вырашэння пытанне дыферэнцыраванай курсавой падрыхтоўкі спецыялістаў (сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў) па ахове дзяцінства ў залежнасці ад стажу і работы на пасадзе. У сувязі са значнымі змяненнямі жыллёвага заканадаўства ёсць неабходнасць комплекснага нарматыўна-прававога рэгулявання пытанняў абароны жыллёвых правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пачынаючы з замацавання жылля і заканчваючы правам на атрыманне жылля сацыяльнага карыстання, крэдыту.

Прагучала прапанова да рэгіёнаў абагульніць практыку, праблемныя пытанні і накіраваць іх у галіновае міністэрства. Неабходна і карэкціроўка заканадаўства, якое рэгулюе рэгістрацыю дзяцей па месцы жыхарства і месцы знаходжання. І, напэўна, наспела неабходнасць разгледзець пытанне аб увядзенні адпаведнай сістэмы ацэнкі эфектыўнасці і якасці работы прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

Пра павышэнне кваліфікацыі кадраў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі расказала прарэктар па навукова-метадычнай рабоце гэтай установы Галіна Іванаўна Нікалаенка. Так, у акадэміі кіраўнікі ўстаноў адукацыі і спецыялісты, якія абараняюць правы дзяцей, праходзяць павышэнне кваліфікацыі па тэмах “Уладкаванне і суправаджэнне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у замяшчальныя сем’і”, “Прававое і навукова-метадычнае забеспячэнне дзейнасці па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей” і іншых. Рэспубліканскія семінары-практыкумы таксама праводзяцца пастаянна, як і круглыя сталы, е-mail-канферэнцыі, у якіх актыўна ўдзельнічаюць прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі. У рэгіёнах краіны ўжо некалькі гадоў працуе праграма павышэння кваліфікацыі спецыялістаў аховы дзяцінства і прыёмных бацькоў.

А летась у склад інавацыйных праектаў увайшоў праект “Укараненне мадэлі сацыяльна-педагагічнай падтрымкі прыёмных бацькоў (бацькоў-выхавальнікаў) на падставе выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”. Тэрмін рэалізацыі праекта 2017—2020 гады, рэалізоўваецца ён у пяці сацыяльна-педагагічных цэнтрах краіны.

Галіна Іванаўна Нікалаенка звярнула ўвагу прысутных на тое, што ў акадэміі адбудзецца абарона дысертацыі Наталлі Мікалаеўны Вакер, спецыяліста і прыёмнай маці, на вельмі актуальную тэму — “Фарміраванне псіхолага-педагагічнай культуры прафесійных замяшчальных бацькоў”. Так адбываецца навуковае асэнсаванне існуючай праблемы і пошук яе вырашэння. Пра актуальныя праблемы прыёмнай сям’і ў адукацыйным асяроддзі паразважала маці-выхавальніца з Брэстчыны Валянціна Юр’еўна Друк.

Аб розных аспектах сваёй работы расказалі прадстаўнікі Мінска, Вілейскага, Рагачоўскага раёнаў. Таксама выступілі спецыялісты АПА, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Алена Міхайлаўна Вайцяховіч.

Адбылася і дыскусія па адзначаных праблемных пытаннях.

Марына ХІДДЖАЗ.