Завод — міні, затое эфект — максі,

- 15:22Якасць адукацыі

або Як у Маладзечанскім політэхнічным каледжы рыхтуюць кадры для інавацыйнай вытворчасці

Калі аналізаваць сітуацыю ў цэлым па краіне, наколькі сістэма прафесійнай адукацыі ў тэме па падрыхтоўцы кадраў для інавацыйнай эканомікі, то абсалютным лідарам у гэтым можна лічыць Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж, філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які пачаў навучанне не па адной, а па некалькіх спецыяльнасцях інавацыйнага напрамку. У ліку іх — дзве спецыяльнасці мехатроніка, якія прадугледжваюць кваліфікацыю рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй “мехатронік 5 разраду” для вытворчасці харчовых прадуктаў і халадзільнага абсталявання, а таксама спецыяльнасць “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”. Па сутнасці, той, хто добра ведае ў Маладзечне гэты каледж, не здзівіцца, што і тут ён у лідарах. Такая ў яго рэпутацыя — быць у трэндзе. І трымаць гэтую высокую планку ўдаецца каледжу з лішкам. Каледж мае амаль 60-гадовую гісторыю, лічыцца самым буйным у рэгіёне. Цяпер там займаецца тысяча навучэнцаў па спецыяльнасцях самых розных профіляў. Амаль 30 гадоў свайго жыцця прысвяціў установе Міхаіл Мікалаевіч Клокель, які прыйшоў туды працаваць выкладчыкам спецдысцыплін, а апошнія 8 гадоў кіруе каледжам. Менавіта гэтыя гады для ўстановы і для самога кіраўніка сталі бурлівым часам у пошуку свайго месца ў сістэме прафесійнай адукацыі, вызначэння свайго шляху і кірункаў, якія б забяспечылі далейшы поспех. Мяркуючы па выніках, якія ёсць на цяперашні час у біяграфіі дырэктара і самой навучальнай установе, жыццё, як кажуць, удалося. Міхаіла Мікалаевіча можна па праве назваць сучасным менеджарам, якому ўласцівы творчы і мабільны падыход да сваёй справы. Колькі думак і ідэй нараджаецца ў яго штодзённа! І ўсе яны для рэалізацыі адной мэты: каб падлеткі знайшлі сабе справу па душы, паспяхова ўладкаваліся ў жыцці, мелі надзейны заробак, а рэгіён атрымаў тыя кадры, якія яму патрэбны.

Мехатроніка ў харчовай галіне

Тое, што кіраўніцтва каледжа старанна сочыць за станам спраў на рэгіянальным рынку працы, даказвае шматпрофільнасць напрамкаў у прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў, якую праводзіць навучальная ўстанова.

— Каледж політэхнічны (ад слова “полі” — “многа”), а значыць, мы рыхтуем па цэлым спектры спецыяльнасцей, — тлумачыць дырэктар. — І самае галоўнае, што падрыхтоўка вядзецца ў залежнасці ад патрэб нашых прадпрыемстваў і арганізацый. Таму спецыяльнасці, якія прапаноўвае каледж, маюць розныя профілі. Напрыклад, разам з падрыхтоўкай кадраў для прамыслова-грамадзянскага будаўніцтва па запатрабаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі мы адкрылі спецыяльнасць “Эксплуатацыя жылых дамоў”. Доўгі перыяд часу рыхтуем кадры па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, якая па-ранейшаму запатрабавана работадаўцамі.

Але ж, без перабольшання, галоўным кірункам дзейнасці каледжа з’яўляецца падрыхтоўка кадраў для харчовай галіны. Гэты блок уключае тры спецыяльнасці: “Тэхналогія захавання і перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны”, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў для камбікормавых заводаў, для камбінатаў хлебапрадуктаў (каледж адзіны ў краіне, дзе на ўзроўні ССА рыхтуюць такіх спецыялістаў). Па спецыяльнасці “Тэхналогія харчовых вытворчасцей” у каледжы рыхтуюць па трох спецыялізацыях: “тэхналогія хлебапякарнай, макаронна-кандытарскай вытворчасцей”, “тэхналогія кансервавання і вытворчасць харчканцэнтратаў”, “тэхналогія брадзільных вытворчасцей і вінаробства” (у гэтай падрыхтоўцы каледж таксама адзіны ў краіне). Вышэйшы ўзровень па спецыяльнасцях харчовай сферы ў падрыхтоўцы інжынераў-тэхнолагаў забяспечвае Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, а падрыхтоўку на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, як бачна, узяў на сябе Маладзечанскі політэхнічны каледж. Дарэчы, у выпускнікоў каледжа ёсць магчымасць паступіць у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, з якім каледж цесна супрацоўнічае і мае пагадненне на падрыхтоўку сваіх выпускнікоў на вышэйшай ступені па скарочанай праграме на завочнай форме навучання. Працуе сеткавы прынцып узаемадзеяння “каледж — універсітэт”.

