Жнівень багаты не толькі на ўраджай, але і на святы. Мядовы, яблычны, хлебны Спасы — святы, пранікнутыя верай, надзеяй на лепшае, любоўю да роднай зямлі, да працы чалавека. У нашым дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці педагагічныя работнікі выхоўваюць у малышоў любоў да роднага горада, павагу да чалавека працы, да народных традыцый.
Педагагічную дзейнасць будуюць на аснове інтэграванага падыходу, што дазваляе развіваць выхаванцаў у розных відах дзейнасці: пазнавальнай, маўленчай, гульнявой, музычнай, рухальнай, тэатральнай.
Да кожнай забавы педагагічныя работнікі падбіраюць даступны інфармацыйны і мастацкі матэрыял, карагодныя і рухавыя гульні, музычна-рытмічныя рухі, касцюмы і дэкарацыі.
Нашы выхаванцы 4—6 гадоў ведаюць народныя прыкметы аб надвор’і, прыказкі і прымаўкі, заклічкі і песні, якія адлюстроўваюць характар народных свят.
У сярэдзіне жніўня мы адзначылі мядовы Спас, дзе дзеці бліжэй пазнаёміліся з асаблівасцямі жыцця пчол, працай пчаляра і рознымі відамі мёду. На тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі створаны гульнявы модуль “Пчаліны вулей”, дзе размешчаны макеты вулея, дзіцячыя лаўкі, міні-клумбы з лекавымі раслінамі і раслінамі, з якіх пчолы збіраюць мёд.
Для кожнай забавы і кожнага мерапрыемства з дашкольнікамі мы ствараем адпаведныя ўмовы, якія дапамагаюць больш ярка і выразна забяспечыць адлюстраванне адпаведнай тэматыкі. Яшчэ ў жніўні нашых выхаванцаў чакае забава “Дажынкі”.
Вольга ПАЛУХІНА,
музычны кіраўнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава.