Заўсёды ў руху наперад

- 10:12Людзі адукацыі, Рознае

Стаўшы некалі на педагагічны шлях, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце і па сумяшчальніцтве настаўнік фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Уладзімір Грабцэвіч не зварочвае з яго на працягу вось ужо дваццаці пяці гадоў.

З прафесіяй ён вызначыўся яшчэ падлеткам. З 9-га класа вучыўся ў эксперыментальнымм педагагічным класе, які дзейнічаў на базе Княжыцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна і быў тады адзіным у вобласці.

— З намі займаліся не толькі школьныя настаўнікі. Перыядычна на ўрокі прыходзілі выкладчыкі з цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. Не сказаць, што мы, вучні, былі захоплены настаўніцкай працай. Між тым пасля выпуску ўсе працягнулі адукацыю па педагагічным профілі, — успамінае Уладзімір Іванавіч.

Праз гады настаўнічаюць з іх нямногія. Сярод тых, хто застаўся верным прафесіі, — Уладзімір Грабцэвіч.

— У мяне таксама былі больш прывабныя ў матэрыяльным плане перспектывы. Але я думаю, што, калі выбраў для сябе нешта, трэба працягваць пачатае. Мэтанакіравана рухацца наперад у адным напрамку, — лічыць Уладзімір Іванавіч.

Прафесійнае станаўленне гэтага неардынарнага настаўніка адбылося ў сярэдняй школе № 10 Бабруйска. З горадам на Бярэзіне звязана шаснаццаць гадоў яго педагагічнай дзейнасці. Пасля Уладзіміра Іванавіча запрасілі ў Магілёўскі абласны ліцэй.

Прынцып пастаяннага ўдасканальвання — аснова педагагічнай дзейнасці Уладзіміра Грабцэвіча. Увесь час удасканальваючыся сам як педагог, ён патрабуе гэтага і ад сваіх вучняў. Ён вучыць іх ісці наперад, спасцігаючы новае і сістэматызуючы тыя веды, якія яны атрымалі раней.

Уладзімір Грабцэвіч старанна падыходзіць да планавання кожнага ўрока. Для павышэння эфектыўнасці заняткаў, каб дзеці лепш засвойвалі і запаміналі матэрыял аб няпростых фізічных з’явах, падчас тлумачэння тэмы ён прыводзіць даступныя прыклады, параўнанні са штодзённага жыцця.

— Фізіка даволі складаная навука, — кажа Уладзімір Іванавіч. — Мова формул зразумелая далёка не ўсім, таму стараюся наблізіць навуку да рэальнага жыцця. Тады фізіка становіцца прадметам нескладаным для ўспрымання. Мы заўсёды выкарыстоўваем на ўроках нешта блізкае, зразумелае, а кабінет фізікі ператвараецца ў творчую лабараторыю, — дадае педагог.

Варта адзначыць, што Уладзімір Грабцэвіч распрацаваў для сваіх вучняў спецыяльныя заданні, якія выразна дыферэнцыраваны і маюць некалькі ўзроўняў складанасці. Асаблівасць заданняў у тым, што праз іх дзеці самавызначаюцца, у класе ўтвараюцца групы рознага зместу і розных спосабаў засваення вучэбнага матэрыялу. Акрамя асаблівых заданняў, настаўнік арганізаваў і дыстанцыйнае навучанне. Ён самастойна стварыў інтэрнэт-сайты — afportal.ru і fizportal.ru. У свой час гэтыя праекты былі адзначаны прызавымі дыпломамі на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Педагагічныя распрацоўкі Уладзіміра Іванавіча паспрыялі істотнаму павышэнню цікавасці ліцэістаў да вывучэння фізікі. Прычым узнікла гэтая цікавасць нават у тых дзяцей, для якіх фізіка не з’яўляецца профільным прадметам.

Такія ж метады Уладзімір Іванавіч выкарыстоўвае і пры рабоце з адоранымі навучэнцамі. З кожным вучнем ён працуе па індывідуальнай праграме, кожнаму дае свабоду дзеянняў, ажыццяўляючы толькі ненадакучлівы кансультатыўны кантроль за іх падрыхтоўкай.

Наогул, на яго думку, трэба не чакаць таленавітых вучняў, а ствараць умовы для раскрыцця здольнасцей усіх дзяцей.

— Патэнцыял ёсць у многіх навучэнцаў, настаўніку трэба толькі яго разгледзець і здолець развіць. Але зрабіць гэта можа толькі педагог з высокім прафесійным узроўнем. Для гэтага і патрэбна пастаяннае ўдасканальванне майстэрства і адукацыйных методык, бо тыя метады работы, якія давалі выдатны вынік пяць гадоў назад, сёння ўжо могуць быць не зусім актуальнымі. Каб вучням было цікава на ўроках і цікава з настаўнікам, трэба сачыць за зменамі навокал і ўкараняць усё эфектыўнае ў сваю дзейнасць, — падкрэслівае Уладзімір Грабцэвіч.

Такім падыходам да работы ён не толькі кіруецца сам як настаўнік, але і як намеснік дырэктара падштурховае да самаразвіцця калег — увесь педагагічны калектыў ліцэя. Нядзіўна, што кіраўнік установы Пётр Шылаў характарызуе свайго намесніка цалкам станоўча.

— Сапраўдны майстар сваёй справы, які мае свой прафесійны почырк. Для яго выкладчыцкай дзейнасці характэрна творчае стаўленне да прадмета, высокі прафесіяналізм, пошук новых падыходаў да працэсу навучання, улік індывідуальнасці кожнага ліцэіста, імкненне да максімальна глыбокага раскрыцця магчымасцей навучэнцаў, — адзначыў Пётр Уладзіміравіч.

У такім водзыве дырэктара няма ніякага перабольшання. Вучні, якія прайшлі “школу Грабцэвіча”, паказваюць выдатныя веды на выпускных экзаменах, цэнтралізаваным тэсціраванні. Так, сёлета фізіку на ЦТ здавалі сорак шэсць ліцэістаў. Іх сярэдні вынік склаў 63,71 бала, што з’яўляецца вельмі добрым паказчыкам працы Уладзіміра Грабцэвіча і яго калегі — настаўніка фізікі Аляксандра Саковіча.

Выдатна праяўляюць сябе навучэнцы Уладзіміра Іванавіча і ў алімпіядным руху. Тое, што амаль палова яго класа прымае ўд зел у раённай алімпіядзе, у ліцэі норма. Ды і да таго, што кожны год хтосьці з навучэнцаў абавязкова становіцца прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, ва ўстанове таксама прывыклі.

Актыўная прафесійная дзейнасць Уладзіміра Грабцэвіча не засталася незаўважанай. Ён — неаднаразовы лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі і спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама ў сферы адукацыі. Неаднойчы Уладзімір Іванавіч узнагароджваўся і ганаровымі граматамі, у тым ліку ад Міністэрства адукацыі. Сёння настаўнік лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо ад сваёй прафесійнай дзейнасці атрымлівае сапраўднае задавальненне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.