У гэтым годзе Л.М.Стэльмах адзначае своеасаблівы юбілей — 30 гадоў на пасадзе дырэктара школы. За гэты час яму давялося пабываць кіраўніком некалькіх школ. Апошнія 13 гадоў Леанід Міхайлавіч узначальвае 8-ю лідскую школу.
А пачынаўся шлях да вялікай школы і важкай пасады (у сярэдняй школе № 8 зараз вучыцца больш за тысячу вучняў) з маленькай установы — Лебядніцкай пачатковай школы Воранаўскага раёна. Тут дырэктарам і настаўнікам працавала мама Леаніда — Марыя Нічыпараўна. Яна была для сына і першай настаўніцай, і першым дырэктарам. Так што Л.М.Стэльмах працягнуў сямейную традыцыю. Забягаючы наперад, скажам, што традыцыю ў сям’і працягнула і дачка Вольга — яна стала настаўнікам-дэфектолагам, на выдатна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, альма-матар сваіх бацькоў. Ды і жонка Леаніда Міхайлавіча, Валянціна Мікалаеўна, таксама настаўніца. Яны вучыліся ў адной групе на фізічным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Другая дачка Алена прысвяціла сябе медыцыне.
Усё дзяцінства Леаніда праходзіла пад педагагічным святлом, і выбар жыццёвага шляху стаў яго лагічным працягам.
— У мяне і дзень нараджэння перад пачаткам навучальнага года — 28 жніўня, — усміхаецца Леанід Міхайлавіч, — так што ўсё быццам спецыяльна звязана.
Пасля заканчэння вучобы Л.М.Стэльмах быў размеркаваны ў Лідскі раён. Ехаў з веданнем, што тут вельмі добрыя традыцыі і высокі ўзровень адукацыі. І вось з 1982 года Леанід Міхайлавіч працуе на Лідчыне.
— Мне пашанцавала з першай школай. Дырэктарам тут быў Аляксей Фёдаравіч Ермантовіч — мудры, вельмі адукаваны, але і патрабавальны чалавек, — успамінае Л.М.Стэльмах гады работы ў Дзітвянскай сярэдняй школе. — Праз тры гады Аляксей Фёдаравіч прызначыў мяне… дырэктарам, калі сыходзіў у чарговы адпачынак. Мне 25 гадоў! Які з мяне дырэктар?! Але ён сказаў, што прыглядаўся да мяне, назіраў, як я працую, як з людзьмі ладжу. Паступова даваў адміністрацыйныя даручэнні — так бы мовіць, выхоўваў і рыхтаваў да выканання больш складаных абавязкаў.
І калі Леаніда Міхайлавіча прызначылі дырэктарам Далецкай базавай школы, пэўны вопыт і бачанне развіцця ўстановы адукацыі ў яго ўжо былі. У калектыве вызначыліся, што будуць развіваць спартыўны кірунак і працоўную дзейнасць навучэнцаў, такім чынам рыхтуючы сельскіх школьнікаў да самастойнага жыцця. Школа мела сваю вучэбную пасеку. Акрамя таго, вучні станавіліся прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы.
— Сучасны дырэктар школы павінен быць менеджарам, — адказвае Леанід Міхайлавіч на пытанне, якім неабходна быць кіраўніку навучальнай установы. — Абавязкова трэба бачыць перспектывы школы, ствараць варыятыўнасць у адукацыі, зацікаўліваць дзяцей і бацькоў магчымасцямі і ствараць умовы для ўсебаковага развіцця вучняў. Школа павінна здзіўляць — пастаянна мяняцца і прапаноўваць нешта новае.
Сярэдняя школа № 8 Ліды пад кіраўніцтвам Л.М.Стэльмаха дае сваім вучням шмат магчымасцей і варыянтаў: англійскую мову тут вывучаюць з першага класа, працуе таксама абласны рэсурсны цэнтр па англійскай мове, створаны спартыўныя класы і два класы накіраванасці МНС, сфарміравана гандбольная каманда, працуюць тэатр танца “Бэбі-арт” і музычная студыя “Арт-ідэя”, клубы інтэлектуальных гульняў. З 2011/2012 навучальнага года школа ўдзельнічае ў інавацыйных праектах. Сёлета тут пачалася рэалізацыя праекта “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.
І вучні, і настаўнікі школы ведаюць, што дырэктара можна застаць не толькі ў рабочым кабінеце. Пры кожнай магчымасці Леанід Міхайлавіч выходзіць “у людзі” — падчас перапынкаў да яго бягуць дзеці, падыходзяць настаўнікі.
— У такой нефармальнай абстаноўцы размова ідзе па-іншаму, — гаворыць Л.М.Стэльмах. — Не прымаю рэзкіх рашэнняў, лічу, што абавязкова трэба даць шанс кожнаму выправіць сітуацыю. Сваім вучням хачу паказаць, што ў аснове адносін ляжыць дабрыня, даю паверыць у яе існаванне. Як настаўнік фізікі пераводжу гэта на закон захавання энергіі: што мы заложым у нашых дзяцей, тое і захаваем. Памятаю выпадак, калі “складанаму” хлопцу, у якога былі праблемы з паводзінамі, даверыў удзел ад школы ў спаборніцтвах “Лідская лыжня”. Назіраў, як ён з апошніх сіл ішоў да фінішу, і першым павіншаваў і падзякаваў за падтрыманне гонару школы. А праз некаторы час пачуў і ад вучня “дзякуй” за тое, што я паверыў у яго.
Яшчэ адно правіла Леаніда Міхайлавіча — заўсёды прысутнічаць там, дзе выступаюць яго вучні: на спартыўных спаборніцтвах, на творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах. Гэта таксама выхаваўчы момант: дзеці павінны адчуваць падтрымку і клопат свайго дырэктара.
Школа № 8 ніколі не застаецца ў баку ад інавацый. Тут прымаюць удзел у пілотным праекце па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Нядаўна абнавілі харчаблок, адрамантавалі памяшканне пачатковай школы. У гэтым навучальным годзе адкрылі Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, дзе займаюцца навучэнцы школ Ліды і Лідскага раёна. З наступнага навучальнага года плануюць уводзіць новы спартыўны кірунак.
Сем гадоў запар Л.М.Стэльмаха выбіраюць дэпутатам абласнога савета. І на гэтай грамадскай пасадзе ён цалкам аддаецца вырашэнню праблем сваіх выбаршчыкаў, а ў школе робіць усё для таго, каб яна была лепшай і цікавай для вучняў і педагогаў.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.