Замежная стажыроўка… пад Барысавам

- 10:16Выхаванне, Рознае

На вучобу — у жніўні? 60 падлеткаў — лідараў клубаў ЮНЕСКА з усёй Беларусі — такая перспектыва толькі ўзрадавала, і яны з задавальненнем сталі студэнтамі Міжнароднага летняга ўніверсітэта клубаў ЮНЕСКА. Сёлета гэтая маладзёжная навучальная ўстанова адзначала сваё 20-годдзе, а сама сесія была прымеркавана да Года культуры.

Хоць на базе аздараўленчага лагера “Бродаўка”, што ў Барысаўскім раёне, не было вучэбных аўдыторый, дэканата і заліковак, павучыцца маладым людзям удалося. На працягу 12 дзён яны наведвалі майстар-класы і секцыі, дзелавыя і ролевыя гульні, вучыліся метадам самакіравання і арганізацыі культурных і сацыяльных мерапрыемстваў, прымалі ўдзел у незвычайных алімпійскіх гульнях, кірмашы камерцыйных ініцыятыў, сталі ўдзельнікамі насычанай культурнай праграмы.

Кацярына Кавальчук, навучэнка гімназіі № 24 Мінска, прызнаецца, што галоўнай праблемай для яе заўсёды было перажыць лета без вучобы, таму на канікулах яна займаецца самаадукацыяй. “Летась, напрыклад, я падцягвала замежную ў лінгвістычным лагеры “Масты англійскай мовы”, — дзеліцца дзяўчына. — Тут жа ўвогуле разнапланавае навучанне: псіхалогія кіравання, акцёрскае майстэрства, ролевыя гульні жывога дзеяння і шмат чаго іншага”.

Віялета Панасевіч з клуба ЮНЕСКА “Унутраны свет” сярэдняй школы № 13 Жодзіна ўпадабала трэнінгі па самапрэзентацыі: “Правільна сябе прадставіць — гэта значыць зразумець псіхалогію аўдыторыі. Прадстаўляцца ў жыцці нам даводзіцца ў розных іпастасях: як студэнты, як спецыялісты, як бацькі і інш. Няправільная самапрэзентацыя можа сапсаваць усё. І сыграць адмоўную ролю тут можа як сарамлівасць, сціпласць, нерашучасць, так і, наадварот, перагібанне палкі. Тут важна ўсё: пастава, жэсты, міміка, маўленне”.

Што да маўлення, то пра яго ўжо ўсё ведае, напрыклад, Яўген Качаноўскі з БДУіР, які адзначае: “Якім павінна быць выступленне, залежыць ад таго, у якім вы памяшканні, якая публіка перад вамі, яе сацыяльны статус, узрост. Для прамоўцы важна ўмець зняць хваляванне, не саромецца публікі, гаварыць смела, кожнае слова вымаўляць выразна, без лішніх гукаў. Дарэчы, шмат сэнсу нясе ў сабе і жэстыкуляцыя — рухамі можна паказаць сваю прыхільнасць да публікі”.

Пра тое, што з сарамлівага чалавека адразу прамоўцу не зробіш, ведае Рафаіл Аліеў, выхаванец клуба ЮНЕСКА “Гальфстрым” гімназіі № 12 Мінска. Ён адзначае: “Тут патрэбны заняткі на разняволенне, гульні, спецыяльныя методыкі, якія дапамагаюць чалавеку падсвядома выправіць праблемы зносін”.

А вось ларпы, ці ролевыя гульні жывога дзеяння, можа, і не вырашаць праблем, затое дакладна навучаць іх усведамляць. “Гэта вельмі цікавая і пакуль малавядомая методыка, — тлумачыць Яўген Качаноўскі. — Ідэя такая. Трэнер раздае ролі гульцам, апісвае ім сітуацыю, у якую яны трапляюць. Галоўнае, у ёй заўсёды ёсць канфлікт. Мэта ларпа — навучыць гульцоў чамусьці, даць ім нейкі вопыт, таму тут важны не столькі сам працэс, колькі тое, што адбываецца пасля гульні, — усведамленне чалавекам таго, што ён зрабіў. Ларпы бываюць кароткія, а часам доўжацца некалькі дзён. Напрыклад, трэнеры расказвалі нам пра ларп “Я — гараджанін”, які нядаўна праходзіў у Мінску, у якім гараджане на некалькі дзён прымалі на сябе ролю бяздомных. Тут быў канфлікт паміж гараджанамі і бяздомнымі, і гульцам трэба было адчуць націск з боку грамадства”.

Па задуме арганізатараў, падобныя гульні, як і многае іншае з праграмы ўніверсітэта, дапамагаюць яго ўдзельнікам развіваць у сабе такія якасці сапраўднага лідара, як самастойнасць, творчасць, нестандартнасць мыслення, ініцыятыўнасць, уменне браць на сябе адказнасць, камунікабельнасць.

