Запланаваны новыя сацыяльныя аб’екты

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Будаўніцтва больш як 100 аб’ектаў увайшло ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2021 год. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар, каменціруючы адпаведны ўказ, які падпісаў кіраўнік дзяржавы.

“Інвестпраграма — чаканы дакумент. Яго прыняццю папярэднічала вялікая работа дзяржорганаў у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы. Будзе забяспечана будаўніцтва крыху больш як 100 аб’ектаў у прыярытэтных сферах. Што тычыцца медыцыны, там запланаваны аб’екты ў Магілёве, Гродне, будзе пачата будаўніцтва паліклінікі ў Оршы, асобны корпус Віцебскай абласной бальніцы”, — сказаў Юрый Чабатар.

Наступны напрамак — гэта інфраструктура развіцця: у планах аб’екты ў Свіслачы, Гродне, Фаніпалі. “Гэта перш за ўсё інфраструктура энергетычная, пад пляцоўкі развіцця, дзе будуць ставіцца новыя вытворчасці. Дарэчы, у рэгіёнах ужо вызначаны інвестары, мы ведаем, хто прыйдзе і якія вытворчасці бу­дуць будавацца”, — адзначыў першы намеснік міністра.

Запланаваны і новыя сацыяльныя аб’екты, у першую чаргу школы і дзіцячыя сады ў найбольш маючых патрэбу ў гэтым рэгіёнах. Акрамя таго, з улікам уводу БелАЭС завяршаецца будаўніцтва многіх аб’ектаў у Астраўцы, у тым ліку кіназалы.

“Калі гаварыць у цэлым аб інвестпраграме на бягучы год, то цана пытання — крыху больш за Br660 млн. Палова запланаваных аб’ектаў бу­дзе ўведзена ў бягучым годзе. Ёсць яшчэ адно новаўвядзенне: мы запланавалі нейкі грашовы рэзерв (амаль Br29 млн). Гэтыя сродкі бу­дуць накіраваны на аб’екты, якія могуць з’явіцца ў бягучым годзе з улікам патрэбнасцей рэгіёнаў і розных даручэнняў”, — праінфармаваў Юрый Чабатар.