Жаданая школа

- 11:18Адукацыйная прастора

Сярод 12 тысяч дзяцей, якія 2 верасня ўпершыню пайшлі ў школу, ёсць і першакласнікі новай гродзенскай школы. Сярэдняя школа № 41 пачала працаваць у мікрараёне Альшанка. Гэта самая вялікая школа на Гродзеншчыне. Вучыцца ў ёй у гэтым навучальным годзе будуць 1840 дзяцей, і толькі 1-х класаў тут арганізавана 19.

Школа вельмі сучасная. Яна стане не толькі адукацыйным, але і сацыякультурным і спартыўным цэнтрам новага мікрараёна. Яе адкрыцця чакалі не толькі дзеці і іх бацькі, але і ўсе жыхары самага буйнога мікрараёна Гродна.

Для навучэнцаў тут створаны вельмі добрыя ўмовы для навучання: ва ўсіх класах усталявана па дзве дошкі на розных сценах, кабінеты аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай, спецыяльная тэхніка ёсць і ў лінгафонных кабінетах. У чытальнай зале бібліятэкі абсталявана шэсць персанальных кабінак з камп’ютарамі.

Спартыўная частка школы дазволіць займацца тут і жыхарам мікрараёна. На пляцоўцы са штучным пакрыццём у цёплы перыяд можна праводзіць гульні з мячом, зімой пляцоўка пераабсталёўваецца для хакея. У сярэдняй школе № 41 і самая вялікая спартыўная зала з трыбунамі. Ёсць гімнастычная і трэнажорная залы, а таксама два басейны — вялікі з чатырма 25-метровымі дарожкамі і малы — для заняткаў малодшых школьнікаў.

Яшчэ адна адметнасць новай школы — безбар’ернае асяроддзе. Для зручнасці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ёсць ліфты, адпаведна абсталяваны санвузлы.

Вялікая ўвага ўдзяляецца бяспецы. Ва ўсіх класах і калідорах — сучасная сістэма супрацьпажарнай бяспекі. У выпадку задымлення спрацуюць датчыкі і сістэма дымавыдалення, уключыцца моўнае апавяшчэнне, а сігнал адразу паступіць на пульт дзяжурнага МНС. У фае школы ўстаноўлена электронна-прапускная сістэма. Пры жаданні бацькі навучэнцаў могуць атрымліваць SMS-паведамленне, калі дзіця прыйшло ці выйшла са школы. Абсталявана школа і відэакамерамі.

На першую лінейку ў новай школе прыйшло шмат бацькоў, наведалі яе таксама ганаровыя госці: старшыня Гродзенскага абл­выканкама Уладзімір Краўцоў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Бе­ларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін.

— У мікрараёне жывуць у асноўным маладыя сем’і, і гэты аб’ект доўгачаканы і важны для іх. Аб гэтым гаворыць колькасць на­вучэнцаў. Упэўнены, што школа стане не толькі адукацыйным, але і сацыяльным, культурным, спартыўным ядром спальнага мікрараёна, — адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама.

Сімвалічны ключ ад новай школы ўручыў яго дырэктару Віталю Круповічу дырэктар “Гроднапрамбуда” Абдулвагаб Вагабаў. Гэтая арганізацыя за апошнія пяць гадоў пабудавала ў Гро­дзенскай вобласці тры новыя школы. Атрымала сярэдняя школа № 41 і падарункі ад ганаровых гасцей: сертыфікаты на набыццё камп’ютарнага класа, лінгафоннага кабінета, абсталявання для трэнажорнай залы.

Пасля таго як прагучаў першы школьны званок, галоўныя героі свята  — першакласнікі — першымі ўвайшлі ў новую школу. Першы ўрок у іх, як і ва ўсіх беларускіх навучэнцаў, прайшоў пад дэвізам “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”. Усе першакласнікі атрымалі падарунак ад прэзідэнта краіны — кнігу “Беларусь — мая Радзіма”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.