Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Круглага Жанна Мікалаеўна Петухова — пра сацыяльную палітыку, раённы дзіцячы парламент і сустрэчы навучэнцаў з народнымі выбраннікамі.
Сацыяльная палітыка — адзін з прыярытэтаў
У наш час грамадскае жыццё дзяржавы будуецца на чатырох аспектах — духоўным, сацыяльным, эканамічным, палітычным. Несумненна, кожны з аспектаў надзвычай важны, і шчаслівая будучыня краіны — усебаковае развіццё ўсіх чатырох сфер.
Наталля Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі ў чэрвені 2023 года адзначыла, што на рэалізацыю сацыяльнай палітыкі накіраваны стратэгічныя рашэнні ўсіх шасці ўсебеларускіх народных сходаў, шматлікія мерапрыемствы дзяржаўных праграм. У інтарэсах грамадзян, грамадства і дзяржавы ў цэлым дзень пры дні працуюць прадстаўнікі дэпутацкага корпуса. Назіраючы за дзейнасцю дэпутатаў Круглянскага раёна, магу смела сцвярджаць, што гэта ў найвышэйшай ступені адказныя людзі, адданыя сваёй справе, якія ставяць галоўнай сваёй мэтай стварэнне камфортных умоў жыцця людзей. У раёне вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторый, рамонце вулічна-дарожнай сеткі, стварэнні новых працоўных месцаў, забеспячэнні пажылых людзей усім неабходным, асабліва ў халодную пару года, падтрымцы дзяцей з нядобранадзейных сем’яў.
Мэтанакіраваная работа
Дэпутаты — людзі аўтарытэтныя, да іх голасу прыслухоўваюцца. Гэта тычыцца ў першую чаргу Сяргея Мікалаевіча Храмцова, старшыні Круглянскага раённага Савета дэпутатаў, які раней на працягу 6 гадоў узначальваў аддзел адукацыі Круглянскага райвыканкама. Менавіта дзякуючы яму ў раёне выбудавана мэтанакіраваная работа па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у снежні 2021 года ў аграгарадку Старое Радча была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Сяргея Бадрова-малодшага, расійскага кінаакцёра, рэжысёра, сцэнарыста і тэлевядучага, чые дзіцячыя гады праходзілі менавіта тут. За сродкі Беларускага фонду міру і абласной асацыяцыі дэпутатаў заменены помнік жыхарам вёскі Гоенка, спаленай фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На будынку раённай паліклінікі ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар медыкаў — членаў Круглянскай падпольнай арганізацыі “ОБЗОР”. У верасні 2022 года адкрыты мемарыяльны комплекс “Памяць расстраляць немагчыма”. Тут, на так званых яўрэйскіх могілках, былі расстраляны мірныя жыхары Круглага і суседніх вёсак.
Дзіцячы парламент
Не першы год у раёне функцыянуе дзіцячы парламент. За параўнальна невялікі перыяд назапашаны станоўчы вопыт рэалізацыі ініцыятыў па розных напрамках патрыятычнага, грамадзянскага і сацыяльнага выхавання, па арганізацыі вольнага часу. Прадстаўнікі дзіцячага парламента ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна, маюць магчымасць уносіць свае прапановы, якія знаходзяць падтрымку і водгук у раённай улады. Па ініцыятыве дзяцей створаны сучасныя варкаўт-пляцоўкі на гарадскім стадыёне, праведзены капітальны рамонт танцпляцоўкі ў раённым скверы з закладкай капсулы часу. Там жа адкрыты кінатэатр пад адкрытым небам, прычым фільмы выбіраюць маладыя людзі шляхам галасавання ў Telegram-канале. Дзяцей, якія ўваходзяць у цяперашні дзіцячы парламент — Арцёма Цалавальніка, Мікіту Гусачэнку і Яніну Кірэеву — вучу і я. Іх вылучаюць актыўная грамадзянская пазіцыя, крэатыўнасць, неверагодная ўпартасць у дасягненні мэт. Пры іх непасрэдным удзеле ў верасні гэтага года прайшоў дзень самакіравання, падчас якога Арцём Цалавальнік у ролі дырэктара школы вучыўся вырашаць надзённыя праблемы ўстановы адукацыі.
Беларусь у асобах
Фарміраванню маральна сталай, палітычна дасведчанай, сацыяльна актыўнай асобы, гатовай да прыняцця адказных рашэнняў, іншымі словамі — актыўнага грамадзяніна — прысвечаны ўсе мерапрыемствы рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”. Адметна, што ў 2023/2024 навучальным годзе гэтыя мерапрыемствы праходзяць пад дэвізам “Радзіма мая Беларусь у асобах”.
Беларусь у асобах — гэта і дэпутаты, якія ў рамках праекта прыходзяць да дзяцей на сустрэчы. Слухаючы іх, дзеці разумеюць, што дэпутат — гэта не пасада, а стан душы чалавека. На адной з сустрэч С.М.Храмцоў прамовіў словы М.Лютэра: “Спакой — мацнейшы за эмоцыі… Абыякавасць — страшнейшая за вайну”. Сустрэчы навучэнцаў з народнымі выбраннікамі — гэта своеасаблівыя ўрокі патрыятызму і грамадзянскасці. Гэта ўрокі жыцця!
Беларусь на парозе найважнейшай грамадска-палітычнай падзеі — адзінага дня галасавання. Пра гэта мы гаворым з вучнямі на гадзінах інфармавання. У дзень электаральнай кампаніі я, безумоўна, аддам свой голас за стабільнасць і мір, каб нашы дзеці мелі магчымасць развівацца, ствараць і проста быць шчаслівымі ў краіне з паэтычнай назвай “Белая Русь”.