У працэсе падрыхтоўкі кадраў установа наладзіла самыя цесныя ўзаемаадносіны з вядучымі арганізацыямі харчовай галіны, такімі як вытворчае аб’яднанне “Мінскхлебпрам”, куды ўваходзяць 8—9 заводаў, “Гроднахлебпрам”, РУП “Мінск-Крышталь” і шэраг іншых прадпрыемстваў канцэрна “Белдзяржхарчпрам” і Мінсельгасхарча.

— Вобраз будучага рабочага і спецыяліста для харчовай прамысловасці мы стваралі разам з заказчыкамі кадраў, — адзначае Міхаіл Мікалаевіч. — А інакш і не можа быць. Трыяда “эканоміка — прадпрыемства — навучальная ўстанова” сёння актуальная як ніколі. Калі мы не высветлім дасканала, што патрэбна нашай эканоміцы, непасрэдна прадпрыемствам, нашы кадры можна лічыць умоўнымі, недасканалымі, якія трэба перавучваць непасрэдна на вытворчасці. Каб гэтага не здарылася, мы наладзілі самыя цесныя сувязі з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна. Мы рэгулярна аб’язджаем прадпрыемствы, сустракаемся з працоўнымі калектывамі, кіраўніцтвам, знаёмімся з вытворчай базай, абсталяваннем і такім чынам імкнёмся вызначыць напрамкі, якія будуць прыярытэтнымі ў прафесійнай падрыхтоўцы.

Важна пры гэтым вызначыцца, зазначае дырэктар, ці змогуць прадпрыемствы забяспечыць навучэнцаў каледжа плошчамі для паўнацэннай вытворчай практыкі, таму што галоўны козыр навучальнай установы — гэта практыка-арыентаваная падрыхтоўка. Мяркуючы па добрых водгуках з боку работадаўцаў, гэты арыенцір узяты правільна, а тым больш у сённняшніх умовах вытворчасці, калі ідзе імклівая мадэрнізацыя, на змену старому абсталяванню, дзе больш за ўсё выкарыстоўвалася ручная праца, прыходзіць сучаснае электроннае.

— Як працаваць з мікрапрацэсарамі, кантролерамі? Як выкарыстоўваць іншую вылічальную тэхніку? Напэўна, гэтыя пытанні нас падштурхнулі да ідэі рыхтаваць мехатронікаў для харчовай галіны, — расказвае Міхаіл Мікалаевіч. — Дагэтуль у ПТК РІПА вялася падрыхтоўка мехатронікаў для машынабудавання, а для харчовай галіны ў падрыхтоўцы мехатронікаў мы сталі першапраходцамі. Набор ажыццяўляўся за кошт абітурыентаў з высокім сярэднім балам атэстата, і вучэбная група была сфарміравана без праблем. У наступным годзе адбудзецца яе выпуск. І мы не сумняваемся ў паспяховым працаўладкаванні выпускнікоў. Для гэтага ўжо ўсё гатова.

Апераджаць — значыць выйграваць

У каледжы створаны рэсурсны цэнтр па харчовай галіне, аналагаў якому няма ў краіне, і ў першую чаргу за кошт сучаснага і спецыфічнага абсталявання, якім аснашчаны лабараторыі цэнтра. Структура гэтага цэнтра нагадвае міні-прадпрыемства харчовай прамысловасці, у склад якога ўваходзяць і спадарожныя гэтай галіне лабараторыі, перш-наперш мікрабіялагічнага і тэхнахімічнага кантролю. У рэсурсным цэнтры, напрыклад, адкрыта лабараторыя мікрабіялогіі, дзе праводзіцца вывучэнне прадуктаў харчавання на мікрабіялагічным узроўні з дапамогай бінакулярных і трынакулярных аптычных мікраскопаў. Акрамя гэтай лабараторыі, адкрыта лабараторыя тэхнахімічнага кантролю, дзе вымяраюцца параметры прадукту (кіслотнасць, шчолачнасць, цукрыстасць і інш.), каб адпавядаць дзяржаўнаму стандарту. Для гэтага ў лабараторыі ўстаноўлены спецыяльныя прыборы для вымярэння любых параметраў харчовага прадукту. А гэты прадукт, дарэчы, вырабляецца ў рэсурсным цэнтры. Такім чынам, ствараецца замкнёнае кола вытворчасці. У цэнтры абсталявалі міні-завод па выпечцы хлеба, дзе захаваны ўсе этапы тэхналагічнага працэсу вырабу хлебабулачнай прадукцыі, якія можна пракантраляваць у той ці іншай даследчай лабараторыі. Міні-завод аснашчаны цестамясільнымі машынамі, хлебапякарнай печкай, па кожным відзе прадукцыі створана свая рэцэптура.

