Зазірнуць у мінулае, каб зразумець сучаснасць

- 10:53Авторские колонки, Мнение

У 2024 год я ўвайшла з прафесійным хваляваннем: у чэрвені спаўняецца 100 гадоў з выхаду першага нумара часопіса “Народная асвета”.

Мазурина
Святлана МАЗУРЫНА, галоўны рэдактар часопіса “Народная асвета”

100 гадоў часопіс вядзе летапіс беларускай адукацыйнай думкі. Цяжка (нават немагчыма!) падлічыць, для якой колькасці вучоных ён з’яўляўся першай прыступкай да вяршынь навукі, колькім педагогам ён дапамог у развіцці прафесійнага майстэрства. На працягу ўсяго свайго існавання часопіс “Народная асвета” не здраджваў мэтам яго стварэння — “дапамагчы настаўніцтву працоўнай школы, кіраўнікам устаноў, дзеячам пазашкольнай адукацыі і працаўнікам ВНУ Беларусі ў іх асветніцкай працы праз указанне метадаў асветы і ўзаемнае інфармаванне аб дасягненнях у галіне асветніцкай практыкі”.

…Адкрываю першы нумар часопіса. Называўся ён тады “Асьвета”. Чытаю і ўжо не звяртаю ўвагі на час. Чытаю і лаўлю сябе на думцы: якія адукаваныя, глыбокія, мудрыя настаўнікі працавалі ў Беларусі. Пытанні, што хвалявалі педагогаў 20-х гадоў ХХ стагоддзя, пераклікаюцца з пытаннямі сучаснай школы. Прывяду некалькі цытат (аўтарская мова, арфаграфія і пунктуацыя захаваныя, падкрэслена мною).

“Воспитание советского гражданина составляет задачу не менее важную, чем налажение транспорта и восстановление промышленности”.

“Переоценка ценностей, произведенная революцией в деле просвещения, наметила новое содержание просветительной работы, и выдвинула целый ряд новых вопросов, в разрешении которых необходимо участие всей массы просвещенцев”.

Аўтары першага нумара адзна­чаюць: новая школа на першы план выводзіць вучня і яго развіццё, важ­насць асабістых дасягненняў, якія зале­жаць ад майстэрства настаўнікаў і метадаў работы, што прымяняюцца. Замест школьных журналаў, куды заносяцца адзнакі, прапануецца на кожнага вучня распраца­ваць “уліковы ліст заняткаў і паспяховасці на працягу года”. Ці не сённяшнія рэаліі мы бачым у гэтых прыкладах? А вось як аргументуецца важнасць гэтых змяненняў: “Мы убеждены, что самый провес подобных наблюдений за учащимся и его жизнью раскроет учителю новые стороны в личности учеников и заинтересует его самого дальнейшими наблюдениями за нею, кроме того, поведет к более сознательному отношению с его стороны и к своей собственной работе, к пересмотру методов преподавания. Учет работы ученика всегда есть в то же самое время учет и работы учителя”.

Цікавае назіранне: тэхналогіі навучання, якія прыйшлі да нас, здавалася, зусім нядаўна пад сучаснымі назвамі, актыўна прымяняліся педагогамі ў пачатку ХХ стагоддзя!

“Тэма уводзіцца на пэўны тэрмін (на дзень, на два, а то й больш). Тэму распрацоўваем больш-менш падрабязкова. Для прыкладу возьмем адну з распрацованых тэм, тэму “Поле”. Першы дзень робім экскурсію ў поле к саўхозу Антонаўка (дзьве вярсты ад нашай школы). На экскурсіі знаёмімся з расьлінамі жыта і з працай, якая вядзецца ў полі ў гэты тэрмін. Другі дзень вядзём апрацоўку гэтай экскурсіі. Зранку прапануем расказаць: “Куды мы ўчора ха­дзілі, што бачылі і над чым вялі досьледы”.

Па адказах дзяцей — будуем пісьмо. Артыкул сёньняшняга дню: “Як людзі паяць і кормяць зямлю”. На гэтай жа тэме будуем і лічэньне. Прыклады:

  1. Да поля мы йшлі 35 хв. і назад 35 хв., колькі хвілін патрацілі на дарогу?
  2. У полі мы правялі 1 гадз. 30 хв., на дарогу патрацілі 1 гадз. 10 хв., колькі ўсяго патрацілі на экскурсію?…

На маляваньні дзеці замалёўваюць рунь, поле, саху, барану, кошыкі (хто што можа намаляваць). Наступная тэма: “Сельска-гаспадарчыя машыны”.

Так у тыя часы адлюстроўваліся міжпрадметныя сувязі, рэалізоўваўся праектны метад, складаліся міжгаліновыя кластары… Паважаныя сябры, упэўнена, усе вы знайшлі ў гэтым урыўку з артыкула “настаўніка з вёскі” (такі подпіс змешчаны ў канцы артыкула) і метапрадметны падыход, і практыка-арыентаванае навучанне, і фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці, і кампетэнтнасна арыентаваныя задачы, і развіццё творчых навыкаў. А галоўнае было, як і сёння, сувязь школы з жыццём, комплекснае навучанне… І ўсё гэта дзеля абуджэння ў дзіцяці цікавасці да навакольнага свету, выхавання сапраўднага грамадзяніна, які разумее важнасць свайго ўдзелу ў пабудове школы, распрацоўцы праграмы, асэнсаванні грамадскіх з’яў.

Калі вы хочаце глыбей зазірнуць у мінулае, акунуцца ў атмасферу 20-х гадоў XX стагоддзя, запрашаем звярнуцца да нашага часопіса.

Мы адкрылі рубрыку “Народная асвета” — 100 гадоў гісторыі”, у якой прадстаўлены рэтраспектыўны агляд артыкулаў. Працяг гэтай рубрыкі — і на старонках “Настаўніцкай газеты”. Магчыма, у артыкулах мінулага вы знойдзеце адказы на актуальныя пытанні сучаснай школы і сённяшнія выклікі часу.