Запаліць іскру сапраўднага пачуцця і жывой думкі

- 10:27Людзі адукацыі

З нагоды прафесійнага свята прымае віншаванні ад сваіх навучэнцаў і калег настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Оршы Марына Вячаславаўна Сібірцава. Яе вучні — неаднаразовыя пераможцы розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, конкурсаў і канферэнцый у нашай краіне і за яе межамі. За вопыт і прафесіяналізм у мінулым годзе педагог адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

Як прызнаецца Марына Вячаславаўна, стаць настаўніцай яна марыла яшчэ ў дзяцінстве. У школе, калі праходзілі дні самакіравання, спрабавала сябе ў ролі настаўніцы матэматыкі, выконвала грамадскія даручэнні піянерважатай. Але ў нейкі момант здрадзіла сваёй мары і паступіла ў тэхнічную УВА. Атрымаўшы адукацыю па спецыяльнасці “Інжынер-матэматык”, М.В.Сібірцава зразумела, што гэта не зусім тое, да чаго яна імкнулася.

Раней у педагагічных інстытутах не рыхтавалі настаўнікаў інфарматыкі, і Марына Вячаславаўна ўладкавалася ў сярэднюю школу № 19 Оршы (зараз гімназія № 1) настаўніцай інфарматыкі. Пазней яна скончыла курсы перападрыхтоўкі і атрымала педагагічную адукацыю. І вось у наступным годзе настаўніца адсвяткуе 20-гадовы юбілей работы ў гімназіі.

— Што значыць быць сучасным настаўнікам? — разважае М.В.Сібірцава. — Быць цікавай асобай, уважлівай да таго, чым жывуць твае вучні: што слухаюць, чытаюць, пра што мараць… Кожны дзень узаемадзейнічаць з дзецьмі. Думаць пра іх. Суперажываць іх няўдачам і радавацца поспехам. Знаходзіць у гэтым задавальненне. Несці адказнасць… Любіць…

Сваіх выхаванцаў М.В.Сібірцава вучыць дабрыні, чалавечнасці, прыстойнасці і, канечне ж, свайму прадмету: уменню працаваць з камп’ютарнымі праграмамі, навыкам праграмавання. Здольнасці ва ўсіх дзяцей розныя, часта яны не ляжаць на паверхні. Бачыць іх і дапамагчы раскрыцца — у гэтым асноўная задача педагога. Акрамя таго, на сваіх занятках, дзе ствараецца спрыяльная і камфортная для прадукцыйнай работы атмасфера і найбольш поўна рэалізоўваецца ўнутраны патэнцыял навучэнцаў, настаўніца імкнецца “ўзброіць” дзяцей інструментамі, якія дапамогуць не згубіцца ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Кожную хвіліну колькасць інфармацыі ў свеце расце. Навыкі работы з ёй — гэта ключ да паспяховай вучобы, а ў далейшым — да паспяховай дзейнасці.

У сучаснай школе, мабыць, няма больш складанай прафесіі, чым настаўнік інфарматыкі. Кожны год трэба ўносіць карэктывы ў выкладаемы матэрыял, быць у курсе ўсіх навінак тэхнікі і праграмнага забеспячэння. Хуткасць развіцця інфарматыкі рухаецца сямімільнымі крокамі. І для таго, каб ісці ў нагу з часам, трэба пастаянна ўдасканальваць свае веды. Таму Марына Вячаславаўна вывучае найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, асвойвае і ўкараняе сучасныя падыходы да выкладання прадмета. Як кажуць, не дазваляе сабе “завіснуць”. Гэтаму сугучна і педагагічнае крэда настаўніцы: “Каб з карысцю вучыць іншых, трэба перш за ўсё вучыцца самому”.

М.В.Сібірцава імкнецца ператварыць кожны свой урок у сумесную творчую работу. Прычым навучанне адбываецца менавіта праз дзеянне. Педагог накіроўвае навучэнцаў у патрэбнае рэчышча, развівае ў іх самастойнасць мыслення, нагадваючы словы паэта М.Рылянкова: “Дорога та, что сам искал, вовек не позабудется”, — веды, здабытыя самім чалавекам, застаюцца ў памяці значна даўжэй, чым проста пачутае на ўроку.

