Гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна — найстарэйшая і адна з лепшых у краіне. Акрамя таго, навучальная ўстанова размешчана ў вельмі маляўнічым кутку горада — у парку Румлёва на беразе ракі Нёман, што стварае асаблівую атмасферу.
Асаблівая ўвага ў гімназіі удзяляецца вывучэнню замежных моў. У якасці асноўнай гімназісты вывучаюць англійскую, нямецкую, французскую мову, у якасці другой прапаноўваюцца англійская, нямецкая, французская, польская, а з 2014 года яшчэ і кітайская мова. З 2016 года гімназія № 1 Гродна ўдзельнічае ў інавацыйным праекце Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі полікультурнага выхавання ўстановы адукацыі ў выхаваўчую прастору рэгіёна”.
Акрамя вывучэння агульнаадукацыйных прадметаў, навучэнцы (на выбар) займаюцца выяўленчым мастацтвам, танцамі ці ігрой на адным з музычных інструментаў (фартэпіяна, цымбалы, гітара, баян, скрыпка, флейта). У гімназіі дзейнічае ансамбль народных інструментаў “Румлёўскiя зорачкi”, тэатр на французскай мове “Мом”, інтэлектуальны клуб “Дэбаты” на рускай і англійскай мовах, а таксама экалагічнае таварыства “Экасвет”.
За 25 гадоў існавання ва ўстанове склаліся багатыя традыцыі. Тут праводзяцца розныя святы, прадметныя тыдні і дэкады, фестывалі, конкурсы, навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў з удзелам гасцей з Літвы, Польшчы, Расіі і розных рэгіёнаў Беларусі. Гімназісты таксама прымаюць удзел у сумесных праектах з аднагодкамі з Літвы, Польшчы, Германіі, Расіі.
“У 2014/2015 навучальным годзе ў нас стала магчымым вывучэнне кітайскай мовы на факультатыўных занятках у 5-х класах. З 2015 года гімназісты прымаюць удзел у алімпіядзе па кітайскай мове.
Улічваючы сучасныя тэндэнцыі ў развіцці двухбаковых адносін паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь, назіраецца рост цікавасці да кітайскай мовы і кітайскай культуры сярод розных катэгорый беларускага насельніцтва і школьнікаў у прыватнасці. У маі 2016 года на базе гімназіі пад эгідай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта быў афіцыйна адкрыты клас Канфуцыя.
Нашы гімназісты зацікаўлены не толькі ў вывучэнні кітайскай мовы, але і знаёмяцца з музыкай, выяўленчым мастацтвам, літаратурай Кітая. У нас ёсць магчымасці і неабходныя ўмовы для правядзення культурных мерапрыемстваў з прыцягненнем навучэнцаў не толькі нашай гімназіі, але і іншых устаноў адукацыі гродзенскага рэгіёна. Наяўнасць абсталяванага класа Канфуцыя зрабіла падрыхтоўку і правядзенне падобных мерапрыемстваў больш якаснымі”, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ларыса Шчарбакова.
Пасля адкрыцця класа Канфуцыя ў гімназіі адкрылі гурткі па інтарэсах для вучняў 5—7 класаў, факультатыўныя заняткі па кітайскай мове ў 5—10 класах, праводзяцца выставы работ (малюнкаў) на кітайскую тэматыку. Кітайскай мовай у класе Канфуцыя займаюцца навучэнцы і іншых устаноў адукацыі Гродна.
“Мы запрашаем на заняткі кітайскай мовай не толькі вучняў — гатовы адкрыць курсы па вывучэнні гэтай мовы і для дарослых. Уся неабходная інфармацыя пра арганізацыю такога навучання знаходзіцца на афіцыйным сайце гімназіі.
Акрамя заняткаў, выкладчык-валанцёр з КНР Лю Сіньюань праводзіць з навучэнцамі майстар-класы па гатаванні нацыянальных кітайскіх страў; ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню кітайскага Новага года, заканчэнню навучальнага года. Слухачы класа Канфуцыя прымаюць актыўны ўдзел і ў алімпіядах рознага ўзроўню, навукова-практычных канферэнцыях”, — працягвала Ларыса Шчарбакова.
У красавіку 2017 года работа навучэнкі 7 “Ч” класа гімназіі Арыны Яраш на кітайскай мове атрымала дыплом І ступені на гарадской канферэнцыі даследчых работ “Відавочнае-неверагоднае”. Як бачна, дружная шматмоўная сям’я Гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага ўвесь час развіваецца, таму наперадзе яе чакаюць новыя адкрыцці, ключом да якіх з’яўляецца замежная мова.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.