Складана выкладаць замежную мову, не пабываўшы ў краіне гэтай мовы, не пачуўшы штодзённую аўтэнтычную гаворку. І турыстычныя паездкі вырашаюць гэтую праблему толькі часткова, таму што не даюць магчымасці жывых зносін з жыхарамі іншай краіны, знаёмства з сістэмай адукацыі, наладжвання прафесійных кантактаў.
Кожнаму, хто вывучае нямецкую мову, вядома такая ўстанова культуры Германіі, як Інстытут імя Гётэ, аддзяленні якога працуюць у многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Але не кожны настаўнік замежнай мовы ведае, што гэты інстытут рэгулярна праводзіць конкурсы на саіскальніцтва стыпендый для ўдзелу ў курсах павышэння кваліфікацыі ў Германіі. Нядаўна я стала ўдзельніцай такой праграмы ў горадзе Саарбрукен (Германія).
У першы дзень адбылося афіцыйнае прывітанне і знаёмства з выкладчыкамі, а таксама невялікая экскурсія па студэнцкім гарадку. Арганізатары семінараў па выкладанні практычнай фанетыкі нямецкай мовы і па методыцы выкладання нямецкай як другой замежнай мовы, у якіх мы ўдзельнічалі, падзяліліся з намі сваімі практычнымі навыкамі, а таксама вучэбна-метадычнымі напрацоўкамі па заяўленых тэмах. У далейшым мы працягвалі знаёмства з Універсітэтам Саарбрукена, прысутнічалі на занятках у нямецкіх калег, абменьваліся вопытам. Я змагла атрымаць практычныя навыкі і метадычныя рэкамендацыі ад нямецкіх калег-выкладчыкаў, у асабістай размове абмеркаваць цікавыя для нас пытанні па асаблівасцях выкладання замежнай мовы.
Выкладчыкі прадставілі існуючыя напрацоўкі па тэме заняткаў, напрыклад, падзяліліся распрацоўкамі Мюнхенскага ўніверсітэта для тых, хто вывучае нямецкую мову як замежную. Не магу не адзначыць практычны падыход да падачы матэрыялу. Напрыклад, у матэрыялах па вывучэнні лексікі прапанаваны не проста назоўнікі з перакладам, але і словазлучэнні, якія найбольш часта ўжываюцца з імі, з тлумачэннем іх значэння. Такая практыка аблягчае запамінанне слова, трэніруе яго ўвядзенне ў гаворку, спрыяе развіццю слоўнікавага запасу, пераводзіць запамінанне слоў з узроўню зубрэння на ўзровень усвядомленага запамінання.
Цікава, што пры рабоце з тэкстамі, якая прадугледжвае не толькі здольнасць выказацца на пэўную тэму, але і валоданне сінтаксісам, пунктуацыяй і іншымі паняццямі мовазнаўства, работы студэнтаў ацэньваюцца ў працэнтнай шкале. Пры гэтым кожны раздзел мовазнаўства, які неабходны для паспяховага авалодання тэхнікай стварэння тэкстаў, ацэньваецца асобна. Гэтая сістэма дазваляе навучэнцу наглядна ўбачыць, у якой галіне ў яго ёсць праблемы, каб у далейшым удзяліць гэтаму больш увагі.
Пры аналізе кантрольных работ універсітэцкія выкладчыкі нямецкай мовы прымяняюць асаблівы метад адпрацоўкі тыповых памылак. Ён заключаецца ў тым, што настаўнік, праверыўшы работы навучэнцаў і вызначыўшы тыповыя памылкі, робіць іх пісьмовы аналіз з падачай для азнаямлення кожнаму навучэнцу. Такім чынам, навучэнцы маюць магчымасць азнаёміцца не толькі са сваімі памылкамі, але і прааналізаваць памылкі ўсёй групы. На гэта адводзіцца час у пачатку заняткаў, пасля чаго настаўнік яшчэ раз агучвае і аналізуе памылкі, асноўваючыся на ведах навучэнцаў.
Прымяненне камп’ютара я назірала на адкрытых занятках толькі тады, калі без яго сапраўды не абысціся. Пры гэтым існуе добра развітая сістэма сеткавых урокаў, але займацца па ёй навучэнцы могуць дадаткова і самастойна. На занятках настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць дошку. На ёй яны запісваюць нямецкія ідыёмы, тлумачаць склад і будову слоў, вядуць аналіз працэнтных суадносін памылак, прапісваюць некаторыя прыклады і сказы. Гэта надае ўроку пэўную непасрэднасць і мабільнасць.
Атрыманы практычны вопыт я планую прымяняць у сваёй рабоце са школьнікамі, а таксама працягну зносіны з выкладчыкамі з Саарскага ўніверсітэта з мэтай абмену вопытам і стварэння сумесных праектаў.
Вельмі значным і запамінальным стаў удзел у рабоце кангрэса, у якім удзельнічалі вядучыя спецыялісты ў сферы вывучэння і выкладання замежных моў з 30 краін. Кангрэс даў магчымасць азнаёміцца з перадавым педагагічным вопытам, паразмаўляць з калегамі з розных краін, наладзіць новыя кантакты з мэтай далейшага супрацоўніцтва. Тэматыка дакладаў, якія прагучалі на кангрэсе, закранала ўсіх удзельнікаў гэтай сферы — навучэнцаў, якія з’яўляюцца мэтай усіх намаганняў і сутыкаюцца з усімі відамі метадаў навучання; выкладчыкаў, якія, каб не адставаць ад часу, павінны не толькі валодаць метадамі Web 2.0, але і быць адкрытымі для метадаў Web 3.0 і Web 4.0; выдаўцоў падручнікаў, якія павінны быць гатовы не толькі да алічбоўкі матэрыялу, які прапануецца, але і да страты значнасці звычайных падручнікаў у недалёкай будучыні. Кожны выступовец унёс свой уклад у работу кангрэса, падзяліўся вопытам і заявіў пра магчымыя шляхі вырашэння наспелых праблем.
Магчымасць пабываць у Германіі менавіта ў рамках адукацыйнай праграмы дапамагла мне павысіць свой прафесійны і моўны ўзровень, удасканаліць тэарэтычныя і практычныя навыкі па прадмеце, палепшыць краіназнаўчыя веды, падахвоціла не спыняцца на дасягнутым.
Адзначу, што прымаць удзел у конкурсе на саіскальніцтва стыпендыі ад Інстытута імя Гётэ можа кожны, хто працуе настаўнікам нямецкай мовы ў школе, каледжы або вышэйшай навучальнай установе, зацікаўлены ў павышэнні кваліфікацыі ў Германіі і гатовы дзяліцца атрыманымі на семінары ведамі з калегамі ў сваім горадзе.
Людміла ГАЛАСКО,
настаўніца нямецкай мовы Зэльвенскай санаторнай школы Гродзенскай вобласці.