Акрамя навучання, МЛУКЮ пагружае маладых людзей у вывучэнне культур свету (гэта адна з галоўных праграм ЮНЕСКА), даючы ім на час замежнае грамадзянства. Сёлета студэнты сталі грамадзянамі Грэцыі, Кубы і Саудаўскай Аравіі. Такая форма арганізацыі дзейнасці — не проста імкненне адысці ад традыцыйных для дзіцячых лагераў атрадаў. Гэта неардынарны спосаб вывучыць мадэль узаемадзеяння краін у свеце і разам з тым пагрузіцца ў культуру “сваёй” краіны, адчуць яе ўнікальнасць, асаблівасці. Рыхтуючы прэзентацыю пэўнай краіны, студэнты вучылі нацыянальныя гімны, малявалі дзяржаўныя сцягі, ставілі народныя танцы і нават вывучалі мову гэтай краіны. Такая форма дзейнасці найлепшым чынам спрыяе самакіраванню. У мясцовых “дзяржавах” былі свае кіраўнікі, свая заканадаўчая, судовая ўлада, міністэрствы адукацыі, культуры, спорту, інфармацыі, аховы прыроды, і ўсе гэтыя ведамствы зладжана працавалі. Штодзень свежыя навіны асвятлялі СМІ: выдаваліся газеты, вяліся рэпартажы, нават здымаліся фільмы.

“Прычым пасады і функцыі паміж намі размяркоўваюць не куратары — кожны з нас выбірае для сябе сам, што яму бліжэй, у чым ён хоча развівацца, — гаворыць Рыгор Лукашонак з Мінскага радыётэхнічнага каледжа (філіяла БДУІР). — Падрыхтоўка кожнага мерыпрыемства — гэта камандная работа, сапраўдны мазгавы штурм, з ідэямі і прапановамі па іх рэалізацыі. Гэта можа здацца простым, але ўся складанасць у тым, што кожны, хто трапіў сюды, — лідар. Весці за сабой каманду і працаваць у камандзе —розныя рэчы. Таму мы ўсе вучыліся згуртоўвацца, станавіцца калектывам і дасягаць мэт сумесна”.

А вось пра тое, як стварыць здаровую канкурэнцыю, ведаюць куратары, якімі сталі маладыя педагогі — валанцёры і арганізатары розных праектаў ЮНЕСКА. “У нас рэйтынгавая сістэма, і яна вельмі добра стымулюе нашых дзяцей, не стварае варожасці паміж “краінамі”, а дае стымул кожнай з іх рухацца наперад, прычым рухацца камандай. У кожнага ёсць свае функцыі, і ад кожнага залежыць поспех, імідж краіны, — гаворыць Дар’я Іванюк, куратар Саудаўскай Аравіі, настаўніца англійскай мовы ў сярэдняй школе № 179 Мінска. — Кожны за сваю работу атрымлівае балы, і ў залежнасці ад іх колькасці можа быць выбрана ўзнагарода згодна з прайс-лістом. Звычайна яна гумарыстычная, творчая. Напрыклад, за 20 балаў — песня ад куратара”.

“Галоўнае ў нашым лагеры — самакіраванне, — гаворыць дырэктар МЛУКЮ студэнт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Віталь Скурат. — Можа, гэта і рызыкоўна, бо моладзь бывае рознай. Перад вачыма ў нас шмат негатыўных прыкладаў — гэта і тэлебачанне, і дарослыя, паводзіны якіх часта далёкія ад высокамаральных, і ўсё ж мы тут практычна не кантралюем студэнтаў, і ніякіх непрыемнасцей не здараецца. А калі і здараюцца, мы ўсё вырашаем па законе. Напрыклад, нехта ўзяў без дазволу падзараднае ўстройства, тады пацярпелы піша заяву ў суд. Істцу і адказчыку суд высылае павесткі, і па ўсіх правілах праходзіць пасяджэнне. У якасці меры пакарання могуць быць назначаны 20 метраў гужам па стадыёне, публічнае выбачэнне ў творчай форме ці нешта падобнае. Супраць мяне нядаўна быў прад’яўлены іск па справе абліцця вадой куратара, і мне было прысуджана публічна папрасіць прабачэння і назначана мера пакарання — 300 прысяданняў”.

Дарэчы, такія спартыўныя пакаранні назначаюцца невыпадкова. Са спортам тут сябруюць. На “вуліцах” краін стракацяць білборды з заклікамі “Пачынай дзень не з кавы, а з зарадкі”, “Займайся спортам — атрымлівай здароўе оптам”. Маладыя людзі напоўнілі свае дні спартыўнымі мерапрыемствамі, дыскатэкамі, турыстычнымі паходамі. Цікавымі былі “Галодныя гульні”, якія напоўнілі не толькі футбол і валейбол, але і неардынарныя спартыўныя гульні: сляпыя кацяняты, даджбол, квідзіч, выбівалы і інш. На закрыцці, акрамя традыцыйных узнагарод, уручаліся і салодкія — тарты і дыні.

“Наша галоўная задача — дапамагчы падлеткам убачыць у сабе тыя таленты, пра якія яны самі не ведаюць, раскрыць іх творчы і арганізатарскі патэнцыял, — гаворыць адна з арганізатараў праекта Анастасія Дорань. — Мы хочам, каб яны ўбачылі і засвоілі як мага больш і як мага больш змаглі перадаць у свае школы і ўніверсітэты”.

Святлана НІКІФАРАВА.