Шосты дзень тыдня з’яўляецца арганічнай часткай цэласнай вучэбна-выхаваўчай сістэмы і плануецца з улікам пажаданняў і запытаў дзяцей, іх узроставых асаблівасцей. Каб субота стала больш камунікатыўнай, стымулюючай і рэфлексіўнай, у сярэдняй школе № 9 Ліды з пачатку бягучага навучальнага года распрацаваны і эфектыўна дзейнічае пілотны праект “Суботняя прадоўжанка”.
У рамках праекта праходзяць тэматычныя суботы: “Інтэлектуальная”, “Культурная”, “Літаратурная”, “Спартыўная”, “Пазнавальная”. Ужо традыцыяй стала правядзенне спартыўных мерапрыемстваў. Гэта рухавыя гульні “Вас выклікае Спартландыя” і “Вясёлыя старты”, цыкл эстафет “Лыжны марш”, “Дысцыплінаваныя пешаходы”, “Цуда-ролікі”. Школа пасля ўрокаў — гэта свет творчасці, раскрыццё дзіцем сваіх інтарэсаў, свайго “я”.
Не сакрэт, што ў хлопчыкаў і дзяўчынак розныя інтарэсы і схільнасці. Мы пастараліся ўлічыць усе інтарэсы і пажаданні, каб кожны вучань змог знайсці тое, што лепш за ўсё падыходзіць менавіта для яго. Была арганізавана творчая майстэрня “Маё любімае хобі”. Вучні з задавальненнем займаюцца лепкай з пластыліну і салёнага цеста, ствараюць пано з прыродных матэрыялаў і аплікацыі з паперы. Пад кіраўніцтвам настаўніка абслуговай працы Таццяны Вянскевіч “ажываюць” сюжэтныя кампазіцыі па матывах беларускіх народных казак. Нядаўняя работа па казцы “Жаронцы” была прадстаўлена на конкурсе “Прывітанне, свет!” у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.
Адным з найбольш значных напрамкаў выхавання навучэнцаў у пазаўрочнай дзейнасці з’яўляецца агульнаінтэлектуальнае развіццё. І гэтаму могуць служыць “Інтэлектуальныя суботы”. Віктарыны і інтэлектуальныя конкурсы былі і застаюцца не менш папулярнымі, чым спаборніцтвы спартыўныя. Навучэнцы з цікавасцю наведваюць “размінкі для розуму”, дзе можна паўдзельнічаць у віктарынах, даведацца шыфр ад “інтэлектуальнага куфра” і атрымаць салодкія прызы.
“Чытанне кніг — гэта і задавальненне, і карысць”, — пад такім дэвізам праходзяць літаратурныя мерапрыемствы “Кніжнае царства — мудрая дзяржава”, “Кніжная карусель”, “Літаратурная рыбалка”. Важна выкарыстоўваць не толькі жывую мову, эмацыянальны аповед, але і ілюстрацыйны матэрыял, музыку, відэаматэрыялы. Таму правядзенне мульттусоўкі “Па старонках любімых кніг” стала займальным святам не толькі для дзяцей, але і бацькоў. Юныя чытачы атрымліваюць магчымасць успомніць герояў выдатных дзіцячых твораў. Бураціна, Снежная каралева, Аліса, Нязнайка дапамагаюць акунуцца ў чароўны свет літаратуры.
Калі бачыш радасныя, захопленыя твары дзяцей, разумееш, што “Суботняя прадоўжанка” стане добрай традыцыяй правядзення насычаных, цікавых шостых школьных дзён.
Святлана КРЫВЕЦ,
загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 9 Ліды.