Заяўкі Беларусі і Латвіі на правядзенне ЧС-2021 рэкамендаваны для прадстаўлення на падагульняючае галасаванне

- 10:02Інфармацыйная гадзіна

У Цюрыху адбылася папярэдняя прэзентацыя заявак краін — прэтэндэнтак на атрыманне права правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе, паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі.

Сумесную заяўку Беларусі і Латвіі ацэначнаму камітэту Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) прадставілі старшыня ФХБ Ігар Рачкоўскі і генеральны сакратар арганізацыі Яраслаў Заўгародні, а таксама генеральны сакратар Федэрацыі хакея Латвіі.

“Наша прэзентацыя стварыла добрае ўражанне ў членаў ацэначнага камітэта. Але Фінляндыя, безумоўна, з’яўляецца сур’ёзнай саперніцай у гэтай барацьбе. Пасля завяршэння прэзентацыі члены камітэта рэкамендавалі абедзве заяўкі прадставіць на падагульняючае галасаванне, якое адбудзецца 19 мая на штогадовым кангрэсе ІІХФ у Кёльне”, — сказаў Яраслаў Заўгародні.

Канкурэнткай Беларусі і Латвіі, якія падалі сумесную заяўку на арганізацыю топ-турніру ў студзені бягучага года, з’яўляецца Фінляндыя, якая раней ужо восем разоў станавілася гаспадыняй сусветнага форуму.

Беларусь была гаспадыняй сусветнага форуму наймацнейшых хакеістаў у 2014 годзе, а Латвія — у 2006 годзе, дзе зборная Беларусі дабілася найбольш значнага поспеху за час выступлення на чэмпіянатах свету, заняўшы шостае месца.