— Улічваючы сучаснае аснашчэнне нашай вучэбнай вытворчасці, мы арганізоўваем апераджальную падрыхтоўку сваіх навучэнцаў, — гаворыць Міхаіл Мікалаевіч. — І гэта дарагога варта. Сёння не на кожным прадпрыемстве харчовай галіны ўстаноўлена такая тэхніка, як у нашым цэнтры. Гэта нам дазваляе рыхтаваць кадры на самым высокім узроўні. Мала таго, пачатая падрыхтоўка мехатронікаў для абслугоўвання сучаснага абсталявання ў вытворчасці харчовых прадуктаў дазваляе закрыць цэлы цыкл у падрыхтоўцы кадраў для сучасных высокатэхналагічных вытворчасцей. Для падрыхтоўкі мехатронікаў мы адкрылі лабараторыі мантажу тэхналагічнага абсталявання мехатронных сістэм, праграмнага забеспячэння і праграмавання аўтаматызаванага абсталявання. Завяршаем работу па стварэнні лабараторыі гідра- і пнеўмааўтаматыкі. Усё гэта дазволіць на больш высокім узроўні вывучаць асноўныя працэсы на практыцы.

На базе рэсурснага цэнтра разгорнута работа па павышэнні кваліфікацыі работнікаў прадпрыемстваў па самых розных спецыяльнасцях — пачынаючы ад цеставода і заканчваючы слесарам КВП. Рэсурсны цэнтр стаў месцам прафарыентацыйнай работы, куды прыходзяць школьнікі і іх бацькі ў дні адкрытых дзвярэй. У цэлым прафарыентацыі тут надаюць вялікае значэнне, інакш як папулярызаваць тыя спецыяльнасці, па якіх толькі пачынаюць рыхтаваць. У каледжы склалася традыцыя рэгулярна наведваць школы рэгіёна, сустракацца з педагогамі, школьнікамі і іх бацькамі. Дырэктар лічыць станоўчым увядзенне ў школе профільнага навучання, што дазволіць зматываваць дзяцей на прафесійны выбар, вызначыць, хто на што здольны.

— На жаль, сёння нашы падлеткі не ведаюць, куды пайсці вучыцца, — адзначае Міхаіл Мікалаевіч. — Яны самі не могуць сфарміраваць свае памкненні, не ведаюць, на што здольны. Пакуль не яны робяць выбар сваёй прафесіі, а іх бацькі. Гэта не заўсёды правільна, бо бацькі ў асноўным перабольшваюць здольнасці сваіх дзяцей і прымушаюць паступаць ва ўніверсітэт. У нашым выпадку ўплыў бацькоў станоўчы. У нас склаліся нават цэлыя дынастыі па той ці іншай спецыяльнасці. Пасля таго як адвучыліся ў нас бацькі, у каледж прыходзяць іх дзеці і нават унукі. Відаць, мы зарадзілі пачуццё ў бацькоў, а бацькі — у дзяцей аб тым, што найбольш надзейна, калі працоўны шлях пачынаць з рабочай прафесіі, а потым паступова ісці з прыступкі на прыступку да больш высокага ўзроўню.

Прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі навучэнцы каледжа змаглі на нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills. Там, акрамя кампетэнцый па кулінарыі і кандытарстве, яны ўпершыню выступілі ў кампетэнцыі “Мехатроніка”, дзе спаборнічалі поруч са студэнтамі БНТУ і БДУІР. Дырэктар адзначае, што гэты конкурс дае імпульс для імклівай творчай дзейнасці, прыносіць у яе свежыя ідэі, вызначае перспектыўныя напрамкі. Акрамя вышэйзгаданай падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Мехатроніка”, у каледжы вядзецца работа па адкрыцці падрыхтоўкі кадраў для абслугоўвання абсталявання па кандыцыяніраванні і вентыляцыі паветра. У рэгіёне попыт на такія кадры даволі высокі. У іх маюць патрэбу як прадпрыемствы, так і грамадскія аб’екты. Таксама ў планах дырэктара — стварыць палігон па высакавольтным электрамантажы для падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”.