У практыцы работы педагог прымяняе модульную, рознаўзроўневую, гульнявую, праектную тэхналогіі, праблемнае навучанне. Яны арганічна пераплятаюцца, дапаўняюць адна адну і даюць станоўчыя вынікі.

На думку Марыны Вячаславаўны, перадумова паспяховага ўрока — яго змест ці вынік, якія маюць практычную значнасць для навучэнца, а таксама арганізацыя настаўнікам дзейнасці дзяцей такім чынам, каб у кожнага з іх была магчымасць самастойна, у сваім тэмпе вывучыць тэму ці некалькі тэм. Пры такой пабудове вучэбнай работы ў настаўніка з’яўляецца час і магчымасць падтрымаць развіццё кожнага навучэнца і ўдзяліць больш увагі тым, хто ў гэтым адчувае патрэбу.

— Самаму важнаму нельга навучыць, можна толькі навучыцца, але для гэтага ў навучэнца павінна быць цікавасць, — заўважае настаўніца. — У гэтым плане настаўнік інфарматыкі знаходзіцца ў больш выгадным становішчы, чым іншыя педагогі. Бо да інфарматыкі цікавасць у дзяцей зараджаецца раней, чым яны пачынаюць яе вывучаць, таму важна не згасіць агонь у вачах маіх навучэнцаў, а падтрымліваць яго і стварыць умовы, каб ён разгарэўся яшчэ ярчэй. На мой погляд, лепшая матывацыя — гэта сітуацыя поспеху. Калі ў дзіцяці пачынае нешта атрымлівацца і яно бачыць практычныя вынікі сваёй працы, то гэта выклікае радасць адкрыцця, акрыляе.

За гады работы ў гімназіі ў М.В.Сібірцавай склалася эфектыўная сістэма падрыхтоўкі навучэнцаў да прадметных алімпіяд і конкурсаў. Падрыхтоўку да алімпіяды настаўніца пачынае ў 5 класе на факультатыўных занятках “Алгарытмізацыя і праграмаванне”. У 7—11 класах праводзіць заняткі міжшкольнага факультатыву па інфарматыцы. Пры гэтым педагог актыўна выкарыстоўвае сайты дыстанцыйнай падрыхтоўкі да алімпіяд па праграмаванні. Акрамя рэспубліканскай алімпіяды, навучэнцы на працягу ўсяго навучальнага года і нават летам удзельнічаюць у дыстанцыйных алімпіядах і турнірах. Усё гэта дае свой плён. Пачынаючы з 2009 года ў выхаванцаў М.В.Сібірцавай штогод дыпломы розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Так, летась на трэцім этапе гэтых спаборніцтваў васьмікласнік Мікіта Мядзведзеў атрымаў дыплом ІІІ ступені, у адзінаццацікласніка Андрэя Зверава таксама дыплом ІІІ ступені.

Дзевяцікласнікі Іван Косцін, Уладзіслаў Яроменка і Андрэй Звераў узнагароджаны дыпломамі пераможцаў алімпіяды WebProg2018 механіка-матэматычнага факультэта БДУ. 1-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе “Відэапанарама 360°” заняў Мікіта Мядзведзеў. У хлопца — дыплом ІІІ ступені навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам “Навука ў руках маладых” з работай “Эмуляцыя 3D-гуку ў стэрэанавушніках”.

Хутка стартуе першы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У планах настаўніцы — добра падрыхтаваць выхаванцаў, каб яны на ўсіх этапах спаборніцтваў атрымалі прызавыя месцы.

— Так, сёння настаўнік не кумір, не герой і нават ужо не той, хто ведае шмат. Але па-ранейшаму ў педагога ёсць магчымасць распальваць у сваіх вучняў іскру сапраўднага пачуцця, жывой думкі, прыгожага ўчынку. Мне верыцца, што я таксама маю дачыненне да ўсяго гэтага, — адзначае М.В.Сібірцава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.