— У нас ёсць вучэбная майстэрня па адточванні прафесійных навыкаў па гэтай спецыяльнасці, але там устаноўлена электраабсталяванне ўнутранага карыстання, а гэтага недастаткова, — гаворыць Міхаіл Мікалаевіч.—Хацелася стварыць пляцоўку для знешняга абсталявання, каб навучэнцы маглі атрымаць паўнацэнны ўзровень падрыхтоўкі і не трэба было звяртацца ў базавыя арганізацыі па дапамогу. Акрамя таго, гэты палігон можна зрабіць пляцоўкай для падрыхтоўкі канкурсантаў нацыянальнай зборнай у кампетэнцыі “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”.

Сярэдняе звяно ў новым вобразе

Што тычыцца ўвядзення новых спецыяльнасцей для інавацыйнай эканомікі, Міхаіл Мікалаевіч адзначае адну акалічнасць: у даведнік пасад яны не ўведзены, па кожнай з іх адсутнічаюць кваліфікацыйныя характарыстыкі. Гэта, безумоўна, тармозіць работу. Каб змяніць сітуацыю, па ініцыятыве РІПА ў каледжы быў пачаты эксперымент, накіраваны на абнаўленне кваліфікацыйных патрабаванняў у падрыхтоўцы спецыялістаў. У гэтым ёсць свая логіка. Каледж лічыцца ў Мінскай вобласці вядучым па метадычным суправаджэнні прафесійнай падрыхтоўкі, і тут рэгулярна праводзяцца пасяджэнні метадычных аб’яднанняў.
На гэты час створана эксперыментальная пляцоўка, дзе адпрацоўваецца механізм узаемадзеяння навучальнай установы з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, на аснове якога будзе выпрацоўвацца нарматыўная прававая база для падрыхтоўкі новых спецыяльнасцей. Стаіць пытанне аб стварэнні галіновага савета, куды ўвойдуць прадстаўнікі адукацыі, навукі, вытворчасці, якія будуць працаваць над мадэрнізацыяй кваліфікацыйных патрабаванняў. У выніку эксперымента разам з РІПА, заказчыкамі кадраў будзе створаны новы вучэбны план па падрыхтоўцы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для інавацыйнай вытворчасці.

Стварыць вучэбны план — гэта не проста ўнесці пералік прадметаў, якія плануецца выкладаць навучэнцам. Гэта значыць, што трэба напоўніць змест навучання менавіта тымі ведамі і навыкамі, якія б адпавядалі патрэбам вытворчасці. У гэтым напрамку работы базавыя прадпрыемствы каледжа сталі галоўнымі дарадцамі і памочнікамі, таму што ім, як нікому іншаму, вядома, што трэба ўнесці ў падрыхтоўку кадраў для інавацыйнай эканомікі. Ужо вымалёўваецца новая мадэль выпускніка з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй: гэта спецыяліст, які валодае больш шырокім наборам кампетэнцый. Для правядзення эксперымента створана творчая група, куды ўвайшлі выкладчыкі і кіраўніцтва каледжа. Выпрацаваны план мерапрыемстваў — гэта стажыроўка выкладчыкаў на базе прадпрыемстваў, вывучэнне кваліфікацыйных патрабаванняў да сённяшняга выпускніка з мэтай іх далейшай мадэрнізацыі, вывучэнне вопыту і прапаноў прадпрыемстваў. Усе здабытыя звесткі будуць акумулявацца і стануць асновай функцыянальных карт, а ў далейшым і кваліфікацыйных характарыстык. Улічваючы тое, што сёння ў прыярытэце навучання модульны падыход, то і новы вучэбны план будзе пабудаваны на ім, а гэта забяспечыць яго гнуткасць. У такім выпадку на любым этапе можна змяніць змест вучэбнага плана згодна з патрабаваннямі часу да галіны ў цэлым альбо канкрэтнага заказчыка кадраў. Цяпер за 3 гады 8 месяцаў, якія патрэбны для навучання тэхніка-тэхнолага, дазваляецца змяніць на ўзроўні цыклавых камісій 20% зместу вучэбнага плана. Але гэта і мае на ўвазе па меншай меры змяненне аднаго прадмета на другі. А за кошт гнуткасці новага вучэбнага плана можна змяняць вучэбны працэс у корані, як таго патрабуюць інавацыйныя падыходы ў эканоміцы. І, безумоўна, станоўча паўплываць на гэты працэс можна тады, калі будуць прыменены гнуткія кіраўніцкія рашэнні. У тым, што дырэктар каледжа Міхаіл Мікалаевіч Клокель здольны да іх і гатоў іх рэалізоўваць, ужо ніхто не сумняваецца. Высокі імідж Маладзечанскага політэхнічнага каледжа гэта пацвярджае.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.